Планета мае ўсё менш часу, каб пазбегнуць кліматычную катастрофу. Гэта, аднак, не азначае, што нічога нельга зрабіць. Экалагічная арганізацыя WWF Польшча заклікае падпісаць зварот навукоўцаў і не дапусціць да пагаршэння сітуацыі.
Навука мае важкія доказы таго, што цяперашняе змяненне клімату выклікана чалавекам. Калі не абмяжоўваць далейшае павышэнне тэмпературы, можна чакаць драматычных наступстваў для нас і прыроды ў цэлым. Каб пазбегнуць іх, свет павінен удвая скараціць выкіды парніковых газаў да 2030 года і стаць кліматычна нейтральнымі да 2050 года.
WWF Польшча падрыхтавала зварот «Прабачце, у нас не такі клімат», які падпісваюць навукоўцы і звычайныя палякі. Разам заклік падпісалі больш за 100 навукоўцаў, і больш за 11 тысяч грамадзян, якія разумеюць важнасць праблемы.
Акцыя павінна абудзіць людзей, кажа прэс-сакратар польскага аддзялення WWF Польшча Катажына Карпа-Свідэрэк.
-Акцыя павінна абудзіць нас са спячкі і паказаць, што ў нас вельмі мала часу, каб вярнуць клімату стабільнасць. Каб зменшыць выкіды да ўзроўню, які дазволіць нам бяспечна функцыянаваць. Гэты зварот мы падрыхтавалі ў супрацы з навукоўцамі. Нашым тварам з’яўляецца прафесар Шыман Маліноўскі, фізік атмасферы, які вывучае клімат дзясяткі гадоў. Гэта чалавек, які вельмі свядомы таго, якія небяспекі звязаныя з тым, што чалавек так моцна памяняў клімат, а рост тэмпературы выйшаў з-пад кантролю, калі мы ўвогуле мелі калі-небудзь гэты кантроль.
Калі чалавецтва нічога не зробіць, то планету чакае чорны сцэнар. Яго пачаткі бачныя ўжо цяпер, адзначае Катажына Карпа-Свідэрэк. Апошнімі гадамі экстрэмальных з’яваў становіцца ўсё больш. Назіраецца таянне ледавікоў. Чалавецтва перакрочвае ўсё больш беззваротных пунктаў, якія выклікаюць чарговыя праблемы.
Што можа быць? Эколагі з WWF расказваюць, што будуць засухі, будзе праблема з вытворчасцю прадуктаў харчавання, будзе праблема з бяспекай, звязаная, напрыклад, з ураганнымі вятрамі. Будзе праблема з павышэннем узроўню вады мораў і акіянаў. Тэрыторыі, якія знаходзяцца ніжэй за ўзровень вады, могуць апынуцца пад ёй. У адной з акцый WWF Польшча паказала, як можа выглядаць Польшча ў 2050 годзе, калі нічога не будзе зроблена. Атрымаўся катастрафічны прагноз надвор’я, які наступіць у выпадку, калі колькасць выкідаў надалей будзе на цяперашнім узроўні. Штодзённасцю будуць засухі, затапленні, смерчы, ураганныя вятры. У Польшчы гэта сітуацыя, калі паўвостраў Хэль стане востравам, частка Гданьска апынецца пад вадой, а паўночныя тэрыторыі Мальбарка будуць марскім портам.
WWF Польшча падкрэслівае, што вельмі важна пачаць дзейнічаць ужо цяпер, кажа Катажына Карпа-Свідэрэк:
-У нас у галаве стала сядзіць гарызонт, што можна будзе пачаць нешта рабіць праз 50 гадоў, ці што да 2050 году паспеецца. Аднак, гэта так не дзейнічае. Гэтыя крокі трэба прадпрымаць ужо. Рапарты навукоўцаў пры ААН кажуць, што недастаткова таго, што мы будзем кліматычна нейтральнымі да паловы стагоддзя. Бо мы да 2030 году, які ўжо праз восем гадоў, павінны зменшыць выкіды на палову. Таму ўжо цяпер трэба прадпрымаць крокі, каб у 2050 годзе стаць кліматычна нейтральнымі, каб не перасячы чарговыя крытычныя пункты. Неабходна дзейнічаць тэрмінова. Варта адзначыць, што нягледзячы на шырокі доступ да ведаў і інфармацыі, на свядомасць людзей, з году ў год выкіды ўсё большыя. Апошняя дэкада была дэкадай з самымі вялікі выкідамі ў гісторыі чалавецтва. Таму надалей не ўдаецца эфектыўна абмяжоўваць выкіды і змагацца са зменай клімату.
Праблема павінна вырашацца на розных узроўнях: грамадзян, спажыўцоў, прадпрымальнікаў і палітыкаў. Катажына Карпа-Свідэрэк падкрэслівае, што калі ўсе з’яўляюцца часткай праблемы, то і ўсе павінны яе вырашаць. Прычым у розных галінах жыцця.
-На ўзроўні кожнага чалавека – гэта абмежаванне вугляроднага следу. Трэба выбіраць такія прадукты, след якіх як мага меншы. Гэта змены звычак – камунікацыйных і харчовых. Напрыклад, абмежаваць ці нават адмовіцца ад прадуктаў жывёльнага паходжання, паколькі іх вытворчасць вельмі моцна ўплывае на змены клімату. Гэта пра кожнага з нас. Прадпрымальнікі пакідаюць большы след, але і маюць больш магчымасцяў, каб сітуацыю палепшыць. Да паловы стагоддзя бізнес павінен быць нейтральны кліматычна, а таму выкіды трэба змяншаць ужо цяпер. Калі казаць пра палітыкаў, то іх роля ключавая. Гэта яны ўстанаўліваюць правілы гульні, якія нас ці набліжаюць да вырашэння праблемы, ці ад яе аддаляюць. І тут паяўляецца пытанне выбарцаў, то бок нас усіх. Гэта мы выбіраем палітыкаў.
У звароце навукоўцаў ёсць таксама заклік перастаць адмаўляць навуку. «Гэта суіцыдальная стратэгія. Не дапусцім, каб паранавуковыя аргументы або састарэлыя веды ставіліся ў адзін шэраг з вынікамі шматгадовых даследаванняў. Мы больш не можам быць абыякавымі да дзеянняў, якія стымулююць змяненне клімату, і да відавочных мер, якія спрыяюць клімату. Будучыня чалавецтва – гэта занадта вялікі бізнес, каб ахвяраваць для недальнабачных і кароткатэрміновых палітычных ці бізнес-мэтаў», – напісана ў звароце «Прабачце, у нас не такі клімат» экалагічнай арганізацыі WWF Польшча.
ав