Беларуская Служба

Святы Айцец заклікаў да посту і малітвы ў інтэнцыі міру

25.02.2022 13:57
Рэлігійныя супольнасці Польшчы гатовыя аказаць уцекачам з Украіны не толькі малітоўную, але і матэрыяльную дапамогу.
Аўдыё
  • Святы Айцец заклікаў да посту і малітвы ў інтэнцыі міру
 -
Цягнік Кіеў-ВаршаваPAP/WOJTEK_JARGILO

Францішак спаслаўся на драматычную сітуацыю ва Украіне і пагрозу міру ва ўсім свеце. Ён заклікаў вернікаў прысвяціць Папяльцовую сераду, 2 сакавіка 2022 года, посту і малітве за мір.

«Я адчуваю вялікі боль у сваім сэрцы з прычыны пагаршэння сітуацыі ва Украіне. Нягледзячы на дыпламатычныя намаганні мінулых тыдняў, адкрываюцца ўсё больш і больш трывожныя сцэнарыі. Як і я, многія людзі ва ўсім свеце адчуваюць трывогу і заклапочанасць. Міру ўсіх пагражаюць прыватныя інтарэсы», – сказаў Папа 23 лютага 2022 года падчас агульнай аўдыенцыі.

Францішак запрасіў вернікаў і няверуючых зрабіць 2 сакавіка 2022 года, Папяльцовую сераду, днём посту ў інтэнцыі міру. «Няхай Валадарка міру выратуе свет ад вар'яцтва вайны», – звярнуўся Пантыфік.

Рэлігійныя супольнасці ва ўсім свеце заклікаюць маліцца і быць салідарнымі з украінскім народам. Польскія касцёлы рыхтуюцца дапамагаць не толькі малітоўна, але і матэрыяльна.

Мітрапаліт Варшаўскі кардынал Казімеж Ныч запрашае ў Папяльцовую сераду ў храм Божага Провіду ў Варшаве на імшу за Украіну. Сёлетні Вялікі пост мае асабліва сурʼёзны кантэкст:

-Уваход Расіі ва Украіну і, на жаль, забітыя людзі, робяць з посту яшчэ больш сур’ёзны час роздуму, але і салідарнасці малітоўнай, а таксама чалавечай з народам украінскім. Хрысціяне маюць абавязак маліцца за тых, хто церпіць у выніку вайны, маліцца за мір.

Але адначасова хрысціяне павінны выказаць гатоўнасць прыйсця з дапамогай.
Кардынал заахвоціў парафіі і сем’і да пастаяннай малітвы за Украіну і да салідарнасці:

-Адначасова я прашу, каб нашая архідыяцэзія была падрыхтаваная, калі б здарылася нешта яшчэ больш горшае. Каб мы былі гатовыя прыняць і дапамагчы нашым братам, якія гадамі ўжо жывуць у Польшчы і тут працуюць. Гэтым разам яны ўцякаюць ад вайны, ад небяспекі смерці, цярпення, а нават голаду. Трэба быць салідарнымі і трэба дапамагаць.

«Звяртаюся да братоў украінскага народа, мы ідзем са словам суцяшэння, вы не самотныя, мы молімся за вас і акажам вам патрэбную дапамогу», – напісаў арцыбіскуп Анджэй Дзенга, Мітрапаліт Шчэцінскі і Каменскі. Ён заклікаў вернікаў да вялікай духоўнай падтрымкі і малітвы за тых, хто пацярпеў у выніку вайны ва Украіне.

-Асабліва трэба маліцца за тых, хто непасрэдна церпіць. Можа ў іх нехта загінуў, можа дом ці месца працы знішчанае, а можа яны ў стрэсе і паніцы. Трэба маліцца, каб яны паспелі прыняць дапамогу, якая іх чакае.

Арцыбіскуп Дзенга таксама просіць вернікаў Касцёла аб матэрыяльнай падтрымцы ўкраінскага народа.

-Як каталіцкая супольнасць мы хочам да гэтага далучыцца праз дзейнасць дабрачыннай арганізацыі «Карытас», але і праз дадатковую акдрытасць у месцах нашага пражывання, у парафіях, супольнасці. Кожная ідэя і дапамога патрэбная.
Мітрапаліт Шчэцінскі і Каменскі дадаў, што хоць і не было апраўдання «сейцам смерці», якія ўварваліся ва Украіну, трэба таксама маліцца за іх навяртанне і вяртанне на шлях міру.

Каталіцкая дабрачынная арганізацыя «Карытас» на мясцовым узроўні арганізуе пункты, у якіх уцекачы з Украіны, якія ўжо паявіліся ў Польшчы, змогуць атрымаць першую дапамогу: харчаванне, вопратку, прадметы гігіены, начлег, псіхалагічную дапамогу.

«Карытас» Беластоцкай архідыяцэзіі гатовы дапамагчы ўкраінцам, якім спатрэбіцца падтрымка. «Мы ўжо сабралі самыя неабходныя прадметы», – кажа дырэктар «Карытас» ксёндз Ежы Сэнчэк.

-Досвед канфлікту на польска-беларускай мяжы навучыў нас многаму, у выніку гэтага мы навучыліся быць гатовымі на такія выклікі. Прадметы першай дапамогі ўжо сабраныя. Мы ў любы момант гатовыя аказаць дапамогу ўкраінцам. Гэта вопратка, ежа, сродкі гігіены, прадметы першай неабходнасці.

Да акцыі дапамогі далучыліся і іншыя рэлігійныя супольнасці Польшчы, у тым ліку праваслаўныя, грэка-католікі, пратэстанты.

ав

Больш на гэтую тэму: Багацце веры