Беларуская Служба

У Варшаве раздаюць нарцысы ў памяць пра герояў паўстання ў Варшаўскім гета

19.04.2022 14:01
У польскай сталіцы ў 79-ю гадавіну паўстання ў Варшаўскім гета ладзіцца традыцыйная акцыя ўшанавання памяці ўдзельнікаў паўстання.
Аўдыё
  • Ушанаванне памяці герояў паўстання ў гета
Нарцысы ля помніка забітым фота: PAP/Tomasz Gzell

Варшаўскае гета было самым вялікім, створаным немцамі ў часы Другой сусветнай вайны. Па загаду губернатара Варшаўскага павета Людвіга Фішэра, прынятага ў кастрычніку 1940 г., горад быў падзелены на дзве часткі. У зону гета фашысты прымусілі перасяліцца 138 тыс. чалавек. Гэта былі габрэі па нацыянальнасці, у сваю чаргу 113-ці тысячам палякаў давялося пакінуць гэты раён.

Межы гета былі закрытыя ў ноч з 15 на 16 лістапада 1940 г. З гэтага моманту гета стала закрытым раёнам, з яго нельга было выйсці без спецыяльнага дазволу, таксама, як і ўвайсці.

У ліпені 1942 года акупанты пачалі ажыццяўляць свой злачынны план па поўнай фізічнай ліквідацыі габрэяў. З гета паступова вывозілі жыхароў, якія траплялі ў канцлагеры і там гінулі. Нямецкая прапаганда казала, што гэтых людзей вывозяць на працу, аднак паступова праўда аб лёсе габрэяў прасачылася за муры гета дзякуючы асобам, якім удалося ўцячы.

Было прынята рашэнне распачаць узброеную барацьбу. Асноўнай праблемай байцоў была адсутнасць зброі. Дробных запасаў з польскага падполля не хапала, таму існавалі розныя спосабы здабыць зброю па так званым арыйскім баку і даставіць яе ў гета. Падпольныя заводы выраблялі запальныя бутэлькі, лямпы, напоўненыя сернай кіслатой, гранаты.

Баі пачаліся раніцай 19 красавіка 1943 г. У баях удзельнічала каля тысячы слаба ўзброеных паўстанцаў. Немцы кінулі на падаўленне паўстання больш за 2000 чалавек, бранятэхніку і артылерыю.

Спробы аказання дапамогі адзінокім габрэйскім байцам, якія прадпрымаліся польскім падполлем скончыліся няўдачай. Паўстанне – нягледзячы на заклікі польскага ўраду ў Лондане – не выклікала ніякай рэакцыі саюзнікаў. У знак пратэсту супраць абыякавасці свету да трагедыі габрэйскага народу ў траўні 1943 г. скончыў жыццё самагубствам член Нацыянальнай рады Рэчы Паспалітай у Лондане Шмуль Жыгелбойм.

Паводле дакладу аднаго з кіраўнікоў прыгнечання паўстання Юргена Штропа, у часе паўстання на тэрыторыі гета знаходзілася больш за 56 тыс. чалавек. Прыблізна 7 тысяч загінулі на месцы падчас баёў, 6 тыс у выніку пажараў або задымлення. Іншыя былі забітыя пазней або загінулі ў канцлагерах. З паўстанцаў выжыла літаральна некалькі чалавек.

Кожны год польская сталіца ўшаноўвае памяць гераічных паўстанцаў. Сёлета, у 79-ю гадавіну паўстання ў Варшаўскім гета, Музей гісторыі польскіх габрэяў POLIN ладзіць юбілейнаю, 10-ую па ліку кампанію пад назваю «Нарцысы». У дзясяты раз на вуліцах Варшавы 19 красавіка можна сустрэць валанцёраў, якія раздаюць мінакам папяровыя кветкі – нарцысы. Такім чынам музей распаўсюджвае веды пра першае гарадское паўстанне ў акупаванай немцамі Еўропе.

Па словах дырэктара музею POLIN Зыгмунта Стэмпінскага, сёлетняя кампанія вельмі шырокая. Перад пачаткам акцыі ён расказаў, што падрыхтаваныя для раздачы столькі нарцысаў, колькі габрэяў жыло ў сталіцы Польшчы перад вайной.

- Сёлета мы намераны раздаць 368 тысяч нарцысаў, таму што да вайны столькі габрэяў пражывала ў Варшаве. У акцыі ўдзельнічаюць больш за тысячу валанцёраў, больш за 5 тысяч школ і больш за тысячу публічных бібліятэк па ўсёй краіне. Плюс дзеянні на міжнароднай арэне – у Ізраілі і ЗША.

Амбасадаркай сёлетняй кампаніі з'яўляецца славутая музыкантка, пяснярка Ірэна Сантар. Яна не сумняваецца ў тым, што памяць пра паўстанне ў Варшаўскім гета трэба захоўваць і рэгулярна ўшаноўваць.

- Неабходна вучыць наступнае пакаленне. Мы павінны перадаць маладым людзям, пакаленню, якое прыйдзе пасля нас, веды пра тое, што было ў мінулым і чаго трэба баяцца. Трэба вучыць паступаць так, як павінны паступаць людзі, неабходна быць – кажучы коратка адным слова – проста чалавекам. А што такое чалавечнасць? Гэта значыць: любі бліжняга, як самога сябе.

Нарцыс – сімвал паўстання ў Варшаўскім гета ў памяць пра аднаго з кіраўнікоў паўстання, якія перажылі паўстанне, – Марэка Эдэльмана. Кожны год Эдэльман ставіў букет жоўтых кветак да помніка героям гета ў варшаўскім раёне Муранаў. Нарцыс з’яўляецца сімвалам вясны, адраджэння прыроды пасля зімняй спячкі. Гэтая прыгожая жоўтая кветка стала таксама сімвалам пашаны ў адносінах да герояў і мучанікаў паўстання і памяці пра гэтую гераічную барацьбу жыхароў Варшавы, жыхароў сталічнага гета супраць нямецкіх акупантаў.

IAR PR/нг