Беларуская Служба

Як правільна падкармліваць дзікую жывёлу зімой

17.12.2021 15:12
Зіма гэта час падкормкі лясной жывёлы і птушак. Гэта адказнае заданне, бо з забеспячэннем кармамі нельга перабольшыць.
Аўдыё
  • Як правільна падкармліваць дзікую жывёлу зімой
Кармушка для дзікай жывёлыJerzyGorecki/pixabay.com/CC0

 Самае галоўнае – карміць дзічыну ў экстрэмальных умовах, якія могуць быць небяспечнымі для жыцця. Нельга гэтага рабіць у мяккія зімы, калі жывёлы павінны мець магчымасць самастойна здабываць сабе ежу. 

«Падкормка», як вынікае з назвы, гэта частковая дапамога жывёле ў складаных умовах надвор’я. Жывёлы не могуць «забыць», як самастойна шукаць ежу ў лесе. Падкормка павінна праводзіцца сістэматычна і на пастаянных месцах. Корм нельга даваць круглы год, таму што ў астатнія сезоны лес і палі будуць карміць дзікую жывёлу.

Варта памятаць, што карміць лясную жывёлу можна толькі па ўзгадненні з ляснічым. Такія асобы пакажуць месцы, дзе можна выкладаць корм.

Лясніцтвы Малапольшчы гатовыя да падкормкі дзікай жывёлы. Расказвае Войцех Кужэя.

-Лясная інспекцыя давозіць у лясныя раёны сена ў кармушкі і соль. Гэта адмысловыя драўляныя карыты, у якіх соль перамешваюць з зямлёй, каб аленям хапала мікра- і макраэлементаў. У гэтым часе лані котныя. У траўні ў іх будуць малыя. Таму ў зімовы перыяд мікра- і макраэлементы ім вельмі патрэбныя. Мы купілі солі каля трох тон. Сена захоўваецца ў скручаных цюках, гэта не сілас, а сухое сена. Нам трэба каля 20 такіх цюкоў. Адзін важыць каля 500 кг.

Таксама важна звярнуць увагу на тып корму, бо няправільнае харчаванне можа выклікаць у жывёлы хваробы, слабасць цела і нават смерць, гаворыць ляснік Збігнеў Шарэк.

-Мы выкладваем корм, які натуральным чынам ёсць у прыродзе. Нічога не прыдумваем: булак, бутэрбродаў і іншага падобнага. Паўсюднай з’яўляецца падкормка птушак хлебам. Гэта забаронена. У птушак паяўляецца страўнікавы ацыдоз, яны хварэюць, а нават паміраюць, бо іх арганізм аслаблены.

Адна з мэт падкормкі жывёлы – затрымаць у лесе як мага больш дзічыны. Жывёлы, якія шукаюць ежу, значна радзей падыходзяць да дарог, а значыць, зніжаецца рызыка сутыкнення з транспартнымі сродкамі. Акрамя таго, жывёлы радзей выходзяць на сельскагаспадарчыя ўгоддзі, тым самым наносячы меншы ўрон фермерам.

Дапамагаюць леснікі і птушкам. Трэба памятаць, што іх нельга карміць хлебам, таму што ў ім прысутнічаюць соль, паляпшальнікі і кансерванты. Птушкі маюць абмежаваную здольнасць выдалення солі. Ежа птушак павінна нагадваць іх натуральную ежу.

Ляснік Войцех Кужэя нагадвае, што падкорму трэба рабіць толькі ў цяжкіх умовах надвор’я.

-Корм для птушак ці аленяў выкладваецца толькі, калі выпала шмат снегу. Калі б такі алень прызвычаіўся, што ў кармушцы стала ёсць сена, то ён страціў бы інстынкт, дзякуючы якому шукае корм самастойна. Трэба памятаць, што корм можна выкладваць у сапраўды цяжкіх умовах надвор’я. У сваю чаргу, калі мы ўжо пачнем падкорму дзікай жывёлы, то неабходна гэта рабіць пакуль снег на растае.

Самыя частыя наведвальнікі «птушыных сталовых», такія як вераб'і, косы і сініцы, павінны знайсці дробную крупу, сланечнік, гарбузовыя семечкі, яблыкі, несалёнае сала і тлушчавыя шарыкі. Больш буйныя птушкі, напрыклад, галкі і гракі, ахвотна ядуць тоўстыя крупы і збожжа. Корм павінен быць свежым і чыстым. Яго колькасць змяняецца ў залежнасці ад умоў надворʼя. Падчас адлігі ежы выходзіць менш, а падчас маразоў – больш. Таксама вельмі важна паіць птушак зімой.

У Польшчы леснікі з паляўнічымі і валанцёрамі са школ і грамадскіх арганізацый дапамагаюць лясной жывёле перажыць зіму. На кармленне лясной жывёлы зімой Дзяржлясы выдаткоўваюць каля 6 мільёнаў злотых.

У суровыя зімы лясныя службы праводзяць шэраг работ па аблягчэнні існавання дзічыны. Часцей за ўсё дастаткова ачысціць ад снегу лясныя дарогі і месца, дзе сустракаецца натуральная ежа, напрыклад, чарніца або верас.

Падчас лесагаспадарчых работ некаторыя дрэвы адмыслова пакідаюць, каб жывёла магла грызці кару. Ад недахопу вады абараняе падкормка буракамі, морквай, бульбай або яблыкамі.

Толькі сена штогод у дзяржаўных лясах выкладаецца больш за 1 тыс. тон. Акрамя таго, у гэтых лясных сталовых можна знайсці і іншыя прысмакі, напрыклад, 12 000 тон сакавітых кармоў, гэта значыць буракоў або сенажу і 4 тыс. тон збожжавых.

ав

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце