Беларуская Служба

Ужо заўтра ў Польшчы пачнуць прышчапляць дзяцей ад каранавіруснай інфекцыі

15.12.2021 12:20
Пераважна дзеці хварэюць у адносна лёгкай форме, аднак апошнім часам вырасла колькасць малых пацыентаў, якія трапляюць у шпіталь з дадзенай інфекцыяй.
Аўдыё
Zdj ilustracyjne
Zdj ilustracyjneshutterstock.com/Adderly

Ужо ў бліжэйшы чацвер, 16 снежня, у Польшчы пачнецца акцыя вакцынацыі дзяцей ва ўзросце ад 5 да 11 гадоў ад каранавіруснай інфекцыі. 

Усе жыхары Польшчы ў гэтай узроставай катэгорыі (5-11 г.), якія зарэгістраваныя ў базе дзяржаўнай сістэмы аховы здароўя, атрымалі электроннае накіраванне на ўкол. Прышчэпка бясплатная і добраахвотная. Бацькі вырашаюць, ці адвесці дачку або сына на вакцынацыю.

Як правіла дзеці хварэюць на Кавід-19 у адносна лёгкай форме, аднак апошнім часам значна вырасла колькасць малых пацыентаў, якія трапляюць у шпіталь з дадзенай інфекцыйнай хваробай. Шмат бацькоў баіцца вакцыны, паколькі яны чуюць, што здараюцца непажаданыя эфекты вакцынацыі. З аднаго боку яны баяцца, што іх дзіця цяжка перанясе вакцынацыю, а з іншага боку, чалавек па прыродзе аптыміст, таму большасць верыць, што іх дзеці не захварэюць. Аднак, як адзначае кандыдат медычных навук, педыятр Эрнэст Кухар, апошнім часам ва ўстановы аховы здароўя трапляе больш малых пацыентаў, у якіх развіваецца цяжкая форма Кавід-19.

- Нам хацелася верыць, што дзеці пераносяць каранавірусную інфекцыю ў лёгкай форме. І так было, але сітуацыя змянілася, калі да нас дайшоў варыянт, названы штамам Дэльта. Тады пачало хварэць значна больш дзяцей. Праўда, пераважная большасць надалей хварэе з невялікімі сімптомамі, але часцей здараюцца цяжкія формы, якія патрабуюць шпіталізацыі. Праблема ў тым, што бацькі не маюць у сваім распараджэнні шмат інструментаў лячэння гэтай хваробы, паколькі сіроп ад кашлю і тэмпературы не заўсёды дапамогуць. І часам бацькі своечасова не заўважаюць, што стан дзіцяці на столькі пагоршыўся, што патрэбны візіт у бальніцу. Кавід-19 – падступная хвароба, здараецца, што дзіця з высокай тэмпературай можа застацца дома, яго стан задавальняючы, а дзіця з невысокай тэмпературай неабходна адвезці ў шпіталь.

Прышчэпка, канешне, не ў стане цалкам прадухіліць магчымасць захворвання, але яна як правіла ахоўвае ад цяжкай формы дадзенай хваробы. Гэтую заканамернасць можна прасачыць на прыкладзе дамоў спакойнай старасці. Вядома, што пажылыя асобы асабліва цяжка пераносяць каранавірусную інфекцыю, сярод старэйшых людзей значна больш чалавек памірае ад Кавід-19, чым сярод маладых і ў сярэднім узросце. Як паказала практыка, дзякуючы вакцынацыі пажылыя хварэюць лягчэй, – адзначае міністр сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі Марлена Малёнг.

- Такім рацыянальным доказам з’яўляецца вакцынацыя ў дамах спакойнай старасці. У такіх дамах амаль 100% жыхароў атрымалі ўкол, каля 70% працоўнага персаналу таксама прайшлі вакцынацыю. І цяпер, калі мы ў Польшчы змагаемся з чацвёртай хваляй каранавіруса, захворванні, канешне, паяўляюцца, але толькі зрэдку, і хвароба носіць лёгкі характар. Таму я звяртаюся да бацькоў з заклікам прыняць разумнае рашэнне, каб наша грамадства стала больш бяспечным, каб мы маглі спакойна жыць і працаваць. Я асабіста прышчапілася ўжо трэцяй дозай, мая сям’я таксама прайшла вакцынацыю.

Магчымасць прафілактыкі хваробаў праз вакцынацыю – гэта вялікае дасягненне медыцыны. Гэтая магчымасць паявілася ўжо шмат гадоў таму, а яе прынцып з таго часу не змяніўся, – падкрэслівае Эрнэст Кухар.

- Зразумела, што бацькі могуць адчуваць некаторую боязь перад тым, як вырашаць вакцынаваць сваіх дзяцей. Аднак нельга забываць, што прышчэпкі функцыянуюць у медыцыне ўжо дзясяткі гадоў. І прынцып вакцынацыі не змяніўся – кожная вакцына ўтрымлівае фрагмент віруса або бактэрыі. У кантакце з гэтым фрагментам мікроба арганізм праходзіць трэніроўку, вучыцца, як з ім змагацца. Такі ж сам прынцып пачынае дзейнічаць падчас вакцынацыі ад каранвіруса. Лекары заўсёды праводзяць баланс карысці і магчымай шкоды ад вакцыны. Зразумела, прышчэпка звязана з невялікай магчымасцю адмоўных наступстваў, але значна большая рызыка звязана з захворваннем на Кавід-19, паколькі можа здарыцца цяжкая форма, шпіталізацыя, а нават лятальны сыход. Гэтая хвароба ў дзяцей таксама здараецца ў цяжкай форме. Большасць людзей – аптымісты, яны вераць, што іх дзеці не захварэюць на Кавід-19, а калі захварэюць, то без выражаных сімптомаў, таму, на іхную думку, рызыка вакцынацыі больш сур’ёзная, чым рызыка хваробы. Бацькі думаюць, што яны паступаюць правільна.

Неабходна дадаць, што ў розных краінах назіраецца рознае стаўленне да вакцынацыі дзяцей. Напрыклад, у Германіі рэкамендуюць ставіць укол толькі тым малодшым дзецям, у якіх назіраюцца хранічныя захворванні, але іншыя краіны, як Вялікабрытанія ці Ізраіль, імкнуцца, каб як мага больш дзяцей прайшло вакцынацыю.

I Pr. PR/нг