Беларуская Служба

Апустыньванне пагражае не толькі афрыканскім краінам, але і еўрапейскім

20.06.2022 11:55
Гэта зʼява, якая ўсё часцей паяўляецца ў нашай кліматычнай зоне на фоне зменаў клімату.
Аўдыё
  • Апустыньванне пагражае не толькі афрыканскім краінам, але і еўрапейскім
.
.Tumisu/pixabay.com/CC0

У 1995 годзе Арганізацыя Аб'яднаных Нацый прызначыла 17 чэрвеня сваім штогадовым Сусветным днём барацьбы з апустыньваннем і засухамі. Стэрэатыпам зʼяўляецца мысленне, што праблема тычыцца толькі афрыканскіх краін.

Гэта зʼявы, якія ўсё часцей паяўляюцца ў нашай кліматычнай зоне на фоне зменаў клімату. У ААН адзначаюць, што ў гэта дзень трэба не толькі гаварыць пра праблему, але і шукаць шляхі яе вырашэння. Дзякуючы разумнаму кіраванню рэсурсамі наступствы апустыньвання і засухі могуць быць менш сурʼёзнымі.

Апустыньванне азначае дэградацыю зямель у засушлівых, паўпустынных і паўзасушлівых рэгіёнах. Адным словам, пустыня паяўляецца на тэрыторыях, дзе дагэтуль можна было вырошчваць расліны або выпасваць жывёлу. Глеба, якая сваёй урадлівасцю абавязаная шматгадовым працэсам, хутка губляе ўраджайнасць, і на ёй ужо немагчыма вырошчваць збожжа, гародніну і садавіну.

Чаму адбываецца апустыньванне? Важнай прычынай зʼяўляюцца кліматычныя фактары (высокія тэмпературы, працяглая адсутнасць ападкаў). Аднак вялікае значэнне маюць і антрапагенныя фактары, гэта значыць дзейнасць чалавека. Ён вінаваты не толькі ў тым, што змяненне клімату пагаршае становішча рэгіёнаў, якія змагаюцца з засухай. Акрамя таго, чалавек празмерна выкарыстоўвае прыродныя рэсурсы, даступныя ў гэтых раёнах: высякае лясы, занадта інтэнсіўна пасвіць быдла, вядзе няўстойлівую сельскагаспадарчую дзейнасць, напрыклад, выкарыстоўваючы мясцовыя водныя рэсурсы для падтрымання вадаёмістых культур (напрыклад, бавоўны).

Стэрэатыпам зʼяўляецца мысленне, што праблема тычыцца толькі афрыканскіх краін. Зʼява ўжо не чужая і для нашай часткі рэгіёну. Навукоўцы папярэджваюць, што захад Польшчы пераўтвараецца ў стэп, а засуха становіцца непазбежным элементам польскага клімату будучыні.

Багдан Хайніцкі з кафедры біякліматалогіі Універсітэта прыродазнаўчых навук у Познані адзначае, што зʼява засухі ў нашым рэгіёне будзе ўсё больш частай.

-Цэнтральная Польшча і далей на Усход – гэта дэфіцыты, якія будуць усё больш нам перашкаджаць. Клімат – гэта статыстыка розных падзей. А статыстыка паказвае, што экстрэмальных зʼяваў будзе ўсё больш.

Гэта пацвярджае і апошняя справаздача міжнароднай групы па справах змен клімату.
Каетан Новак з навуковага кола Універсітэта прыродазнаўчых навук у Познані адзначае, што апустыньванне Польшчы ўзмацняецца.

-У некаторых выпадках можа стаць так, што сухія рэгіёны стануць больш вільготнымі, але, на жаль, апустыньванне будзе больш частай зʼявай. Клімат будзе больш цёплы, а значыць будуць большыя выпарэнні. З-за гэтага памяняецца характар ападкаў. У Польшчы ён ужо памяняўся, што было бачна падчас леташняй засухі. Напрыклад, у чэрвені падчас аднаго ліўня выпала норма ападкаў за два месяцы.

Такая дэстабілізацыя – раз засуха, раз моцныя ападкі – кепска ўплывае на агульную сітуацыю, кажа прафесар Хайніцкі.

-Гэта значыць, што цэлая карціна ў нас вельмі моцна дэстабілізуецца. Спачатку мы маем дачыненне з перыядам, калі выпадае вельмі шмат ападкаў, а потым прыходзіць перыяд засухі. Гэта ставіць вялікія выклікі перад тымі, хто займаецца гаспадараннем вады як на сельскагаспадарчых тэрыторыях, так і ў гарадах. Тут тая ж самая праблема: ці шмат вады, ці перыяд засухі.

Прафесар Багдан Хайніцкі адзначае, што ёсць і аптымістычныя сцэнары, але многія прагнозы забіраюць надзею і прадказваюць, што чалавек даходзіць да экалагічнай мяжы і пасля яе вяртання не будзе.

На самым пачатку нашай перадачы мы ўзгадалі, што праблема засухі з афрыканскіх краінах мае і будзе мець наступствы і ў Еўропе. Апустыньванне, дэградацыя зямель і засухі зʼяўляюцца найбольш важнымі прычынамі міграцыі і перасялення. Мяркуецца, што да 2020 года каля 60 мільёнаў чалавек эмігруюць з-за апустыньвання Афрыкі на поўдзень ад Сахары ў бок Паўночнай Афрыкі і Еўропы.

ав

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце