Беларуская Служба

Свет перастае баяцца расійскага ядзернага шантажу

26.04.2022 14:03
Існуе рэальная небяспека ядзернай вайны. Аб гэтым заявіў у панядзелак кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў. 
Аўдыё
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay.com/geralt

Сяргей Лаўроў адзначыў у вялікім інтэрв’ю на расійскім дзяржаўным тэлебачанні, што ў цяперашніх умовах пачатак Трэцяй сусветнай вайны з'яўляецца рэальным зыходам канфлікту ва Украіне, верагоднасць якога нельга выключаць.

«Цяпер вельмі істотныя рызыкі. Мне б не хацелася, каб іх штучна раздзімалі. Жадаючых нямала. Небяспека сурʼёзная, рэальная. Яе нельга недаацэньваць», – сказаў ён у праграме «Вялікая гульня» ў эфіры «Першага канала». Міністр таксама мяркуе, што пастаўкі Кіеву ўзбраенняў краінамі – членамі НАТА зʼяўляюцца «проксі-вайной супраць Расіі». Узброеныя Сілы РФ будуць разглядаць склады гэтых узбраенняў як цэль на тэрыторыі Украіны, паведаміў Лаўроў.

Масква не адмаўляецца ад патрабаванняў, якія высунула на пачатку поўнамаштабнага вайсковага ўварвання ва Украіну, пацвердзіў кіраўнік МЗС РФ. Ён выказаў упэўненасць, што наступная сусветная вайна непазбежна стане ядзернай, з прычыны чаго палітык просіць не спісваць з рахункаў магчымасць прымянення ядзернай зброі адной з краін. Разам з тым Лаўроў не стаў адказваць на пытанне аб тым, ці гатовая Расія прымяніць ядзерную зброю першай, але адзначыў, што прынцыповай пазіцыяй РФ зʼяўляецца недапушчальнасць ядзернай вайны.

Яшчэ нядаўна верагоднасць развязання атамнай вайны здавалася зусім мізэрнай. Ніхто пра гэта практычна не думаў і не гаварыў. А два месяцы таму публіцысты і эксперты на поўным сур’ёзе пачалі абмяркоўваць, якім чынам выжыць падчас ядзернай атакі. У агульным уяўленні амаль немагчыма застацца ў жывых, аднак калі спараўды наступіць ядзерны ўдар, гэта будзе хутчэй за ўсё атака тактычнай зброяй. Такі выбух магчыма перажыць, аб чым казаў у сваім Ютуб-канале папулярны блогер Максім Кац.

- Калі пачынаеш абмяркоўваць гэтую тэму, людзі пачынаюць нервова жартаваць. А калі нервова аджартавацца не атрымліваецца, яны адмаўляюцца гэта сур’ёзна абмяркоўваць і закрываюць пытанне словамі – маўляў, мы і так усе памром, прыйдзе канец свету, ядзерная зіма і г.д. Аднак на самой справе ёсць што абмяркоўваць. Нават у гарадах, куды непасрэдна трапіць ядзерная бомба, выжыве каля 60% жыхароў. І вы можаце быць сярод тых, хто выжыве і нават не страціць здароўя. Або страціць нязначна.

Тым не менш, не толькі сярод звычайных людзей распаўсюджана меркаванне, што выкарыстанне ядзернай зброі будзе азначаць пачатак сусветнай вайны, пасля якой не застанецца чалавецтва. Пра гэта згадваюць высокапастўленыя палітыкі, у тым ліку прэзідэнт Анджэй Дуда. У вялікай ступені такія выказванні робяцца з мэтаю стрымаць расійскія ўлады ад запуску самай забойчай зброі. Пра гэта згадваў у эфіры Польскага радыё прафесар Анджэй Гіль (Andrzej Gil) з Каталіцкага ўніверсітэту ў Любліне.

- Усе гэтыя пагрозы, якія мы чуем з боку адміністрацыі Пуціна, з вуснаў ягоных чыноўнікаў, выдатна падсумаваў нейкі час таму прэзідэнт Анджэй Дуда: трэба разумець, што якое-колечы выкарыстанне атамнай зброі будзе азначаць канец жыцця на Зямлі. Аднак такія выказванні расіян павінны прымусіць еўрапейскіх палітыкаў пераасэнсаваць свой падыход да Расіі. Перш за ўсё я маю на ўвазе Германію. Нямецкія палітыкі павінны ў канцы канцоў адмовіцца ад сваёй пазіцыі, якую можна коратка назваць словамі «Мір кожнаю цаною». Мір, дабрабыт, грошы кожнаю цаною. Такі свет закончыўся. 24 лютага мы прачнуліся ў іншым свеце. Яшчэ не ведаем, якім, але трэба гэта абмяркоўваць і рабіць высновы.

Нямецкія палітыкі, у тым ліку канцлер Олаф Шольц, паступова страсаюць з сябе страх перад ядзернай вайной і сваю традыцыйную сімпатыю да Расіі. Урад ФРГ выразіў згоду на пастаўку нямецкіх зенітных самаходных установак Гепард ва Украіну. Нямецкія і заходнія палітыкі разумеюць сур’ёзнасць пагрозы, якая зыходзіць з Расіі. У аўторак прадстаўнікі заходнееўрапейскіх краін з удзелам міністра абароны ЗША Лойда Осціна абмяркоўвалі ў нямецкім Рамштайне пытанне пастаўкі ўзбраенняў Украіне.

Цяпер Украіна атрымае ад ЗША ды іншых краін неабходную ваенную тэхніку, расійскі ядзерны шантаж ужо не дзейнічае, – заявіў у эфіры тэлестанцыі Украіна24 расійскі публіцыст Андрэй Пянткоўскі.

- Захад, ЗША пазбавіліся ад страху перад пуцінскім ядзерным шантажом. Ён 15 гадоў гэтым карыстаўся, таму Украіну не прынялі ў НАТА, яму з рук сышла Грузія, таму што баяліся правакаваць Пуціна. Але з гэтым шантажом канец. Расіі даюць зразумець, што калі яна будзе пагражаць знішчыць ядзернай тактычнай зброяй еўрапейскі горад, мы адкажам тым жа – абмежаваным ядзерным ударам.

Дарэчы, у Расіі паявіўся яшчэ адзін галаўны боль. Швецыя і Фінляндыя пагадзіліся падаць заяўкі на сяброўства ў НАТА. Скандынаўскія краіны могуць пачаць працэс уступлення ў Альянс у сярэдзіне траўня.

нг