Беларуская Служба

З якімі праблемамі сутыкаюцца беларусы Беластоку і якую падтрымку яны атрымліваюць?

21.12.2021 09:00
За апошнія амаль паўтара года ў Польшчу выехалі тысячы беларусаў.
Аўдыё
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneShutterstock

Шмат беларусаў, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў, шукаюць лепшай долі ў вялікіх гарадах Польшчы. Перш за ўсё ў Варшаве. Аднак вялікую хвалю беларусаў прыняў на сябе Беласток, дзе ёсць уласная вялікая беларуская дыяспара. Па словах Паўла Міцкевіча з беластоцкай фундацыі «Акно на ўсход», няма афіцыйнай статыстыкі, колькі палітычных уцекачоў з Беларусі прыехала ў Беласток пасля выбараў жніўня 2020 году. Але адна толькі гэтая арганізацыя аказала дапамогу прыкладна тысячы беларусаў.

- Паводле нашых падлікаў, падтрымкай фундацыі скарысталася звыш тысячы чалавек, якія былі прымушаныя пакінуць сваю краіну ў выніку палітычнага пераследу. Канешне, многія з гэтых людзей пакінулі Беласток. Наш горад часта выбіралі, напрыклад, шматдзетныя сем’і, паколькі гэта бліжэйшы горад ад мяжы. Уцекачы спадзяваліся перачакаць пару месяцаў, дачакацца новай улады і вярнуцца. Раней мяжу было значна прасцей перайсці, у тым ліку зялёную. Праз некалькі месяцаў некаторыя людзі, асабліва маладыя, больш актыўныя, прымалі рашэнне пераехаць у іншае месца. З іншага боку, ёсць нямала выпадкаў, калі людзі паехалі спачатку ў іншы горад, а пазней пераехалі да нас. Ментальнасць гораду і Падляскага ваяводства блізкая беларусам, тут вялікая беларуская меншасць і актыўная беларуская дыяспара.

У горад даволі нечакана хлынулі сотні, а нават тысячы беларусаў. Ці гарадскія ўлады справіліся з гэтым патокам? Ці ўцекачы атрымлівалі і атрымліваюць неабходную дапамогу?

- На нашу думку, гарадскія і ваяводскія муніцыпальныя органы не былі падрыхтаваныя ў мінулым годзе да першай вялікай хвалі палітычных мігрантаў. Я маю на ўвазе перш за ўсё два аспекты – легалізацыю прабывання (не было адпаведнай колькасці чыноўнікаў, якія маглі заняцца разглядам справаў), і другая справа – горад не быў падрыхтаваны, каб прыняць столькі дзяцей іншаземцаў у школы. Згодна з правам, дзіця іншаземца ў школе павінна мець так званага асістэнта, які яму дапамагае. Гарадскі бюджэт не быў гатоў аплаціць столькі асістэнтаў у дадзеным годзе.

Для дзіцяці такая вялізная змена – прыезд у іншую краіну, пераход у новы клас, знаёмства з аднакласнікамі, якія не размаўляюць на знаёмай мове – гэта вялізны стрэс. Якую падтрымку атрымліваюць сем’і ўцекачоў?

- Так, прыехалі сем’і, якія ніколі не былі ў Польшчы, яны не планавалі эміграцыі. Некаторыя нават ніколі не былі агулам за мяжой. Для іх гэта быў двайны стрэс – па-першае, звязаны з тым, што адбываецца ў Беларусі, і па-другое, з адаптацыяй тут, у чужой дзяржаве. Канешне, шмат гэтых сем’яў трапіла пад нашу апеку. Дарэчы, мы займаемся падтрымкай іншаземцаў ужо 12 гадоў, пачыналі з падтрымкі студэнтаў, пазней дапамагалі эканамічным мігрантам, перш за ўсё ўкраінцам. Калі пачаліся рэпрэсіі ў Беларусі, мы збудавалі комплексную мадэль падтрымкі ўцекачоў. Сем’і маглі з намі звязацца, будучы яшчэ ў Беларусі, мы ўключылі гарачую тэлефонную лінію, па якой можна атрымаць інфармацыю пра ўсе неабходныя справы, звязаныя з пераездам – дакументы, пасведчанні са школы, юрыдычныя даверанасці для сваякоў, знаёмых і г.д. Бываюць нават дробныя справы, адсутнасць нейкай паперкі, якія могуць сур’ёзна ўскладніць жыццё. Таксама пад канец мінулага года мы выдалі «Даведнік беларуса ў Польшчы». На той час мы быў самы змястоўны даведнік са спасылкамі на розныя дакументы.

А як карэнныя жыхары Беластоку ставяцца да прыезджых? Ці гэта часцей за ўсё пазітыўнае стаўленне, спачуванне, жаданне дапамагчы, ці, можа, здараюцца выпадкі адмоўнага стаўлення, скажам, закіды, што новыя беларусы забяруць працу?

- Беласток прывык да асоб беларускага паходжання, тут шмат беларусаў. Таму гэта не праблема – нацыянальнасць. Мы праводзілі розныя інфармацыйныя кампаніі ў мясцовых СМІ. З гэтых кампаній бачны вельмі пазітыўны вобраз жыхароў Беластоку. Многія з іх самі памятаюць тыя часы, калі ў Польшчы было цяжка, калі палякам памагалі. Таму яны салідарныя з беларускім народам, ахвотна яго падтрымліваюць. Людзі памагаюць як могуць – хтосьці здае сваю кватэру беларусам у арэнду па сабекошце, хтосьці, у каго ўласны бізнес, прапанаваў працу беларусам, іншыя перадавалі мэблю, вопратку і г.д. Так што мы, як арганізацыя, якая аказвае дапамогу беларусам, на кожным кроку адчуваем падтрымку як ад звычайных жыхароў, так і органаў улады – мэра гораду, ваяводскай управы. Яны стараюцца эфектыўна вырашыць праблемы, звязаныя з легалізацыяй беларусаў.

Размаўляла Наталля Грышкевіч