Беларуская Служба

Індыйскі магараджа ўсынавіў 200 польскіх дзяцей, каб яны маглі не вяртацца ў ПНР пасля вайны

25.01.2022 15:09
Нядаўна ў Польшчы выйшла кніжка, прысвечаная гэтай незчычайнай гісторыі.
Аўдыё
Кніга Яанны Пухальскайфота: Wydawnictwo Fronda

Гэтая гісторыя мяне зацікавіла даўно, калі я пераехала жыць у варшаўскі мікрараён Ахота, дзе знаходзіцца сквер, які носіць імя Добрага магараджы. Там жа стаіць помнік гэтаму індыйскаму палітыку. Гісторыя, з ім звязаная, сапраўды гучыць як казка, але яна здарылася на самой справе. А цяпер ёсць нагода пра яе распавесці, паколькі нядаўна ў Польшчы выйшла кніжка, прысвечаная магараджы.

Але пачнем з пачатку. Ідзе вайна, 1942 год. У Індыю прыбываюць польскія дзеці – галодныя, стомленыя, пазбаўленыя апекі бацькоў. Яны прайшлі праз пекла Сібіры, у Індыю яны трапілі разам з Арміяй Андэрса, якая была сфармаваная менавіта на поўначы Савецкага Саюза. У Індыі польскімі дзецьмі заняўся мясцовы князь – магараджа княства Наванагар Джам Сахэб (Ранджытсінхджы Дыгвінджайсінхджы). Ён зладзіў спецыяльны лагер, даў ім харчаванне, медычную апеку і магчымасць вучыцца. На працягу чатырох гадоў у лагеры жылі агулам каля тысячы польскіх дзяцей. А калі закончылася вайна і ў Польшчы ўсталявалася камуністычная ўлада, магараджа ўсынавіў некалькі соцень дзяцей, каб яны маглі не вяртацца ў Польшчу.

Гісторыю «добрага магараджы» і яго дапамогі польскім дзецям апісала ў сваёй кнізе на падставе фактаў Яанна Пухальска. Твор называецца «Усе дзеці магараджы». Аўтарка расказвае, што яшчэ перад вайной індыйскі арыстакрат, калі падарожнічаў па Еўропе, пазнаёміўся з вядомым польскім палітыкам, славутым піяністам Ігнацы Янам Падарэўскім.

- На маю думку, менавіта дзякуючы знаёмству з Падарэўскім гэты малады, адукаваны і культурны індыйскі прынц вельмі эмацыйна падыходзіў да польскай справы. Яны сустрэліся ў 20-ыя гады, калі польская дзяржава толькі-толькі паявілася на карце, было шмат праблем. Дарэчы, Падарэўскі нават спрабаваў вучыць прынца граць на фартэпіяна, але ў яго зусім не было музычнага слыху, як жартаваў сам магараджа, яму на вуха наступіў вялізны індыйскі слон. Тым не менш, ён вельмі любіў музыку, быў меламанам, пазней прыязджаў на канцэрты, якія ладзілі польскія дзеці, быў чуллівы на мастацтва.

Прымаючы малых палякаў у сваёй краіне, магараджа клапаціўся не толькі пра іх фізічны стан – каб яны былі накормленыя, здаровыя, маглі вучыцца, але ён таксама стараўся, каб яны засталіся палякамі, каб не забывалі пра сваё паходжанне.

- Так, ён паслядоўна ажыццяўляў тое, аб чым сказаў дзецям з самага пачатку, што яны ўжо не будуць сіротамі, паколькі ён будзе іх бацькам. І сапраўды, ён стаў для іх ідэальным бацькам, які клапаціўся пра важнейшыя патрэбы дзяцей. Важнейшая патрэба кожнага дзіцяці – любоў, і гэтую любоў ён ім даў. Матэрыяльныя патрэбы – харчаванне, вопратка, вучоба, але таксама духоўныя патрэбы – між іншым памяць пра сваю нацыю. Магараджа ніколі не спрабаваў зрабіць з іх індусаў, наадварот, прыгадваў дзецям, што яны палякі, што Польшча – цудоўная краіна, і калісьці яны павінны вярнуцца ў свабодную Польшчу. Дарэчы, дзеці ўспрымалі яго як цудоўнага прынца, які іх вызваліў. Ён быў прынцам і ў прамым, і ў пераносным значэнні. Дзеці часам прыязджалі ў яго палац, бачылі багацце магараджы, і для іх гэта было як казка. Нельга забываць, што дзеці прыбылі ў Індыю з пекла Сібіры, перажылі вельмі шмат. З самага пачатку маім імкненнем было напісаць не дакументальную кнігу, а раман, паказаць, што магараджа вярнуў гэтым бедным дзецям сапраўднае, цудоўнае дзяцінства, у якім павінна быць сяброўства, першае каханне, апека над жывёлай. Гэтым павінны займацца дзеці, а не красці каласкі пшаніцы, каб выжыць або цяжка працаваць за галодны паёк.

Дзеці маглі вярнуцца ў свет нармальнага, шчаслівага дзяцінства дзякуючы свайму збаўцы.

- Сапраўды, дзеці перажылі жахлівыя траўмы, з якімі сённяшні чалавек адразу пабег бы да псіхолага на доўгую тэрапію. А магараджа ім даў такую тэрапію. Акрамя таго, пад канец вайны, калі польскі ўрад хацеў забраць дзяцей-сіротаў, у якіх не было юрыдычных апекуноў, магараджа дазволіў ім застацца. Многія дзеці не хацелі ехаць у Польшчу, паколькі пераважна гэта былі людзі з былых польскіх земляў, якія раней увайшлі ў склад Савецкага Саюза, і яны выдатна ведалі, што такое камунізм і што ён робіць з людзьмі. І тады магараджа зрабіў незвычайны крок – ён гэтых дзяцей, якія не хацелі вяртацца, усынавіў, разам з камендантам лагера і брытанскім афіцэрам, утраіх яны ўсынавілі каля 200 польскіх дзяцей. І тады польскі ўрад ужо нічога не мог зрабіць.

У Польскай Народнай Рэспубліцы гісторыя «добрага магараджы» замоўчвалася, пра яго сталі згадваць толькі пад канец 80-ых гадоў, з прыходам дэмакратычных уладаў.

І Пр. ПР/пер. нг