Беларуская Служба

Мінулы год, на думку большасці палякаў, быў адным з найгоршых за апошнія дзесяцігоддзі

04.01.2022 15:49
Перш за ўсё прычынай негатыўнай ацэнкі з’яўляецца пандэмія каранавіруснай інфекцыі.
Аўдыё
  • Як палякі ацэньваюць 2021 год
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjnepathdoc/Shutterstock.com

Па традыцыі, пад канец старога года і на пачатку новага мы ацэньваем мінулы перыяд і рыхтуем планы на будучыню. Мы ўжо падсумоўвалі 2021 год, якім ён быў для беларусаў і Беларусі. Тут, канешне, няма чым пахваліцца, гэта проста быў катастрафічны год для краіны, у якой адбыліся тысячы судовых прысудаў па палітычных матывах, а дзясяткі тысяч людзей былі прымушаныя пакінуць краіну, на прадпрыемствах ідуць масавыя звальненні, сітуацыя ў эканоміцы таксама пакідае жадаць лепшага.

А якім быў 2021 год для Польшчы, як яго ацэньваюць самі жыхары дзяржавы? Тут таксама меркаванні хутчэй негатыўныя, хаця, зразумела, па зусім іншых прычынах, чым у выпадку Беларусі. Перш за ўсё прычынай негатыўнай ацэнкі з’яўляецца пандэмія каранавіруснай інфекцыі, якая працягваецца ўжо два гады. Дарэчы, першы год пандэміі – 2020 – палякі ацэньвалі яшчэ горш.

Польскі Цэнтр даследавання грамадскай думкі (CBOS) ужо некалькі дзясяткаў гадоў праводзіць апытанні палякаў, як яны глядзяць на розныя справы, у тым ліку, як ацэньваюць мінулым час. Сацыёлагі цэнтра пачалі рабіць такія апытанні ў сярэдзіне 80-ых гадоў, калі ў Польшчы быў яшчэ іншы палітычны лад – сацыялізм пад «апекай» Савецкага Саюзу. І менавіта той год палякі ацанілі вельмі дрэнна, што было зразумела – гэта быў час заняпаду эканомікі ды і палітычнай сістэмы, усеагульнага дэфіцыту і пустых паліцаў у крамах. Пазней ужо было значна лепш, аж да 2020 года, якому жыхары Польшчы таксама выставілі вельмі дрэнную адзнаку, а мінулы год быў толькі крыху лепшы.

Звыш паловы апытаных палякаў (56%) лічыць, што мінулы год быў дрэнны для Польшчы, – адзначае даследчыца-аналітык з Цэнтра даследавання грамадскай думкі Барбара Бадура. Амаль дзве трэція анкетаваных (65%) сказалі, што год быў таксама дрэнны для свету.

- У адносінах свету – гэта адзін з трох найгоршых гадоў. Самы дрэнны быў 2020 год. А 21-шы параўноўваюць з 2001 годам. Я хацела б нагадаць, што менавіта тады здарыўся тэрарыстычны акт у Нью-Ёрку, калі самалёты, якія былі захопленыя тэрарыстамі, ударылі ў Сусветны цэнтр гандлю. Акрамя таго, пазней здарылася цэлая серыя тэрарыстычных актаў.

Цікава тое, што найгорш мінулыя два гады ацэньваюць жыхары Польшчы самага маладога пакалення, якія не памятаюць цяжкія часы 80-ых і 90-ых гадоў. Людзі ва ўзросце 18-34 г. кажуць, што 2021 год быў вельмі дрэнны для іх саміх ды іхнай краіны. Таксама дрэнна мінулы год ацэньваюць людзі сярэдняга ўзросту – да 45 года жыцця. На думку Барбары Бадуры, дрэнная адзнака звязаная перш за ўсё з пандэміяй.

- Людзі старэйшага пакалення перажылі ўжо ў сваім жыцці розныя цяжкія часы, таму яны мяркуюць, што цяперашні час яшчэ не такі дрэнны, як здаралася раней або магло бы быць. У сваю чаргу тыя асобы, якія ўвайшлі ў сваё дарослае жыццё тады, калі Польшча ўжо ўступіла ў Еўрапейскі Саюз, калі можна было ўжо свабодна падарожнічаць па ўсім свеце, калі працоўны рынак палепшыўся, перажылі ў 2020 годзе сапраўдны шок. Для шматлікіх людзей, якія прывыклі падарожнічаць, такім шокам было закрыццё межаў і ўвядзенне розных санітарных абмежаванняў. Гэта ўсё ўплывае на настрой людзей. Акрамя таго, няма яснай перспектывы, што гэтая сітуацыя можа закончыцца ў бліжэйшай будучыні.

Падчас анкетавання апытаным задалі таксама пытанні наконт іх асабістай сітуацыі, якім быў год для іх сям’і ды для іх прафесійнай дзейнасці. Найлепш ацанілі 2021 год тыя людзі, заробкі якіх адносна высокія на фоне сярэдняй зарплаты, а таксама веруючыя і практыкуючыя людзі ды асобы з кансерватыўнымі поглядамі. Найгорш ацэньваюць мінулы год асобы з ліберальнымі, левымі поглядамі. Таксама большасць людзей з вышэйшай адукацыяй дрэнна ацэньвае гэты год.

Апытанне пад назваю «Актуальныя праблемы і падзеі» было праведзена з 29 лістапада па 12 снежня. Былі апытаныя звыш 1000 чалавек рознага ўзросту.

нг