Беларуская Служба

Закончылася місія польскіх навукоўцаў ў Антарктыдзе

17.03.2022 16:28
Дадому вярнуліся навукоўцы, якія аднавілі адзіную польскую базу ў кантынентальнай Антарктыдзе.
Аўдыё
  • Навукова-тэхнічная перадача
   ..  19781979.
Польская антарктычная станцыя А.Б. Дабравольскага 1978/1979. Аўтар Анджэй Пахутаhttps://dobrowolski.igf.edu.pl/?page_id=55

На караблі яны дабраліся да Афрыкі, а з Кейптаўна праз Франкфурт самалётам прыляцелі ў Варшаву. З улікам паездкі экспедыцыя доўжылася больш за 4 месяцы. Станцыя імя Антонія Дабравольскага ў Антарктыдзе 42 гады не выкарыстоўвалася для навуковых даследаванняў.

Польскія вучоныя, якія туды прыбылі на пачатку студзеня, працавалі на станцыі 37 дзён. Яны падрыхтавалі месца для начлегу і працы для наступных экспедыцый.

Кіраўніком каманды з 4 чалавек з'яўляецца прафесар Марэк Левандоўскі, які таксама аўтар праграмы рэвіталізацыі станцыі.

- Мы добраўпарадкавалі і ажывілі будынкі. Працуе ацяпленне і туалет, можна падключыць ваду. Мы ўладкавалі кухню. Будынкі падрыхтаваныя прымаць наступныя экспедыцыі.  Мы пратэставалі прылады, якія фіксуюць сейсмічныя хвалі, змены магнітнага поля, дынаміку іанасферы і метэаралагічныя параметры. Мы таксама ўзялі пробы для геахімічных, геафізічных і экалагічных даследаванняў. Словам – увесь пакет.

У складзе экспедыцыі былі таксама прафесар Войцех Мілёх і доктар Адам Наўрот. Адзіная жанчына, якая ўдзельнічала ў экспедыцыі, прафесар Моніка Кусяк. Яна таксама першая полька, якая дасягнула Аазісу Бунгера, дзе знаходзіцца станцыя.

Моніка Кусяк расказала, што экспедыцыя патрабуе вельмі высокага ўзроўню фізічнай падрыхтоўкі.

- Найбольш складанае што было, як і для кожнай жанчыны, гэта насіць цяжары. Ёсць такая прымаўка: вучыся вучыся, а то камяні цягаць будзеш. А я вучуся ўсё маё жыццё, а камяні і так нашу. Я прайшла больш за 150 кіламетраў і перамясціла на сваёй спіне агулам 150 кілаграмаў камянёў.

Станцыя імя Антонія Дабравольскага знаходзіцца ў Аазісе Бунгера ва Усходняй Антарктыдзе. Станцыя была пабудавана ў 1957 годзе савецкімі навукоўцамі. У наступным годзе Савецкі Саюз перадаў яе ПНР. Польская акадэмія навук прыняла станцыю ў студзені 1959 года.

З 1979 года станцыю не выкарыстоўвалі для правядзення навуковых даследаванняў.

А сёлета 23 студзеня там зноў залунаў польскі сцяг. Гэта адбылося ў 63-ю гадавіну заснавання найстарэйшага польскага навукова-даследчага цэнтра ў Антарктыдзе і адзінага ў кантынентальнай Антарктыдзе.

Другая польская навуковая база ў Антарктыдзе – станцыя імя Генрыка Арцтоўскага. Яна размешчана на востраве Кінг Джордж у Паўднёвым Шэтландскім архіпелагу.

яс/IAR

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка