Беларуская Служба

Грамадству на рэферэндуме запрапануюць выбіраць паміж Лукашэнкам і Лукашэнкам

28.12.2021 17:37
Новы асноўны закон, калі будзе прыняты, замацуе адсутнасць магчымасці нешта змяніць у дзяржаве.
Аўдыё
Ілюстрацыйны здымакфота: nashkraj.by

У панядзелак быў апублікаваны праект змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Беларусі. Новы асноўны закон, калі будзе прыняты, замацуе адсутнасць магчымасці нешта змяніць у дзяржаве.

Калі новы асноўны закон краіны будзе адобраны падчас рэферэндуму, Усебеларускі народны сход стане важнейшым органам улады. Іншыя прапанаваныя змены: можна будзе страціць грамадзянства ў выніку рашэння ўладаў; будзе забараняцца фінансаванне выбараў замежнымі суб'ектамі; прэзідэнтам зможа быць абраны грамадзянін Беларусі, які пастаянна пражывае ў Беларусі не менш як 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі, які не мае і не меў грамадзянства іншай дзяржавы або ВНЖ ці іншага дакументу замежнай дзяржавы, які дае права на льготы (між іншым, Карта паляка); адна і тая ж асоба зможа быць прэзідэнтам не больш за два тэрміны; прэзідэнт атрымае поўны імунітэт, ён не будзе несці адказнасці за дзеянні, здзейсненыя падчас прабывання на пасадзе.

Меркаваннем палітолага Аляксандра Папко, праект асноўнага закону падрыхтаваны пад аднаго чалавека, які быццам бы сыходзіць, але на самой справе застаецца на пасадзе.

- Аляксандр Лукашэнка пераносіць свае паўнамоцтвы ў новы орган, якім будзе Усебеларускі народны сход, і сам аўтаматычна трапляе ў прэзідыум гэтага сходу. Лукашэнка сыходзіць, каб застацца. Гэта ўсё можа адбыцца як праз два гады, так і праз дзесяць гадоў, паколькі пасля прыняцця канстытуцыі тэрміны Лукашэнкі абнуляюцца. Хутчэй за ўсё Лукашэнка сыдзе ў новы орган, у які грамадзяне не будуць яго абіраць, і таму не будзе рызыкі паўтарэння 2020 года.

На думку эканаміста Дзмітрыя Балкунца, праект канстытуцыі цалкам адарваны ад рэальнасці беларускага грамадства, якое патрабуе зменаў.

- Гэта праект далейшага спаўзання краіны ў бездань. Гэта канстытуцыя застою, якая не дазволіць краіне выйсці з таго палітычнага тупіку, у які мы трапілі. Лукашэнка не бачыць ніякага палітычнага крызісу, ён для сябе падрыхтаваў другое крэсла – старшыні УНС. Гэта варыянт, падобны да Паўночнай Карэі. Акрамя таго, у законе прапісаныя гарантыі недатыкальнасці для прэзідэнта, які разумее, што нарабіў шмат злачынстваў. Улада баіцца кожных выбараў, паколькі яны могуць стаць каталізатарам пратэстаў. І яшчэ адзін момант – каб стаць прэзідэнтам, трэба 20 гадоў жыць на тэрыторыі Беларусі, нікуды не з’язджаць. Аўтаматычна мільёны чалавек, якія калі-небудзь жылі ці вучыліся за мяжой, пазбаўляюцца магчымасці быць абраным на гэтую пасаду. Дык запішыце ў новай канстытуцыі – прэзідэнтам краіны можа быць толькі чалавек з прозвішчам Лукашэнка. На маю думку, канстытуцыя павінна адлюстроўваць патрэбнасць грамадства ў зменах, яна павінна дазваляць людзям выбіраць і быць абраным у парламент краіны. Але тое, што прапануюць, гэтага не дае.

Офіс лідаркі беларускага нацыянальнага руху Святланы Ціханоўскай пракаментаваў праект новай канстытуцыі. «Рэжым спрабуе абмежаваць правы людзей…Выбіраць паміж Лукашэнкам і Лукашэнкам немагчыма. На «рэферэндуме» можна паставіць крыж у прамым сэнсе – перакрэсліць прапанаваныя варыянты ў бюлетэні» – гаворыцца ў паведамленні. Паставіўшы два крыжыкі ў бюлетэні, беларусы змогуць бяспечным чынам выказаць свой пратэст супраць новай канстытуцыі, – адзначае Аляксандр Папко.

- Такім чынам можна выказаць свой пратэст. Але вулічных пратэстаў спадзявацца не выпадае, таму што грамадства ў вялікім страху, рэпрэсіі зрабілі сваю справу.

Канстытуцыйны рэферэндум запланаваны на люты 2022 года.

нг