Беларуская Служба

Польскаму інтэрнэту споўнілася 30 гадоў

20.08.2021 16:36
Інтэрнэт быў створаны ў 1980 гадах для ўнутраных патрэб Еўрапейскай арганізацыі ядзерных даследаванняў са штаб-кватэрай у Швейцарыі.
Аўдыё
  • Польскаму інтэрнэту споўнілася 30 гадоў
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com/JP WALLET

Сёння цяжка ўявіць жыццё без інтэрнэту. А адно з найвялікшых дасягненняў цывілізацыі з’явілася не так даўно – на днях у Польшчы адзначылі 30-годдзе з’яўлення інтэрнэту. Кароткая гісторыя польскага сеціва – у гістарычнай рубрыцы.

20 снежня 1991 году першыя польскія камп’ютары былі падключаныя да інтэрнэту. Яны знаходзіліся ў Варшаве, Кракаве, Торуні і Катавіцэ. Крыху раней, у верасні 1991 году, супрацоўнік Фізічнага факультэту Варшаўскага ўніверсітэту Рафал Петрак выслаў электронны ліст у Данію, гаворыць Рафал Бранікоўскі з варшаўскага Музею тэхнікі і прамысловасці.

Рафал Бранікоўскі: 1991 год, 17 верасня: першы электронны ліст высланы з Фізічнага факультэту Варшаўскага ўніверсітэту калегам у Капенгаген – еўрапейскія фізікі такім чынам усталёўваюць кантакты. Гэтую дату пачатку інтэрнэту можна назваць прыкладнай, паколькі раней Польшча ўжо мела доступ да сеціва. Праўда, гэта не быў тыповы інтэрнэт – гэта быў фіданэт – міжнародная аматарская камп’ютарная сетка. А яшчэ крыху раней вышэйшыя навучальныя ўстановы былі аб’яднаныя ва ўніверсітэцкія сеткі. Крыху пазней, у 1996 годзе, кампанія «Польская тэлекамунікацыя» ўводзіць нумар, праз які можна спалучыцца з інтэрнэтам. І з таго моманту кожны ўжо мог увайсці ў сеціва. Тады гадзіна спалучэння з інтэрнэтам каштавала 5 злотых (паводле тагачасных цэнаў – прыкладна 1 долар 50 цэнтаў – рэд.)

Інтэрнэт быў створаны ў 1980 гадах для ўнутраных патрэб Еўрапейскай арганізацыі ядзерных даследаванняў са штаб-кватэрай у Швейцарыі. Хоць існуе іншая версія, што інтэрнэт – гэта вынаходніцтва амерыканскіх ваенных. Першая камерцыйная фірма з’явілася анлайн у 1991 годзе. Тады ж і Польшча падключылася да інтэрнэту. Як бачна, краіна не адставала ад Еўропы ў прасоўванні згаданай сучаснай тэхналогіі.

Старт інтэрнэту ў Польшчы не быў дарагім – паводле сённяшніх цэнаў каштаваў прыкладна 10 тыс. еўра. Менавіта такую суму атрымалі ў якасці датацыі на развіццё інтэрнэту навукоўцы з Варшаўскага ўніверсітэту. Мэта была адна – спалучыць праз камп’ютары некалькі польскіх ВНУ з замежнымі ўніверсітэтамі.

Цікавы факт: у 1992 годзе ў краіне налічвалася 2 тыс. інтэрнэт-карыстальнікаў. Да 1994 году польскі інтэрнэт быў амаль што выключна ўніверсітэцкай сеткай.

У 1995 годзе ў Гданьскім палітэхнічным універсітэце чацвёра маладых навукоўцаў стварылі каталог сайтаў, які даў пачатак актуальна аднаму з буйнейшых польскіх рэсурсаў Wirtualna Polska. У 1999 годзе ў сеціве з’явілася першая польская віртуальная кнігарня, а пад канец таго ж году – першая аўкцыённая пляцоўка, цяпер – буйны гандлёвы партал Allegro. Годам раней, у 1998 годзе, адзін з банкаў увёў магчымасць праверкі кліентамі рахунку праз інтэрнэт.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл


Больш на гэтую тэму: Машына часу