Беларуская Служба

Эколагі хочуць забароны продажу жывой рыбы перад Калядамі

06.12.2021 11:35
Праблема актуальная штогод, паколькі карп – гэта адна з традыцыйных страў на вігілійным стале палякаў.
КарпDanielWanke/pixabay.com/CC0

Карпы з’яўляюцца прыкладам жывёлы, у дачыненні да якіх закон у калядны перыяд парушаецца масава – б’юць трывогу абаронцы правоў жывёлы.

Штогод экалагічныя арганізацыі праводзяць інфармацыйныя кампаніі, інфармуючы пра пакуты рыбы. З году ў год можна заўважыць змену ў стаўленні, але ўсё ж надалей многія спачуваюць цярпенню сабак, але рыбы ўжо не. Тымчасам навукоўцы нагадваюць, што рыба – такая ж самая пазваночная жывёла як сабака ці кот.

У выніку шматгадовых заклікай і просьбаў, большасць буйных гандлёвых сетак Польшчы не прадае жывых карпаў перад Калядамі. Цяпер абаронцы жывёлы хочуць забароны на продаж жывога карпа на рынках. Такія звароты былі накіраваныя да ўладаў многіх польскіх гарадоў.

Абаронцы правоў жывёлы падкрэсліваюць, што на базарах рыбу трымаюць у кепскіх умовах. Мальвіна Маліноўская з фонду Viva!, які займаецца абаронаю правоў жывёлы, нагадвае, што пакупка жывой рыбы – гэта састарэлая і негуманная традыцыя. Жывых карпаў пачалі масава прадаваць у Польшчы ў 50-я гады мінулага стагоддзя. Такая форма продажу, больш танная і зручная калісьці, паводле эколагаў, не павінна працягвацца ў дваццаць першым стагоддзі. Купляючы жывога карпа ў краме, мы расцягваем у часе яго цярпенне.

-Няма патрэбы купляць жывую рыбу. Калі нехта хоча з’есці гэтую рыбу, то можа купіць яе гатовую ў краме. Мы не мусім прымаць штогадовы ўдзел у цярпенні карпаў. Таму мы выступілі з такой заявай.

Аляксандра Філіпяк, валанцёр фонду Viva! з Познані, звяртае ўвагу, што закон ёсць, але ён не заўсёды выконваецца.

-Мы звяртаем увагу, што гаворка ідзе пра продаж жывой рыбы. Людзі купляюць мяса, купляюць таксама мяса рыбы. Гэта немагчыма забараніць. Справа ў тым, каб не прадаваць жывую рыбу, каб людзі потым былі вымушаныя самыя яе забіваць. У крамах таксама ніхто не сочыць, ці найперш рыбу аглушваюць, ці яе забіваюць гуманны. Рэчаіснасць вельмі адрозніваецца ад таго, што прадугледжваюць законы. Нягледзячы на патрабаванні закону аб ахове жывёлы, што нельга здзеквацца, бо гэта злачынства. Таму забарона была б найбольш эфектнай. Больш таго, 86% польскага грамадства не хоча ў Польшчы продажу жывой рыбы.

Мальвіна Маліноўская расказвае, што азначае негуманнае стаўленне да рыбы:

-Штогод на рынках мы сутыкаемся з такімі жа самымі праблемамі: празмерна мала вады ў пакетах, ці ўвогуле пакеты без вады. Рыба параненыя, яе хапаюць за жабры, то бок за найбольш далікатнае месца. А гэта здзекванне над рыбамі. Поўныя скрыні жывой рыбы без вады. Гэта штодзённасць на рынках у лістападзе і снежні. Мы не хочам, каб святы атаесамляліся з відам карпаў, якія церпяць.

Адначасова трэба дадаць, што сітуацыя на працягу апошніх гадоў палепшылася. Свядомасць спажыўцоў значна вырасла. У выніку штогадовай адукацыі вялікія гандлёвыя сеткі перасталі прадаваць жывую рыбу. Паводле абаронцаў правоў жывёлы, цяперашнія законы надалей недастатковыя.

-Чарговым крокам пасля супермаркетаў, якія ўжо адмовіліся ад гандлю жывой рыбай, павінны быць гарадскія базары, а таксама невялікія крамы, каб таксама ўвялі такую забарону, – гаворыць Мальвіна Маліноўска.

Абаронцы жывёлы рэкамендуюць купляць карпа ў філе, а апроч таго не паводзіць сябе пасіўна і інфармаваць адпаведныя службы аб выпадках парушэнняў закону гандлёвымі пляцоўкамі – каб прадаваць жывую рыбу. Паводле польскага заканадаўства, нельга перавозіць карпа ў пакетах без вады. Ёсць нават рашэнне Вярхоўнага суду са снежня 2016 году, якое адмяняе ўсе папярэднія рашэнні, які не знаходзілі складу злачынства ў выпадках, калі жывых карпаў перавозілі без вады. Вярхоўны суд сцвердзіў адназначна: рыба павінна знаходзіцца ў вадзе.

Карпаў вельмі часта забіваюць у прысутнасці дзяцей. А закон гаворыць, што забойства пазваночнай жывёлы ў прысутнасці дзяцей з'яўляецца злачынствам.


ав

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце