Беларуская Служба

Польскія ўлады прадставілі планы пашырэння электронных паслугаў для грамадзян

11.01.2022 08:42
Гэта, у прыватнасці, пашырэнне спецыяльнага прыкладання пад назваю mObywatel (мабільны грамадзянін).
Аўдыё
  • Пашырэнне электронных паслуг у Польшчы
Rząd chce rozszerzyć funkcjonalność e-usług oferowanych m.in. przy użyciu aplikacji mObywatel
Rząd chce rozszerzyć funkcjonalność e-usług oferowanych m.in. przy użyciu aplikacji mObywatelgov.pl

Пандэмія каранавіруснай інфекцыі прынесла людзям на ўсім свеце шмат пакутаў, сотні мільёнаў людзей захварэлі, звыш пяці мільёнаў памерлі. Аднак ёсць наступствы сусветнай эпідэміі заразнай хваробы, якія можна назваць станоўчымі. 

Сярод пазітываў новай сітуацыі, у якую свет трапіў два гады таму, між іншым, вялікі прагрэс у дыгіталізацыі як кантактаў паміж людзьмі, працоўных і прыватных, так і паслугаў з боку дзяржавы ў адносінах жыхароў. З-за пандэміі і чарговых санітарных нормаў ды локдаўнаў, людзі навучыліся лепш выкарыстоўваць тэхналогію дзеля працы і міжчалавечых зносінаў, таксама ўлады стараюцца перавесці як мага больш паслуг у інтэрнэт-сферу.

Польскія ўлады прадставілі планы пашырэння лічбавых паслугаў для грамадзян. Гэта, у прыватнасці, пашырэнне спецыяльнага прыкладання пад назваю mObywatel (мабільны грамадзянін), завяршэнне праекту стварэння адукацыйнай сеткі і ўвядзенне зменаў і дапаўненняў у закон аб нацыянальнай сістэме кібербяспекі.

Дзякуючы сістэме электроннага запісу, жыхарам Польшчы ўжо не прыходзіцца стаяць у чэргах, каб аформіць нейкую фармальную справу. Аднак дзяржава ідзе яшчэ далей. Яна, напрыклад, будзе нагадваць пра неабходнасць афармлення дакументаў яшчэ перад тым, калі такая неабходнасць паявіцца, скажам, паведаміць пра тое, што прыйшоў тэрмін аплаціць падатак. Гэта зусім новы падыход да лічбавых паслугаў з боку дзяржавы, – адзначае ўпаўнаважаны ўраду па пытаннях кібербяспекі Януш Цешыньскі (Janusz Cieszyński).

- Напрыклад, хтосьці купляе ўжываны аўтамабіль. Ён можа паведаміць у Аддзел транспартных сродкаў гарадской управы, каб яму аўтаматычна адправілі інфармацыю пра неабходнасць заплаціць падатак. Тады чалавек не забудзе пра фармальныя справы, як хаця б згаданы падатак. Часта здараецца, што мы пачынаем цікавіцца нейкімі фармальнасцямі толькі тады, калі акажацца, што пра нешта забылі. Мы хочам актыўна выходзіць насустрач грамадзянам, карыстацца тымі ведамі, якія ў нас ёсць.

У 2022 годзе польскі ўрад пастараецца, каб навучальныя ўстановы Польшчы значна больш актыўна карысталіся хуткасным інтэрнэтам ды прыкладаннем, падрыхтаваным у рамках Нацыянальнай адукацыйнай сеткі. Інтэрнэт, асабліва хуткасны, дае шырокія магчымасці выкарыстання ведаў, але пакуль што, паводле словаў міністра Цешыньскага, здараюцца тыдні, калі нават 40% школаў не карыстаюцца інтэрнэтам, нягледзячы на тое, што яны падключаныя да сеціва.

- Гэта праблема, паколькі інтэрнэт дае карысць тады, калі ім актыўна карыстацца. Таму мы хочам прапанаваць новыя паслугі карыстальнікам адукацыйнай сеткі, маладым людзям, якія змогуць цалкам выкарыстаць магчымасці гэтага інтэрнэту. Гаворка ідзе перш за ўсё пра паслугі ў галіне так званага электроннага спорту. Мы таксама намераныя пашырыць маштаб электроннай антысмогавай сеткі. Гэта значыць, электроннай інфармацыі пра якасць паветра ў бліжэйшым атачэнні школаў.

Упаўнаважаны ўраду па пытаннях кібербяспекі дадае, што ў гэтым годзе ўрад прадставіць новы план інвестыцыяў у развіццё валаконна-аптычнай сеткі інтэрнэту з выкарыстаннем сродкаў Еўрапейскага Саюза. Да 2030 года магчымасць карыстацца хуткасным інтэрнэтам плануецца прадаставіць кожнаму жыхару Польшчы.

У першай палове студзеня адбудзецца паседжанне Камітэту Рады міністраў па пытаннях нацыянальнай бяспекі і абароны, падчас якога будзе абмяркоўвацца рашэнне аб адабрэнні законапраекту зменаў у Нацыянальнай сістэме кібербяспекі. Меркаваннем Януша Цешыньскага, закон на працягу бліжэйшых месяцаў павінен трапіць на разгляд у парламент.

- Ёсць дзве важныя справы, якія патрабуюць увагі. Першае пытанні датычыць так званых пастаўшчыкоў высокай рызыкі. Гэтае пытанне выклікае зацікаўленне тэхналагічных гігантаў з усяго свету. І другая справа – выбар польскага аператара сеткі бяспекі. Такі правайдар будзе кантраляваць доступ да сеціва пятай генерацыі розных суб’ектаў, у тым ліку тых аператараў, якія пастаўляюць кантэнт-паслугі дзяржаўнай адміністрацыі.

Папраўка ў Закон аб нацыянальнай сістэме кібербяспекі прадугледжвае стварэнне кампаніі «Польская сетка пятага пакалення», долі ў якой будуць мець дзяржаўная скарбніца і найбуйнейшыя камерцыйныя правайдары тэлекамунікацыйнай сувязі. Мэта праекта – ахапіць сеткай пятага пакалення ўсю тэрыторыю Польшчы і знізіць кошты інтэрнэту. Часткай дыяпазону, які атрымае кампанія (700 МГц), змогуць карыстацца выратавальныя службы, якія задзейнічаны ў выпадку надзвычайных сітуацыяў, а таксама войска.

IAR PR/нг