Беларуская Служба

80% краін у свеце надалей праводзяць тэсты на жывёле

24.06.2022 08:11
Пры цяперашнім тэхналагічным развіцці многія выпрабаванні касметыкі на жывёле не з'яўляюцца этычнымі.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.jExcellentcc/pixabay.com/CC0 Public Domain

Перад выхадам на рынак касметычны прадукт павінен прайсці шэраг выпрабаванняў і адпавядаць адпаведным стандартам. Выпрабаваная на жывёле касметыка нікога не здзіўляла яшчэ дзясятак гадоў таму. Сёння сітуацыя змянілася. 

Тэсты неабходныя, каб вызначыць, як прадукт уздзейнічае на жывы арганізм. Аднак, пры цяперашнім тэхналагічным развіцці многія выпрабаванні касметыкі на жывёле не з'яўляюцца этычнымі.

У 2004 годзе, пасля некалькіх гадоў кампаній спажыўцоў і арганізацый па абароне жывёлы, Еўрапейскі саюз забараніў тэставанне гатовай касметычнай прадукцыі на жывёле. У 2009 годзе дадаткова было забаронена тэставанне касметычных інгрэдыентаў, і, нарэшце, у 2013 годзе забаранілі продаж такой касметыкі. Падыход ЕС паставіў арыенцір для змены рэгулявання ва ўсім свеце. Ці гэта азначае, што на паліцах еўрапейскіх крам няма касметыкі, якая тэстуецца на жывёле? «Не», – кажа старшыня таварыства «Касметыка без жорсткасці» Катажына Канопа.

-Таму што, калі мы паглядзім на рынак касметыкі глабальна, а не толькі з пункту гледжання нашага ўласнага панадворка, то 80% краін у свеце надалей праводзяць тэсты на жывёле. Акрамя гэтага, трэба памятаць, што ёсць і іншыя прадукты. Бытавая хімія не адносіцца да касметыкі, ёсць лекі і іншыя субстанцыі. Таму касметыка – гэта толькі адзін аспект тэставання на жывёле. Адразу падкрэслю, што мы, як спажыўцы, маем вялікі ўплыў падчас пакупкі прадуктаў ці фірм, якія прапануюць касметыку, вольную ад тэстаў на жывёле. Прыклад. Мы часта кажам: польская касметыка, польская фірма, польскія алеі. Калі ўзяць канапляны і рапсавы, то так. Але ўсе іншыя алеі ў складзе, не паходзяць з Польшчы. Часта яны паходзяць з краін, дзе тэсты на жывёле не забароненыя. Каб гэта праверыць, трэба прыкласці шмат высілкаў.

Катажына Канопа кажа, што сёння прасцей знайсці веганскую касметыку на паліцах крам, у якой няма прадуктаў жывёльнага паходжання, чым даведацца, ці мае дачыненне кампанія, якая яе вырабіла, да выпрабаванняў на жывёле.

Фактычна, практыкі тэставання падзяляюцца на дзве катэгорыі – больш мяккія і больш жорсткія. Адным з найбольш жорсткіх метадаў зʼяўляецца выпрабаванне рэчываў на вочных яблыках жывой жывёлы. Гэты працэс займае прыкладна 14 дзён. Затым жывую істоту забіваюць або выкарыстоўваюць у далейшых мэтах. Іншы метад – г.зв. тэст на смяротную дозу. Жывёлу часта голяць і ўтрымліваюць у няволі. Яны хварэюць і пакутуюць, таму што іх скура хворая.
Катажына Канопа адзначае, што спажыўцы не разумеюць праблемы тэставання на жывёле і маюць памылковае ўяўленне аб цэлым працэсе.

-Спажыўцам здаецца, што, калі гаворка ідзе пра румяны на шчокі, то, напрыклад, трусам таксама накладваюць румяны на шчокі. Не. Гэта тэсты як у выпадку кожнай іншай субстанцыі, то бок тэсты, якія патэнцыйна могуць прывесці нават да смерці. Кожны складнік тэстуюць на скуры. Ёсць навуковыя доказы, што гэтыя тэсты не аўтарытэтныя, паколькі нашая скура адрозніваецца ад скуры труса ці іншай жывёлы. Адсюль была створаная штучная скура. Такая форма выпрабавання выкарыстоўваецца ў еўрапейскіх краінах і там, дзе тэсты на жывёле замененыя альтэрнатыўнымі спосабамі, то бок на штучнай скуры.

Вытворчасць штучнай скуры падобна да тэхналогіі кланіравання мяса. Усё больш кампаній з індустрыі прыгажосці маюць свае мадэлі штучнай скуры і выкарыстоўваюць іх для распрацоўкі новых прадуктаў, дадае актывістка. Катажына Канопа адзначае, што ў 21 стагоддзі існуюць іншыя метады, каб праверыць, ці нейкая субстанцыя карысная для чалавека. Акрамя штучнай скуры, ёсць кампутарнае мадэлявання. Гэта найбольш вымерныя спосабы тэставання новай касметыкі. Адначасова спосаб, які не крыўдзіць жывёлы.

Стандартная маркіроўка касметыкі, якая не праходзіла выпрабаванняў на жывёле, гэта сімвал «cruelty-free» (без жорсткасці). Але ёсць і іншыя, як « vegan friendly» (веганскі).

-І тут пачынаюцца складанасці, таму што ні адзін з гэтых тэрмінаў не мае прававога абгрунтавання, пра іх можна гаварыць толькі ў кантэксце вызначэнняў, устаноўленых пэўнымі ўстановамі і арганізацыямі. Прычым, яны часта разыходзяцца. Таксама важна памятаць, што апісанне на ўпакоўцы тычыцца толькі гэтай касметыкі, а не кампаніі, якая стаіць за ёй, – тлумачыць Катажына Канопа.

У Польшчы за парушэнне правілаў выпрабаванняў на жывёле кампаніі штрафуюць да 100 тысяч злотых. Яшчэ адно пакаранне – пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў.


ав

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце