Беларуская Служба

Памяці Уладзіміра Паца

18.12.2021 08:00
Вельмі прыкра, што з намі больш не будзе такога добрага чалавека і адданага журналіста.
Аўдыё
Włodzimierz Pac
Włodzimierz PacPolskie Radio/ Archiwum prywatne Włodzimierza Paca

10 снежня ва ўзросце 54 гадоў з жыцця пайшоў Уладзімір Пац – наш добры калега, карэспандэнт Польскага радыё ў Беларусі. У яго засталіся жонка і двое дзяцей.

У 1992 годзе Уладзімір Пац пачаў сваю кар’еру на радыё менавіта з працы ў Беларускай службе Польскага радыё, з якой быў звязаны літаральна да апошняга.

Галоўная рэдактарка нашай службы Яланта Смялоўская ведае Уладзіміра Паца з таго часу:

- Мы пазнаёміліся ў 1992 годзе, калі паўстала Беларуская служба Польскага радыё. Яму падабалася журналістыка, яму падабалася Беларусь. Калі толькі з’явілася такая магчымасць – ён адразу стаў карэспандэнтам Польскага радыё ў Мінску.

Я была пад вялікім уражаннем ад памяці Валодзі. Ён заўжды дасканала памятаў  прозвішчы ўсіх дзеячаў, ведаў і памятаў пра іх усе падрабязнасці – хто каго любіць ці не любіць. А самаго Валодзю любілі ўсе. У яго было шмат сяброў, яны былі паўсюль – у Варшвае, Беластоку, Мінску, Брэсце і Гродне.

Аб тым, што Валодзя ўмеў гаварыць з людзьмі, сведчыць той факт, што пасля выбараў 2020 года ён быў адзіным карэспандэнтам замежных СМІ, які прайшоў перарэгістрацыю ў МЗС Беларусі.

Валодзя заўжды ўсміхаўся. Калі ён прыязджаў у Варшаву і прыходзіў на Польскае радыё, заўжды завітваў да нас у рэдакцыю, прыносіў беларускія прысмакі. Яго смерць – гэта страшная нечаканасць для нас. Вельмі прыкра, што з намі больш не будзе такога добрага чалавека і адданага журналіста.

Асабістыя якасці Уладзіміра Паца, напэўна, дапамагалі яму ў працы замежнага карэспандэнта ў складаных умовах беларускай рэчаіснасці. Дзякуючы сваёй дабрыні, Уладзімір Пац ніколі не губляў пазітыўнага настрою. Пра гэта ўзгадвае Наталля Грышкевіч, якая ведала Уладзіміра на працягу амаль 30 гадоў:

- Калі мы былі студэнтамі, менавіта Валодзя запрасіў мяне на радыё паглядзець, як ён рыхтуе навіны ў Беларускай рэдакцыі. І для мяне, і для маіх калегаў, яго смерць – гэта шок, бо ён заўжды выглядаў як волат, заўжды быў гатовы дапамагчы. У маёй памяці ён застанецца разважлівым і спакойным чалавека.(...)

За сваю доўгую працу ў Мінску Уладзімір Пац цалкам інтэграваўся ў асяроддзе беларускіх грамадскіх дзеячаў, журналістаў, мастакоў і тамтэйшых палітыкаў, пра гэта ўзгадвае колішні міністр культуры, а цяпер кіраўнік НАУ Павел Латушка:

- Я заўсёды лічыў яго чалавекам, які ў сваёй журналісцкай справе быў адкрытым, пазітыўным, стараўся гаварыць праўду аб тым, што адбываецца ў Беларусі. Як журналіст, ён, вядома, рызыкаваў. Умовы, у якіх ён працаваў, вельмі цяжкія. Больш за 500 журналістаў у Беларусі спазналі рэпрэсіі, многія знаходзяцца ў турме. Але, нягледзячы на гэта, ён працягваў сваю вельмі важную працу, і яго голас быў чутны.

Як узгадавалася раней, Уладзімір Пац меў шмат сяброў у розных мясцінах Беларусі і Польшчы. Доўгае сяброўства звязвала яго і з нашым падлясскім карэспандэнтам Яраславам Іванюком:

- Калі я быў студэнтам, Валодзя часта ночыў у нас у інтэрнаце, ночыў нелегальна. Пастаянна ў тыя студэнцкія часы ён паўтараў, што трэба быць годным. Такое яго рамантычнае сцвярджэнне фактычна перадавала ўсю асобу Валодзі Паца. Памятаю, бягу на нейкі аўтобус, раптам хтосьці спыняе ззаду, гляджу — Валодзя Пац: «Ярэк, куды ты!? Не спяшайся, трэба быць годным». (...)

Што да мяне, на жаль я ўжо не паспеў так добра пазнаёміцца з Уладзімірам Пацам, як мае старэйшыя калегі. Аднак тыя нешматлікія нашыя спатканні ў Мінску і ў Варшаве пакінулі самыя цёплыя ўспаміны. Уладзімір шчыра, па-добраму, без ніякай пыхі намагаўся дапамагчы свайму малодшаму калезе. Завяршаючы матэрыял, прысвечаны памяці Уладзіміра Паца, хачу каб прагучала яго незабыўнае журналісцкае развітанне.

Слухайце аўдыё!

Эдуард Жолуд