Беларуская Служба

Забруджанні ад выхлапных газаў не трапляюць у мёд гарадскіх пчолаў

06.05.2022 12:06
 Як пчолы спраўляюцца з фільтраваннем выхлапных газаў? 
Аўдыё
  • Забруджанні ад выхлапных газаў не трапляюць у мёд гарадскіх пчолаў
.
.designerpoint/pixabay.com/CC0

На даху Палаца культуры і навукі ў самым цэнтры Варшавы стаяць пяць драўляных вулляў. Віктар Енджэеўскі з фонду «Гарадскія пчолы» пераконвае, што мёд не забруджваецца на перагружаных, ажыўленых вуліцах, такіх як Маршалкоўская і Свентакшыская. Як пчолы спраўляюцца з фільтраваннем выхлапных газаў? 

У Палацы культуры і навукі, больш-менш на вышыні сёмага паверха, размешчаныя пяць белых драўляных вулляў. Побач растуць меданосныя кусты і шматлетнія расліны. Кожны год для пчолаў садзяць мёдадайныя расліны: кацямятку, зайцаву капусту, якія цвітуць адзін за адным, а таксама духмяныя будлеі і верасы.

Пасека на Палацы навукі і культуры паявілася ў 2015 годзе. «Сёння ў пчол не простае жыццё. Іх колькасць працягвае змяншацца. Значная частка сельскагаспадарчай вытворчасці, залежыць ад пчолаў, якія апыляюць расліны. Мы павінны дапамагчы гэтым карысным казуркам. Дзякуючы такім гарадскім вуллям, мы маем магчымасць прасоўваць ідэю гарадскога развядзення пчол. Мы хочам паказаць жыхарам Варшавы, што дзякуючы нашым сумесным намаганням мы сапраўды можам паспрыяць выжыванню гэтага віду», – кажа Віктар Енджэеўскі з фонду «Гарадскія пчолы».
Ваколіца Палаца культуры і навукі – самы цэнтр Варшавы. Ці перашкаджаюць пчолам выхлапныя газы з перагружаных вуліц сталіцы? Гэтае пытанне рэпарцёр Польскага радыё задаў Віктару Енджэеўскаму з фонду «Гарадскія пчолы».

-Меданосная пчала мае незвычайную здольнасць, калі гаворка ідзе пра вытворчасць мёду. Забруджанні, якія прыносіць аўтастрада каля саду, а з іншага боку тут Маршалкоўская і Свентакшыская, вялікія закаркаваныя вуліцы, яны ў стане дасканала фільтраваць. Так, гэтыя забруджанні адкладваюцца ў арганізме пчалы і гэта мае ўплыў на якасць яе жыцця. Пчолы жывуць крыху менш, але зусім крыху, гэта вельмі невялікая розніца. Але гэтага забруджання ў мёдзе не знайсці. У сваю чаргу пчолы маюць праблему з фільтраваннем тыповых сельскагаспадарчых забруджанняў – пестыцыды, угнаенні, хімія, якую выкарыстоўваюць у сельскай гаспадарцы. Гэтага яны не ўмеюць фільтраваць і такія рэчы ў мёдзе адкладваюцца.

Як адзначае Віктар Енджэеўскі, пчолы кожны год вырабляюць зусім іншы мёд.

-Кожны год гэта іншы мёд. У асноўным аднатыпныя мёды – гэта вынік прамысловага пчалярства. Без увядзення прамысловых тэхнік у гадоўлю пчолаў немагчыма атрымаць чысты гатунковы мёд. Напрыклад, праз два месяцы ў горадзе будзе цвісці ліпа, якая з’яўляецца вельмі прыцягальнай ежай для пчолаў. Але можа здарыцца так, што падчас цвіцення ліпы будзе падаць дождж, пылок з кветак будзе вымыты, а ў мёдзе не будзе ліпавага складніка. Кожны год, кожны сезон іншы. Тое, што знаходзіцца ў слоіку, залежыць ад таго, што нам прынясе надвор’е.

Як далёка можа даляцець такая пчала? Эксперт кажа, што агулам меданосная пчала з усіх гатункаў пчол з’яўляецца рэкардсменкай, калі казаць пра адлегласці. Яна можа праляцець нават 5 км і прынесці назад пылок. Аднак, ёсць але.

- Такое 5-кіламетровае падарожжа прымушае пчалу выкарыстаць вельмі шмат энергіі. Таму ў выніку такое падарожжа цалкам не аплочваецца. Падобна сітуацыя выглядае з вуллямі на дахах. Адлегласць з зямлі да 15 ці 20 паверха вымагае вельмі вялікіх энергетычных затрат, таму пчала ў такіх месцах не ў стане самастойна функцыянаваць. Яе трэба пастаянна падкормліваць.

Апошнія гады гарадскія вуллі атрымалі сваю папулярнасць, таксама ў многіх іншых краінах свету. У Варшаве іх некалькі сотняў. Аднак гэта вельмі мала ў параўнанні з іншымі сталіцамі. Напрыклад, у суседнім Берліне іх больш за 4 тысячы. Паводле ацэнак, у Лондане налічваецца больш за 5000 вулляў. У пік летняга сезону, калі пчаліныя сем'і найбольш моцныя, у горадзе пражывае 250 мільёнаў пчол – людзей у 30 разоў менш.

Заснавальнікі гарадскіх вулляў тлумачаць, што ў гарадах паяўляецца ўсё больш зялёных тэрыторый, што спрыяе пчолам. Гэта адыгрывае вялікае значэнне для павелічэння іх папуляцыі, што ў цяперашнія часы вельмі важна.

ав

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце