Калектыўны імунітэт да COVID-19 у Ганконгу стаў недасягальным, паколькі варыянт «Дэльта» каранавіруса можа перадавацца таксама прывітымі асобамі. Гэта, у сваю чаргу, падымае неабходны ўзровень вакцынацыі да нерэальнага ўзроўню, ацаніў у сераду мікрабіёлаг Юэн Квок-юнг.
Спачатку эксперты лічылі, што насельніцтва будзе ахопленае калектыўным імунітэтам, калі 70% жыхароў прышчапіцца прэпаратам Pfizer/BioNTech, эфектыўнасць якога ў выпадку першапачатковага тыпу віруса ацэньвалася ў 95%.
З-за варыянту «Дэльта» працэнт неабходнай для калектыўнага імунітэту вакцынацыі вырас да 97,4%, лічыць каманда даследчыкаў з Ганконгскага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам Юэна Квок-юнга. Паводле іх, улічваючы факт, што ў Ганконгу таксама выкарыстоўваецца вакцына кітайскай кампаніі Sinovac, якая менш эфектыўная, узровень вакцынацыі павінен скласці 142,9%, што немагчыма.
«Узровень прывітых большы за 100 працэнтаў здаецца нелагічным, але гэта паказвае, што калі вірус будзе працягваць мутаваць і станавіцца больш заразным, зніжаючы эфектыўнасць вакцынаў, дасягненне калектыўнага імунітэту стане нерэальным», – лічаць навукоўцы.
Тым ня менш, паводле іх, трэба прывіць як найбольш людзей, каб пазбегнуць цяжкіх выпадкаў захворвання і смерці.
Паводле навукоўцаў, сучасныя вакцыны могуць прадухіліць ускладненні і смяротныя сыходы, але яны не спыняць перадачу віруса, таму варта працягваць насіць маскі.
PAP/аз