Беларуская Служба

У Варшаве ладзяць аўкцыён твораў мастацтва, каб дапамагчы ўцекачам з Беларусі

01.02.2022 14:00
Увесь даход з аўкцыёну будзе прызначаны на арэнду дому для беларусаў.
Аўдыё
Уваход у Мірны дом у Варшавефота: БСПР/нг

Ужо амаль год у Варшаве дзейнічае так званы Мірны дом, дзе могуць знайсці прытулак беларусы, якім прыйшлося з'ехаць з айчыны. Неўзабаве адбудзецца дабрачынны аўкцыён твораў мастацтва, увесь даход з якога будзе прызначаны на арэнду дому.

Мірны дом удалося адкрыць на пачатку траўня мінулага года дзякуючы актыўнай дзейнасці фонду «Humanosh», які займаецца дапамогай уцекачам. Калі ў Беларусі пачаліся рэпрэсіі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, фонд у вялікай ступені пераключыў сваю дзейнасць на падтрымку рэпрэсаваных беларусаў.

Дзякуючы Мірнаму дому, больш за 100 беларусаў, якія выратаваліся ад дыктатуры, рэпрэсій і тэрору, спачатку знайшлі дах над галавой, а потым пачалі самастойнае жыццё ў новай краіне. Заснавальніца фонду «Humanosh» Катажына Скопец (Katarzyna Skopiec) адзначае, што беларусаў у Варшаве цяпер так многа, што не ўсе жадаючыя могуць пасяліцца ў доме, але дзякуючы інфармацыйнай кампаніі шмат людзей змаглі танна арандаваць кватэры.

- Агулам мы дапамаглі пяцістам чалавек, частка людзей змагла зняць кватэру. Дзякуючы першаму аўкцыёну і распаўсюду інфармацыі пра тое, што мы шукаем жыллё для ўцекачоў, да нас пачалі звяртацца палякі і прапанаваць свае кватэры беларусам. Яны адзначалі, што хочуць дапамагчы беларусам.

Арэнда вялікага прыватнага дому ў сталіцы Польшчы – гэта каштуе нямала. Арэндная плата ды іншыя кошты складаюць каля 20 тыс. злотых у месяц. А жыхары дому не заўсёды могуць наняцца на працу, каб аплачваць хаця б частку коштаў, напрыклад, у некаторых яго жыхароў ёсць дзеці-інваліды. Каб забяспечыць далейшае функцыянаванне дому і годныя ўмовы для яго жыхароў, неабходныя сродкі на яго ўтрыманне. На гэтыя мэты будуць накіраваныя грошы, атрыманыя ад дабрачыннага аўкцыёну твораў беларускіх і польскіх аўтараў. Гэта ўжо другі аўкцыён – кажа наш госць.

- Падчас першага аўкцыёну, арганізаванага разам з галерэяй Piękna і агенцтвам па маркетынгу Communiction Unlimited, нам удалося сабраць каля 100 тыс злотых ($24 тыс – рэд.). Гэтыя сродкі мы прызначылі на рамонт дому і на арэнду цягам нейкага часу. Таксама частку сродкаў мы прызначаем на дапамогу людзям, якія хочуць пачаць самастойнае жыццё, зʼехаць жыць у здымную кватэру. Мы памагаем ім заплаціць першую квартплату або палову. Самая важная ідэя – памагчы падняцца на ногі, каб чалавек мог далей спраўляцца сам. Няма сэнсу, каб людзі доўга прабывалі ў Мірным доме.

За мінулыя амаль паўтара года ў Польшчу прыехала вельмі шмат беларусаў. Паводле афіцыйнай статыстыкі, некалькі дзясяткаў тысяч грамадзян Беларусі атрымалі гуманітарныя візы. Гэты дакумент выдаецца, калі чалавеку на Радзіме пагражае небяспека. На самой справе беларусаў значна больш, кажуць нават пра некалькі соцень тысяч. Вельмі шмат людзей прыязджае на падставе звычайнай турыстычнай візы, многія маюць Карту паляка, ім не патрэбны дазвол на працу і пражыванне. Ці за гэты час, які прайшоў з дня выбараў, нейкім чынам змяніліся адносіны палякаў да беларусаў, ці ёсць разуменне, што рэпрэсіі ў Беларусі могуць працягнуцца доўга? Як палякі ставяцца да беларусаў?

- Вельмі пазітыўна. Нядаўна я размаўляла са знаёмым палякам і ён сказаў, што беларусы вельмі працавітыя, палякі любяць з імі працаваць. Калі беларус ужо «прыжывецца» у новым калектыве, то наймальнік як правіла вельмі задаволены яго працай. Палякі таксама разумеюць, наколькі складаная сітуацыя ў Беларусі, што трэба дапамагаць далей, хаця не ўсе разумеюць, што такое становішча можа зацягнуцца на доўгія гады. І гэта самая вялікая праблема – якім чынам падтрымаць энергію, жаданне дапамагаць цягам доўгага часу. Кожная тэма не можа быць на топе вельмі доўга. Тым не менш, мы стараемся прыцягнуць да аўкцыёну як мага больш людзей, паколькі без сродкаў, якія нам удасца сабраць ад продажу, мы проста не пражывем. А трапляюць да нас людзі, якім вельмі цяжка, напрыклад, ёсць адзінокая мама, у якой дзіця-інвалід, ёсць людзі, якія прайшлі праз катаванні. Наш фонд першы прадставіў беларусам жыллё, нядаўна горад выдзеліў некалькі кватэр для ўцекачоў, але мы першыя знялі дом, у якім змаглі знайсці жыллё беларусы.

Другі аўкцыён пройдзе 9 лютага. Свае працы на продаж перадалі маладыя беларускія мастакі, між іншым Алеся Жыткевіч, Міхаіл Гулін, Ігар Цішын, а таксама польскія аўтары – у прыватнасці, Павел Кавалеўскі, Катажына Казыра, Яна Шостак. А пра аўкцыён і Мірны дом для беларусаў распавяла заснавальніца фонду «Humanosh» Катажына Скопец.

нг