Большасць ведае, што без пчол на планеце няма жыцця. Аднак не ўсе ведаюць, што гадаваць іх можна і за межамі традыцыйнага вулля. Бортнікі, якія змяшчаюць пчол у спецыяльна выдзеўбаных дуплах дрэў, вяртаюцца з забыцця. Пра гэта сведчаць дзясяткі брацтваў, якія прапагандуюць лясное пчалярства. А традыцыйнага пчалярства з Польшчы і Беларусі ўключана ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Пётр Піласевіч заснаваў брацтва бортнікаў у Аўгустоўскай пушчы. Гэта дзякуючы яго намаганням пад канец 2020 году традыцыя бортніцтва з Польшчы і Беларусі была ўнесена ў сусветны спіс спадчыны ЮНЕСКА. Сама ідэя нарадзілася ў 2014 годзе, калі бортнікі з Аўгустоўскай пушчы пазнаёміліся з беларускімі калегамі. Паводле Пятра Піласевіча, бортніцтва з’яўляецца элементам спадчыны, які спалучае польскі і беларускі народ. Гэта спадчына народаў даўняй Рэчы Паспалітай.
Піласевіч расказвае, што ў Польшчы запрашалі экспертаў з далёкай Азіі, каб яны навучылі палякаў развіваць лясное пчалярства, а потым аказалася, што літаральна за польскай мяжой, у Беларусі, бортніцтва развіваецца з давен даўна.
-У поўнай форме традыцыя захавалася менавіта на тэрыторыі палескіх балотаў, у беларускай правінцыі. Там можна знайсці сотні чалавек, якія з пакалення ў пакаленне займаюцца пчалярствам у пнях. Часта гэта людзі, у якіх ёсць 20,30, а нават 50 пнёў у лесе, якія засталіся ім ад бацькі ці дзеда. Гэта быў апошні момант, каб гэтую традыцыю захаваць. Паколькі беларуская правінцыя вымірае, моладзь не бачыць перспектываў, каб заставацца ў родных вёсках. Спадзяюся, што бортніцтва ў яго шырэйшай перспектыве дасць ім нейкую надзею і пакажа, што яны могуць ствараць непаўторныя ў сусветным маштабе прадукты. Што гэта дапаможа ім звязваць сваю будучыню са сваёй малой айчынай.
Да XIX стагоддзя бортніцтва было найбольш распаўсюджаным відам пчалярства на тэрыторыі колішняй Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага. 17 снежня 2020 года Міжурадавы камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА вырашыў уключыць сумесную намінацыю Беларусі і Польшчы «Культура бортніцтва» ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.
Борць – гэта вулей, зроблены ў ствале жывога дрэва – расказвае Пётр Піласевіч. Борць размяшчаюць высока на дрэве. Чаму?
-Прычына – вельмі простая. Пчала жыве на свеце крыху даўжэй, чым чалавек. Лічыцца, што гэта 120 млн гадоў. За гэты час яна не на шмат змянілася і памяняла свае звычкі. Пчолы заўсёды выбіралі для гнездавання месцы высока на дрэвах. Там пчолы адчуваюць сябе бяспечна, там таксама адпаведная вільготнасць для развіцця пчалінай сям’і. Гэта чалавек апусціў пчалу на зямлю, каб яму было лягчэй з ёй працаваць. Аднак розніца вельмі істотная. Ёсць велізарны шанец, што ў борць на дрэве пчаліная сям’я прыляціць сама. Мы не павінны самастойна засяляць такое дупло. Мы робім вуллі-калоды на дрэве, бо ў сучасным лесе пчала не знойдзе месца для гнездавання. Цяпер дрэвы не дажываюць да такога ўзросту, каб у іх ствараліся натуральныя дуплы, адпаведныя для пчол. Такіх дрэваў у нашых лясах вельмі мала. І тут на дапамогу прыходзяць бортнікі.
Адрозніваецца не толькі спосаб вырошчвання пчолаў, але істотная розніца ёсць таксама ў смаку мёду і яго якасці – дадае бортнік.
-Лясны мёд не зроблены паводле ніводнай нормы, якая гаворыць пра ўтрыманне пыльцы. У Польшчы мёд класіфікуецца з увагі на ўтрыманне пыльцы. Мёд з борцяў вымаецца ў палове верасня. Гэта перамешаны мёд з цэлага сезону. І ў ім адлюстроўваецца ўсё багацце смакаў. Акрамя таго, ён перамешваецца з эфірнымі алеямі хвоі, паколькі нашыя борці мы выконваем пераважна ў хвоі. Атрымліваецца сапраўды неверагодны смак. Да гэтага даходзяць праполіс і пярга, якія таксама ўплываюць на смак мёду. Ён такі крыху кіславаты.
Бортніцтва – гэта хобі, якое не абгоніць традыцыйнае пчалярства. Аднак, важнае, каб захаваць векавую традыцыю і згоду з натурай. Усё ж галоўнымі героямі застаюцца пчолы, якія свой дзень адзначаюць 8 жніўня.
У такія дні прынята казаць, што без пчолаў не будзе і жыцця. Менавіта ім мы абавязаны вытворчасці 1/3 прадуктаў харчавання ў свеце. Гэтыя карысныя насякомыя апыляюць 77% відаў раслін, з якіх вырабляюцца харчовыя прадукты расліннага паходжання. Без пчол чалавецтва загіне.
Мяркуецца, што калі пчолы вымруць, людзі памруць праз 4 гады пасля іх.
ав