Беларуская Служба

Сёння споўніўся 51 год легеднарнай перадачы Польскага радыё

01.07.2022 16:15
1 ліпеня 1971 году ўпершыню выйшла ў эфір летняя забаўляльная праграма «Лета з радыё».
Аўдыё
  • 1 ліпеня 1971 году ўпершыню выйшла ў эфір летняя забаўляльная праграма «Лета з радыё»
         .  1974
Вядучы праграмы «Лета з радыё» Славамір Шоф падчас працы на пляжы. Лета 1974 году Архіў Польскага радыё

Сярод дат у гісторыі Польскага радыё ёсць падзея, на якую варта звярнуць увагу і якой сёлета споўніўся 51 год. 1 ліпеня 1971 году ўпершыню выйшла ў эфір летняя забаўляльная праграма «Лета з радыё», якая і па сённяшні дзень мае сваіх прыхільнікаў.

«Кларнет полька», хоць таксама сустракаецца назва полька «Дзядуля» (Polka Dziadek па-польску) – пазыўны перадачы «Лета з радыё» з самага пачатку прысутнасці праграмы ў эфіры. Дзякуючы гукам, якія застаюцца ў памяці, гэты народны баварскі твор у Польшчы асацыюецца выключна з перадачай «Лета з радыё». Без перабольшвання можна сказаць, што гэта найбольш вядомы пазыўны ў гісторыі польскага радыёвяшчання.

У тыя часы, на пачатку 1970-х гадоў, у ПНР былі тры агульнапольскія каналы Польскага радыё, рэгіянальныя дзяржаўныя станцыі і некалькі маладзёвых радыё. Зразумела, існаваў таксама Канал замежнага вяшчання Польскага радыё, але яго праграмы былі накіраваныя на замежную аўдыторыю. Такім чынам, у палякаў быў невялікі выбар, калі казаць пра радыё і радыёперадачы. І з’яўленне «Лета з радыё» было свайго роду рэвалюцыяй!

Па-першае, гэта была лёгкая перадача, адпаведна на час водпускаў, з мінімальнай колькасцю палітыкі і палітыкаў, у якой журналісты расказвалі пра падарожжы, свабодны час, літаратуру, кіно, адпачынак і гэтак далей. Больш за тое, перадача выходзіла ў эфір кожны дзень з 09:00 раніцы да 12:00 гадзіны ў прамым эфіры і з тэлефанаваннямі слухачоў, што ў той час было нечым абсалютна новым. А вось так пачыналася перадача роўна 51 год таму.

слухайце аўдыёфайл

Як чуваць, «Лета з радыё» было таксама накіраванае для замежных слухачоў, бо дзякуючы радыёвышцы ў Гомбіне Першы канал Польскага радыё прымаўся ва ўсёй Еўропе, а сігнал даходзіў ажно да Урала. І таму ў перадачы разам з польскімі навінамі гучалі кароткія выпускі навін на англійскай, нямецкай і рускай мове кожную гадзіну. Рыхтавалі навіны, зразумела, журналісты замежнага вяшчання Польскага радыё.

«Лета з радыё» – гэта таксама шматлікія конкурсы, паездкі журналістаў Першага каналу ў рэгіёны і сустрэчы з жыхарамі, а таксама канцэртныя трасы польскіх і замежных артыстаў у розных кутках Польшчы. Штогод «Лета з радыё» мае новага талісмана – мяккую плюшавую цацку: ці то бусліка, ці то бабра ці то львяня.

Пазней штогадовая прэм’ера праграмы была перанесеная на 22 чэрвеня – першы дзень астранамічнага лета. А завяршалася перадача 31 жніўня, калі заканчвалася лета, людзі вярталіся з водпускаў, а дзеці шыбавалі ў школу.

Вялі «Лета з радыё» найбольш вядомыя польскія радыёжурналісты, а для некаторых з іх гэтая перадача стала свайго роду пропускам у сапраўдную журналістыку.

«Лета з радыё», нягледзячы на ўзрост у паўстагоддзя, надалей мае кола сваіх верных прыхільнікаў, якія кожны год чакаюць 22 чэрвеня, калі ў эфіры Першага каналу Польскага радыё прагучыць «Кларнет полька».

Валеры Саўко


Больш на гэтую тэму: Машына часу