Беларуская Служба

Эксперты папярэджваюць: файлы PDF таксама могуць быць шкоднымі

15.06.2022 12:39
Паводле звестак паліцыі, падчас пандэміі COVID-19 колькасць злачынстваў у кіберпрасторы рашуча павялічылася.
Здымак мае ілюстрацыйны характар Photo:pixelcreatures/pixabay.com/CC0 Public Domain

Эксперты папярэджваюць, што ў фішынгавых і смішынгавых (адпраўленых праз SMS), паведамленнях кіберзлачынцы размяшчаюць спасылкі, якія перанакіроўваюць атрымальніка на шкоднае змесціва. Нагадваем фішынг (анг. Phishing) – від інтэрнэт-ашуканства, мэтай якога з’яўляецца атрыманне доступу да прыватных звестак карыстальнікаў – логінаў і пароляў. У сваю чаргу смішынг – атака па SMS.

Таксама часта хакеры да электронных лістоў далучаюць PDF-файлы, якія пасля адкрыцця могуць нанесці вялікую шкоду электронным прыладам атрымальніка, кажа спецыяліст па справах сеткавай бяспекі Роберт Дамброўскі(Robert Dąbrowski):

- Код, які знаходзіцца ў далучаным да паведамлення файле можа ўтрымліваць злоснае праграмнае забеспячэнне. Часам далучаныя файлы, толькі прыкідваюцца файламі PDF, а на самой справе яны ўтрымліваюць вірусы.

Часцей за ўсё кіберзлачынцы адпраўляюць фальшывыя паведамленні ад імя папулярных брэндаў, або паведамляюць нам, напрыклад, пра пратэрмінаваныя рахункі за электраэнергію. Яны таксама выкарыстоўваюць нашы эмоцыі, напрыклад, інфармуюць, што мы выйгралі або выйграем прывабны прыз:

- Як абараняцца ад фішынгу? Адзін просты прынцып – ніколі не адкрывайце падазроных спасылак або дадаткаў, якія выклікаюць нейкія сумневы. Варта таксама памятаць, што калі нейкая прапанова, датычная фінансаў выглядае асабліва карысна, то яна можа быць хлуснёй. Асцярожнасць і ўсведамленне, што хакеры карыстаюцца рознымі тэхнікамі маніпуляцыі дапамогуць нам захаваць бяспеку.

Паводле звестак паліцыі, падчас пандэміі COVID-19 колькасць злачынстваў у кіберпрасторы рашуча павялічылася. Часцей за ўсё злачынцы выкарыстоўвалі фішынг.

IAR /аз

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка