Беларуская Служба

Найбольш вядомым польскім могілкам споўніўся 231 год

05.11.2021 18:00
На сённяшні дзень Павонзкаўскія могілкі – гэта найбольш прэстыжны сталічны і ўвогуле ў краіне некропаль. 
Аўдыё
  • Найбольш вядомым польскім могілкам споўніўся 231 год
Groby na Powązkach
Groby na Powązkachshutterstock.com/Jaroslaw Kurek

Нядаўна ў Польшчы адзначаўся дзень Усіх святых. 1 лістапада палякі ідуць на могілкі, каб запаліць знічы на магілах блізкіх людзей ды іх памянуць. А найбольш вядомымі варшаўскімі і ўвогуле польскімі могілкамі з’яўляюцца «Павонзкі». Некропаль таксама называюць Павонзкаўскімі могілкамі.

«Павонзкі» – вельмі старыя могілкі. 4 лістапада ім споўніўся 231 год. Некропаль быў заснаваны ў 1790 годзе.

«Айчына – гэта зямля і магілы. Народы, якія трацяць памяць, губляюць жыццё», – казаў вядомы французскі военачальнік, маршал Фердынанд Фош. Гэтыя словы маюць вельмі глыбокі сэнс, таму што могілкі і магілы з’яўляюцца адлюстраваннем гісторыі народу.
У Польшчы такім адлюстраваннем могуць быць менавіта Павонзкаўскія могілкі. Тэрыторыя «Павонзак» была вызначаная ў лістападзе 1790 года на зямлі, якую ў карыстанне гораду перадала багатая сям’я Шыманоўскіх. Асвечаны ж каталіцкім касцёлам некропаль быў 20 мая 1792 года.

У той жа дзень быў закладзены краевугольны камень пад будучы фундамент касцёла Карла Барамея – італьянскага кардынала з другой паловы 16-га стагоддзя, які каталіцкім касцёлам быў уведзены ў лік святых. Аўтарам праекту выступіў каралеўскі архітэктар Дамініка Мерліні. Дарэчы, касцёл захаваўся па сённяшні дзень у ідэальным стане. Пад касцёлам знаходзяцца катакомбы, у якіх пахаваныя вядомыя палякі: князь Міхал Панятоўскі, дзяржаўны дзеяч Гуга Калантай, сам архітэктар Дамініка Мерліні і нараджэнец Беларусі, вядомы спявак Часлаў Немэн і іншыя славутыя постаці.

Дарэчы, цягам дзясяткаў гадоў «Павонзкі» былі адзінымі могілкамі ў Варшаве, таму хавалі тут як звычайных людзей, так і вядомых ды багатых. На сённяшні дзень Павонзкаўскія могілкі – гэта найбольш прэстыжны сталічны і ўвогуле ў краіне некропаль. А ёсць таксама месца, адведзенае для пахавання вядомых жыхароў дзяржавы – называецца яно Алея заслужаных. Першыя пахаванні ўздоўж алеі адбыліся ў 1925 годзе. А першым палякам, які быў пахаваны на алеі, быў вядомы пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры Уладзіслаў Рэймант. Цяпер Алея заслужаных – гэта месца спачыну вядомых пісьменнікаў, музыкантаў, кампазітараў, акцёраў, грамадскіх і палітычных дзеячаў.

Першапачаткова могілкі займалі паверхню ў 2 га, цяпер іх плошча – 43 га. У 1974 годзе быў створаны Грамадскі камітэт ратавання старых «Павонзак». Яго заснавальнікам і рухавіком ажно да смерці ў 1999 годзе быў Ежы Вальдорф – вядомы польскі пісьменнік, журналіст, музыколаг і грамадскі дзеяч. З таго моманту ажно па сённяшні дзень вядомыя палякі штогод выходзяць на квест 1 лістапада, падчас якога на Павонзках збіраюць грошы сярод наведвальнікаў могілак. Сабраныя фінансавыя сродкі прызначаюцца на рэстаўрацыю старых помнікаў і намагільных плітаў, якія ўяўляюць гістарычную і архітэктурную каштоўнасць.

вс

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу