Беларуская Служба

Якія прафесіі павінны выбіраць маладыя людзі, каб у будучыні быць паспяховымі спецыялістамі?

15.02.2022 14:32
Цяпер сталі важнымі так званыя мяккія кампетэнцыі – уменне працаваць у камандзе, вырашаць праблемы.
Аўдыё
Grafika ilustracyjna
Grafika ilustracyjnashutterstock/MJgraphics

Свет мяняецца такімі маланкавымі тэмпамі, што мы часамі страчваем магчымасць сачыць за зменамі і дапасоўвацца да іх. Пакаленне сённяшніх бацькоў, дзеці якіх выбіраюць сваю будучую прафесію або неўзабаве будуць гэта рабіць, нарадзілася яшчэ ў часы, калі не было інтэрнэту, а так званыя новыя тэхналогіі яно ведала пераважна з кніжак пра навуковую фантастыку. Тым часам фантастыка ў вялікай ступені стала нашай рэальнасцю, а нават у некаторых галінах рэчаіснасць пераўзышла ўяўленне пісьменнікаў і сцэнарыстаў навукова-фантастычных фільмаў.

Яшчэ нядаўна, каб быць добрым спецыялістам, трэба было мець багаты запас ведаў, без якіх немагчыма было знайсці высокааплатную працу. Цяпер жа, калі пошук інфармацыі лёгкі як ніколі, сталі важнымі іншыя кампетэнцыі, так званыя мяккія, – уменне працаваць у камандзе, вырашаць праблемы, але таксама важнае пытанне, якім чынам знайсці сябе ў свеце новых тэхналогій? Пра гэта распавядае госць Польскага радыё Явіта Міхальска (Jowita Michalska), кіраўнік кампаніі Digital University.

- Вельмі важна, каб сацыяльныя навыкі ў дзяцей бацькі будавалі крыху інакш, чым раней. Скажам, супраца ў камандзе выглядае інакш, чым 5-6 гадоў таму, паколькі цяпер у фірмах працуюць міждысцыплінарныя каманды. У іх уваходзяць людзі, у якіх вельмі розныя погляды на свет, таму неабходна навучыцца супрацоўнічаць з асобамі, якія значна адрозніваюцца ад нас, трэба навучыцца не ўспрымаць іх у штыкі. На жаль, польская школа засталася далёка ззаду, яна не паспявае за патрэбамі працоўнага рынку. Школа не любіць крэатыўных вучняў і такіх, хто задае шмат пытанняў. Тым часам, цяпер якраз важнае ўменне правільна задаваць пытанні, калі сухую інфармацыю можна знайсці ў сеціве. Не трэба затыкаць рот дзецям, якія пастаянна задаюць пытанні, паколькі гэта якраз навык, які прыдасца ў будучыні. Акрамя таго, дзецям патрэбныя элементарныя веды пра новыя тэхналогіі. Глядзіце разам з дзецьмі фільмы, самі даведайцеся, што такое штучная інтэлігенцыя. Не трэба паўтараць лухту, што штучная інтэлігенцыя нас заб’е або адбярэ ў нас працу.

А ці сапраўды не адбярэ? У людзей паяўляецца натуральны страх, калі яны заўважаюць, што ўсё часцей замест жывога чалавека яны сустракаюцца з аўтаадказчыкам-ботам, калі, скажам, звоняць па нейкіх справах па нумары тэлефону-даведніка.

- У многіх галінах дзейнасці тэхналогія пашырыць нашы магчымасці. Калі паглядзець на рынак працы, то можна заўважыць, што важным трэндам працоўнага рынку з’яўляецца так званы great resignation – вялікі адыход, адмаўленне ці звальненне. Гэта найлепш відаць у Злучаных Штатах Амерыкі – у мінулым годзе каля 20% супрацоўнікаў там звольніліся з працы, не таму, што іх прымусілі наймальнікі, а таму, што праца не адпавядала іх патрэбам, яны хацелі б рабіць нешта іншае, больш каштоўнае, напрыклад, займацца ратаваннем нашай планеты. Сучасны свет дае вельмі шмат розных магчымасцяў зарабіць грошы, асабліва ў багатых краінах – скажам, здаць сваю кватэру на выходныя. Важным штуршком стала пандэмія, калі людзі пачалі задаваць сабе пытанне пра сэнс існавання, навошта я жыву, што для мяне важна. І многія перагледзелі сэнс свайго жыцця. Нават прадстаўнікі так званага пакалення Х, якое заўсёды ўспрымалася як пакаленне працаголікаў, цяпер сталі больш займацца сям’ёй, чым працай.

Канешне, можна ўсё кінуць і выехаць жыць у глухамань, але не ўсе да гэтага гатовыя і здольныя. Большасць людзей выбірае ўсё ж такі жыццё блізка цывілізацыі. У такім выпадку як пакіраваць адукацыяй і кар’ерай дзяцей, каб яны знайшлі сваё месца ў свеце будучыні?

- У бліжэйшай будучыні трэба зразумець свет тэхналогіі – штучная інтэлігенцыя, інтэрнэт рэчаў і г.д, каб мы маглі адкінуць тую лухту, якой кормяць нас часта СМІ. Калі мы ўжо дарослыя, то мы павінны пацікавіцца, што ў нашай галіне мяняецца дзякуючы тэхналогіі, і старацца ісці ў нагу са зменамі. Акрамя таго, трэба старацца ладзіць кантакты з людзьмі, з якімі мы раней не супрацоўнічалі, выйсці за рамкі вузкай спецыялізацыі. Я кожнаму прапаную дамовіцца пайсці на каву з кімсьці, хто займаецца новымі тэхналогіямі і паслухаць, што ён робіць. У будучыні будзе вельмі шмат прафесій, якія будуць займацца праектаваннем пры дапамозе тэхналогіі. Многія маладыя людзі будуць працаваць у так званым мэтаверсум – гэта штучная рэчаіснасць на памежжы рэальнага жыцця і камп’ютарнай гульні. Можна будзе пераходзіць паміж рознымі светамі. І гэты мэтаверсум неабходна будзе запраектаваць.

Пра прафесіі будучыні разважала кіраўнік кампаніі Digital University Явіта Міхальска.

І Пр. ПР/нг