Яшчэ на пераломе мая і чэрвеня гідралагічная сітуацыя ў Польшчы была добрай. Эксперты ўпэўнена казалі, што засуха краіне не пагражае. Пад канец чэрвеня сітуацыя памянялася.
Пасля некалькіх спякотных дзён чуваць пра тое, што перспектыва засухі ўжо не за гарамі. Дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства «Польскія воды» Пшэмыслаў Даца пацвярджае, што такая перспектыва магчымая.
-Пачнем яшчэ з мінулага году. Спачатку восенню былі інтэнсіўныя ападкі, нават можна сказаць рэкордныя. Нават былі пагрозы лакальных паводак. Гэта напэўна ўплывала на водны баланс. Потым нарэшце прыйшла сапраўдная зіма з вялікай колькасцю снегу, у прынцыпе на тэрыторыі ўсёй Польшчы. Далей былі веснавыя дажджы. Усё гэта палепшыла водны баланс. Цяпер нельга выключыць, што праз некалькі месяцаў у некаторых рэгіёнах Польшчы, асабліва ў цэнтральнай частцы, будзе адчувацца засуха і недахоп вады. Асаблівым чынам гэта тычыцца сельскай гаспадаркі.
Пшэмыслаў Даца кажа, што яшчэ на пачатку месяца ў некаторых месцах Польшчы, як на Одры, падымалася трывога, некаторыя мясцовасці былі залітыя вадой. Цяпер у гэтых месцах вада знаходзіцца ніжэй за норму. Паводле дырэктара Дацы, гэта паказвае, што Польшча не ў стане затрымаць дажджавую ваду. Краіна павінна затрымліваць 15% гадавых ападкаў.
-У дадзены момант мы знаходзімся на амаль 7%. З вясны 2000 году нам удалося ўпершыню за 30 гадоў павялічыць затрыманне вады галоўным чынам на сельскагаспадарчых тэрыторыях. Напрамак выбраны добры. Каб дасягнуць 15% – гэта не толькі затрымліванне на лакальным узроўні. Гэта павінны быць вельмі шырокія захады. Павінны быць вялікія вадасховішчы, якія будуюць іспанцы, французы, агулам цэлая Еўропа. Яны зрабілі гэта ў часы, калі мы мелі заняпад у воднай гаспадарцы. Дзякуючы гэтаму статыстычна яны маюць утрая больш вады.
Адначасова Пшэмыслаў Даца кажа, што не павінна быць боязі за сёлетні ўраджай. Для сельскай гаспадаркі самымі істотнымі з’яўляюцца першыя месяцы вегетацыі – красавік-май. Засуха ў наступных месяцах не павінна празмерна адбіцца на сельскай гаспадарцы.
-Мы не маем уплыву на метэаралагічныя ўмовы. Гэта вельмі складаны працэс. Цяжка прагназаваць, што будзе праз месяц, два, тры. Паглядзім, што будзе ў другой палове году. Нагадаю, што цяпер засухі і паводкі чаргуюцца ўсё часцей.
Экстрэмальныя з’явы паяўляюцца ўсё часцей. Трэба ўсё часцей і ўсё дакладней звяртаць увагу на водную гаспадарку.
ав