Беларуская Служба

Генерал Тадэвуш Развадоўскі – галоўны стратэг Варшаўскай бітвы (ФОТА)

22.10.2021 19:37
Генерал лічыцца галоўным стратэгам бітвы, якая стала лёсавызначальнай у перамозе палякаў у польска-бальшавіцкай вайне.
Аўдыё
  • Генерал Тадэвуш Развадоўскі – галоўны стратэг Варшаўскай бітвы
Tadeusz Rozwadowski w roku 1918 rozpoczął organizowanie centralnych instytucji wojskowych oraz nowych oddziałów Wojska Polskiego, w tym samym roku poróżnił się z Piłsudskim
Tadeusz Rozwadowski w roku 1918 rozpoczął organizowanie centralnych instytucji wojskowych oraz nowych oddziałów Wojska Polskiego, w tym samym roku poróżnił się z PiłsudskimPAP/CAF-reprodukcja

Сёння ў гістарычнай рубрыцы пазнаёмім з постаццю, якая ў гісторыі Польшчы адыграла важную ролю, перш за ўсё ў станаўленні краіны пасля Першай сусветнай вайны. Гэта генерал Тадэвуш Развадоўскі, які лічыцца галоўным стратэгам Варшаўскай бітвы, што стала лёсавызначальнай у перамозе палякаў у польска-бальшавіцкай вайне.

18 кастрычніка 1928 года памёр генерал зброі (generał broni – pol; паводле беларускай наменклатуры – генерал-палкоўнік) Тадэвуш Развадоўскі. Поўнае імя нашага сённяшняга героя – Тадэвуш Самуэль Шыман Ёрдан Развадоўскі (Tadeusz Samuel Szymon Jordan Rozwadowski). Дарэчы, ён быў не толькі польскім военачальнікам: у арміі Аўстра-Венгерскай Імперыі Развадоўскі даслужыўся да чыну фельдмаршала-лейтэнанта.


Фельдмаршал-лейтэнант Аўстра-Венгрыі Тадэвуш Развадоўскі; фота: Brüder Schuhmann/Ludwig Schuhmann, 1918 год, public domain Фельдмаршал-лейтэнант Аўстра-Венгрыі Тадэвуш Развадоўскі; фота: Brüder Schuhmann/Ludwig Schuhmann, 1918 год, public domain

Нарадзіўся Развадоўскі ў 1866 годзе ў маёнтку на тэрыторыі сучаснай Івана-Франкоўскай вобласці Украіны ў сям’і з вайсковымі традыцыямі. Тады гэта была тэрыторыя Аўстра-Венгерскай Імперыі. Пасля заканчэння Венскай Імператарскай і Каралеўскай ваенна-тэхнічнай акадэміі ў 1886 годзе паступіў на службу ў армію Аўстра-Венгрыі, дзе да Першай сусветнай вайны даслужыўся да звання генерал-маёра.

Генерал Развадоўскі распрацаваў план каардынацыі дзеянняў пяхоты і артылерыі, у выніку чаго аўстрыйцам удалося спыніць наступленне частак Расійскай імператарскай арміі, за што ён быў павышаны да звання фельдмаршала. У 1916 годзе аўстра-венгерскае камандаванне адправіла Развадоўскага ў адстаўку за яго кантакты з польскай Рэгенцыйнай радай і за тое, што асуджаў рэпрэсіі супраць польскага насельніцтва ў раёне ваенных дзеянняў.

З 1918 года – у адроджаным Войску Польскім. Будучы начальнікам Генеральнага штаба адыграў важную ролю ў польска-ўкраінскай вайне, але перш за ўсё – у вайне з бальшавікамі.


Польскія генералы за сталом (злева направа): Уладзімеж Загурскі, Уладзіслаў Сікорскі і Тадэвуш Развадоўскі, 1925 год; фота: Нацыянальная бібліятэка Польшчы/public domain Польскія генералы за сталом (злева направа): Уладзімеж Загурскі, Уладзіслаў Сікорскі і Тадэвуш Развадоўскі, 1925 год; фота: Нацыянальная бібліятэка Польшчы/public domain

Постаці генерала Тадэвуша Развадоўскага прысвячаліся таксама перадачы Польскага радыё. Вашай увазе – фрагмент гістарычнай рубрыкі, прысвечанай менавіта Развадоўскаму. Гаворыць журналіст Польскага радыё і аўтар гістарычных перадач Анджэй Сова. Перадача Польскага радыё з 2002 года.

- Генерал Тадэвуш Развадоўскі – начальнік Генштаба Войска Польскага падчас вайны з бальшавікамі 1920 года. Гаварылася, што менавіта ён распрацаваў план контрнаступлення падчас Варшаўскай бітвы – прынамсі так сцвярджалі праціўнікі Юзэфа Пілсудскага. Маршал Пілсудскі пазней расказваў, чаму прызначыў Развадоўскага начальнікам Генштаба. «Не таму, што ён быў найлепшым сярод генералаў... Але ён адрозніваўся сярод генералітэту, асабліва старых генералаў, бо ніколі не траціў сілы духа, маралі, энергіі і верыў у нашу перамогу».

Ужо ў мірны час Развадоўскі служыў Генеральным інспектарам кавалерыі Войска Польскага, быў адным з распрацоўшчыкаў рэформы кавалерыйскіх войск.


Генерал зброі (генерал-палкоўнік) Тадэвуш Развадоўскі, 1920-я гады; фота: Нацыянальны архіў Польшчы/public domain Генерал зброі (генерал-палкоўнік) Тадэвуш Развадоўскі, 1920-я гады; фота: Нацыянальны архіў Польшчы/public domain

У маі 1926 годзе, калі маршал Юзэф Пілсудскі здзейсніў дзяржаўны пераварот з мэтай звяржэння легальна выбранага ўрада краіны, генерал Развадоўскі не далучыўся да мяцежнікаў і ўзначаліў войскі, лаяльныя Кабінету міністраў і прэзідэнту Польшчы. Як вядома, пераварот Пілсудскага ўдаўся, і пасля яго адносна афіцэраў, якія былі лаяльнымі прэзідэнту і ўраду, пачаліся рэпрэсіі, пад якія трапіў таксама генерал Тадэвуш Развадоўскі.

Яго арыштавалі і пасадзілі ў турму, вызваліўшы толькі праз год – у маі 1927-га. Турма пахіснула здароўе военачальніка, і неўзабаве, 18 кастрычніка 1928 года, ён памёр. Генерала Развадоўскага пахавалі на львоўскіх Лычакоўскіх могілках побач з яго падначаленымі, згодна з апошняй просьбай афіцэра.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу