Ельцын не быў сябрам апазіцыі, а ўвесь час прапрацаваў у камуністычнай сістэме СССР. Ён прайшоў шлях ад першага сакратара абкома КПСС Свярдлоўскай вобласці да сябра Палітбюро СССР.
У 1987 годзе абвастрыліся ягоныя адносіны з кіраўнікамі партыі і краіны Міхаілам Гарбачовым і Ягорам Лігачовым. Ельцын крытыкаваў іх за павольныя тэмпы перабудовы, персанальна Гарбачова крытыкаваў за тое, што жонка аказвае на Гарбачова значны ўплыў у рашэннях.
Ельцын абвінаваціў Гарбачова таксама ў стварэнні культу асобы. Тым ня менш, пасля крытыкі таварышаў, Ельцын быў вымушаны адрачыся ад сваіх выказванняў. У 1989 годзе адбыўся шэраг дзіўных выпадкаў: Ельцын упаў з мосту ў раку (сам ён казаў, што яго скінулі). Каржакоў, былы ахоўнік Ельцына казаў, што Ельцын быў п’яны і сам упаў з мосту. Потым ягоны аўтамабіль сутыкнуўся з іншым, а ў красавіку 1989 года падчас ягонага неафіцыйнага візіту ў Іспанію, самалёт, на якім ляцеў Ельцын, патрапіў у аварыю.
У прэсе рэгулярна з’яўляліся артыкулы, дзе ўсе гэтыя падзеі ацэньваліся як акцыі, спланаваныя КДБ супраць незалежнага Ельцына.
У ліпені 1990 году на апошнім з’ездзе КПСС Ельцын моцна раскрытыкаваў Гарбачова і ў гэты раз заявіў аб сваім выхадзе з партыі. Гэты ўчынак вельмі моцна ўзняў аўтарытэт Ельцына.
12 чэрвеня 1991 году адбыліся выбары прэзідэнта РСФСР. Прыгадаю, што яшчэ існаваў СССР і прэзідэнтам краіны быў Міхаіл Гарбачоў, які быў выбраны ў 1990 годзе Вярхоўнай Радай СССР.
Пасада прэзідэнта РСФСР была ўведзена 17 сакавіка 1991 году на рэферэндуме. Сам Ельцын у той час займаў пасаду старшыні Вярхоўнай Рады РСФСР і пасада прэзідэнта ўводзілася пад яго.
Акрамя Ельцына за пасаду прэзідэнта змагаліся яшчэ 5 чалавек, у тым ліку славуты Уладзімір Жырыноўскі.
Ельцын, якому, як кажуць супрацьстаяла наменклатура, набраў 57% галасоў, ягоны супернік Мікалай Рыжкоў сябра Палітбюро, набраў толькі 16%.
Падчас сваёй інаўгурацыйнай прадмовы Ельцын сказаў: «Я з аптымізмам гляджу ў будучыню і гатовы да энергічных дзеянняў. Вялікая Расія падымаецца з кален! Мы абавязкова пераўтворым яе ў квітнеючую, дэмакратычную і суверэнную дзяржаву».
Нажаль, рэалізаваць гэтыя мэты першы прэзідэнт ня здолеў.
Павал Усаў