Найважнейшыя дасягненні польскіх даследчыкаў за 2021 год падвядзем у Навукова-тэхнічнай перадачы
Навукоўцы з польскай Ваеннай тэхнічнай акадэміі працуюць над прыладай для хуткага выяўлення COVID-19. Адмыслоўцы распрацавалі прататып прылады, якая нагадвае вароты-дэтэктар металу, якія можна пабачыць, сярод іншага, у аэрапортах.
*
У 2021 г. у трыццаты раз Фонд польскай навукі ўручыў прэміі для найлепшых польскіх навукоўцаў. Гэтую ўзнагароду называюць польскай Нобелеўскай прэміяй.
У галіне навук аб жыцці і Зямлі прэмію атрымала праф. Бажэна Камінска-Качмарэк з Інстытута эксперыментальнай біялогіі Польскай акадэміі навук за адкрыццё механізмаў, у выніку якіх злаякасныя гліомы прымушаюць імунныя клеткі працаваць для падтрымкі развіцця пухліны галаўнога мозгу.
Прафесар Каміньска-Качмарэк адзначыла, што адкрыццё здзівіла нават свет навукі.
*
У Польшчы навукоўцы выявілі сляды дыназаўраў. На думку даследчыкаў, гэта можа быць найбуйнейшая падобная знаходка ў Еўропе. На радовішчы гліністай сыравіны ў Баркавіцах на Мазовіі знойдзена каля 60 блокаў са шматлікімі слядамі дыназаўраў. Сляды ўяўляюць сабой адбітак пярэдніх або задніх лап дыназаўра і косткі. Даследчыкі ідэнтыфікавалі ўжо сем відаў дагістарычнай жывёлы і мяркуюць, што, магчыма знойдуць яшчэ новы від дыназаўра.
Акрамя гэтага, сёлета польскія археолагі знайшлі таксама сем мегалітычных магіл, складзеных з вялізных скальных блокаў і валуноў, вышынёй у некалькі дзясяткаў метраў, якім прыкладна 5,5 тысяч гадоў. Яны былі выяўлены ў Дэмбянах (Dębiany) (Свентакшыскае ваяводства). Па словах навукоўцаў, гэта адныя з самых вялікіх могілак такога тыпу ў Польшчы.
А вялізарны цэнтр ганчарнай вытворчасці рымскага перыяду, якому больш за 1,5 тысяч гадоў, знойдзены археолагамі ў Вжэмпіі (Wrzępia) на поўдні Польшчы (Малапольшча). Па словах даследчыкаў, гэта найбуйнейшы археалагічны помнік такога тыпу ў краіне і адзін з найбуйнейшых у Еўропе. Выяўлена каля 130 печаў.
*
Навукоўцы Варшаўскага універсітэта праводзяць даследаванні, мэта якіх – выкарыстаць адпрацаваныя аўтамабільныя каталізатары.
– Сутнасць гэтага праекта ў тым, каб аднавіць каштоўныя матэрыялы з адпрацаваных аўтамабільных каталізатараў, каб вярнуць іх першапачатковую функцыянальнасць, або надаць ім яшчэ большыя ачышчальныя ўласцівасці, то. Аўтамабільныя каталізатары каштоўныя тым, што ў іх утрымліваюцца такія металы як плаціна, паладый, родый, - адзначае доктар Міхал Вуйцік з Варшаўскага універсітэта.
Даследчыкі пераўтварылі каштоўныя металы ў наначасціцы. Атрыманыя наначасціцы, дабаўленыя, напр., у фарбу актывуюцца пад уздзеяннем дзённага святла. І такім чынам сцяна пачынае сама па сабе дэзінфекавацца.
Распрацоўкі польскіх навукоўцаў могуць быць выкарыстаны, напрыклад, для дэзінфекцыі ў шпіталях, або для ліквідацыі непрыемных пахаў.
*
У польскіх школах з’явяцца заняткі па штучным інтэлекце
Пілотны адукацыйны праект AI4Youth ажыццяўляецца па даручэнні Міністэрства развіцця і тэхналогіі.
Адна з мэтаў праграмы – падрыхтоўка моладзі да рэвалюцыі, звязанай з распаўсюджваннем штучнага інтэлекту.
Чарговыя этапы праграмы ўключаюць падрыхтоўку настаўнікаў, заняткі з вучнямі і распрацоўку школьнікамі праектаў з выкарыстаннем штучнага інтэлекту.
Taкім быў 2021 год у польскай навуковай сферы.
яс