Беларуская Служба

У ЗША для адзінокай маці надрукавалі дом на 3D-прынтары

06.01.2022 15:16
 Гэта адзін з першых такіх дамоў у ЗША.
.
.Pixabay.com/StockSnap

Адзінокая маці Эйпл Стрынгфілд і яе 13-гадовы сын атрымалі дом, надрукаваны на 3D-прынтары ад міжнароднай арганізацыі дапамогі Habitat for Humanity. Гэта адзін з першых такіх дамоў у ЗША.

Друк вонкавых і ўнутраных сцен будынка плошчай у 111 кв.м. заняў 12 гадзін. Гэта скараціла стандартныя тэрміны будаўніцтва як мінімум на чатыры тыдні.

У новым доме ёсць тры спальні і два ванныя пакоі. Дом таксама абсталяваны 3D-прынтарам, дзякуючы якому яго новыя жыхары змогуць самастойна раздрукаваць неабходныя дэталі.

Пры будаўніцтве дома быў выкарыстаны бетон, дзякуючы чаму скараціўся кошт праекта. Цэны на драўніну, з якой звычайна будуюць дамы ў ЗША, выраслі ў час пандэміі на 50%. Бетонныя сцены да таго ж больш устойлівыя да магчымых пашкоджанняў ад тарнада і ўраганаў.

Эйпл Стрынгфілд адна выхоўвае сына, яна не магла дазволіць сабе купіць уласную кватэру і таму звярнулася да дабрачыннай арганізацыі Habitat for Humanity. Будаўніцтва жылля   адбываецца сумеснымі намаганнямі валанцёраў і будучых домаўладальнікаў, якія звычайна разам будуюць і рамантуюць дамы.

Стрынгфілд перад тым, як папрасіла дапамогу, адпрацавала ў арганізацыі 300 гадзін.​

IAR/яс

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка