За гады сваёй працы кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэту падрыхтавала шмат спецыялістаў, якія працуюць у сферы навукі, камунікацый, культуры. Ёсць шырокія навуковыя і асабістыя кантакты, расказвае кіраўнік кафедры беларусістыкі Радаслаў Калета.
– Хочам паказаць Беларусь не толькі з палітычнага боку, Паказаць яе мову, культуру, гісторыю. Каб не толькі палякі, але палякі асабліва, маглі атрымаць сапраўдную інфармацыю пра тое, што ёсць не толькі пратэсты і крызіс на мяжы. А ёсць пісьменнікі, якія пісалі і пішуць цікавыя творы, ёсць мова, цікавая культура, у інтэрнэце развіваецца актыўна культурнае поле. Я разумею, што ў такой сітуацыі – цяжкая задача гаварыць не пра палітыку. Але мы – навуковая адзінка.
На жаль, падзеі апошняга года паставілі на паўзу ўсе дамоўленасці і планы. Але кіраўнік кафедры беларусістыкі Радаслаў Калета спадзяецца, што ўсё захаваецца. І людзі, якія працуюць па розныя бакі геапалітычных межаў, змогуць дзяліцца досведам і папулярызаваць беларусістыку.
– Зразумела, усе гэтыя праекты чакаюць лепшых часоў. Мы былі і застаемся ў кантакце з нашымі сябрамі, якія былі і засталіся працаваць у Беларусі. Я не магу спыніць гэтыя кантакты толькі таму, што цяпер такая палітычная сітуацыя. Гэтыя людзі робяць сваю справу, а не займаюцца палітыкай.
Цяпер у Варшаве знаходзіцца вялікая колькасць беларусаў, у тым ліку з культурніцкага асяродку. Штотыдзень праходзяць сустрэчы, дзе можна пачуць дыскусіі, музыку, завітаць на танцавальную вечарыну. Для тых, хто вучыцца на беларусістыцы, гэта выдатная магчымасць камунікацый і пазнання беларускай культуры.
– Мы не можам паехаць у Беларусь, а Беларусь прыехала да нас у Варшаву. І кажу студэнтам карыстацца такой сітуацыяй, хаця і прычыны гэтага не вельмі станоўчыя. Але раз беларусы ў Варшаве, то можна хадзіць на культурныя імпрэзы, сябраваць з беларусамі, дапамагаць ім знайсці сваё месца ў Варшаве ці ў Польшчы.
У 1950-ыя гады ініцыятарам, арганізатарам і шматгадовым загадчыкам кафедры была прафесар, доктар габілітаваны Антаніна Абрэбска-Яблонска – славістка, аўтар шматлікіх прац у галіне славянскага мовазнаўства.
Эльжбета Смулкова, мовазнаўца, славістка і беларусазнаўца, былы пасол Польшчы ў Беларусі, супрацоўнічала з кафедрай беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэту ад яе заснавання ў 1956 годзе, а пазней і ўзначальвала працу кафедры. Спадарыня Смулкова згадвае, што ад пачатку на кафедры працавала не шмат людзей. Спачатку дапамагалі філолагі з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту – Бірыла і Тарасаў.
– Быў вельмі інтэнсіўны час. Я вучылася ва ўніверсітэце імя Каперніка і кожны тыдзень прыязджала сюды на заняткі на кафедру беларускай філалогіі. Потым пачалі працаваць на кафедры беларускай філалогіі. Першыя выкладчыкі – Аляксандр Баршчэўскі, Лідзія Базылюк.
Доктар Ніна Баршчэўская доўгі час кіравала працай кафедры беларусістыкі. Яна зрабіла акцэнт на развіццё інстытуцыянальных кантактаў кафедры і навуковае развіццё супрацоўнікаў.
Ніна Баршчэўская кажа, што пасля таго, як Беларусь стала незалежнай дзяржавай, цікаўнасць да беларусістыкі павялічылася. Бо людзі разумелі, што будуць патрэбныя спецыялісты, якія могуць дапамагаць у міждзяржаўных кантактах, могуць дапамагаць у пашырэнні культур, наладжванні кантактаў.
– Трэба сказаць, што спачатку было працаваць больш лёгка. А, калі была абвешчана незалежнасць Беларусі, беларускай мовай, беларусістыкай і самой Беларуссю зацікавілася польская моладзь. Вельмі часта маладыя людзі мелі беларускія карані, знаёмых у Беларусі, з чаго вынікала зацікаўленне. Але былі і тых, хто разумелі, што ўзнікла за польскай мяжой самастойная дзяржава і будуць патрэбныя перакладчыкі, людзі, якія будуць шмат ведаць пра Беларусь, валодаюць мовай. Таму адразу змяніўся метад навучання – многіх трэба было вучыць ад пачатку, ад літар. Пяць год – гэта мінімум які трэба, каб свабодна авалодаць беларускай мовай, быць своеасаблівым амбасадарам беларускай культуры ў Польшчы.
Да слова, спадарыня Ніна Баршчэўская таксама шмат год была кіраўніцай Беларускай службы польскага радыё.
Першымі студэнтамі кафедры беларусістыкі былі настаўнікі з Беласточчыны. Цяпер жа беларускую мову і культуру вывучаюць у Варшаўскім універсітэце людзі з розных краін, з розных рэгіёнаў Польшчы.
вх