Навукоўцы з Сілезскага тэхналагічнага ўніверсітэту распрацавалі прыладу для тэставання лекаў, якая стварае ўмовы, ідэнтычныя тым, якія ёсць у арганізме чалавека. Дзякуючы гэтаму, замест тэставання лекаў на пацыентах, можна будзе назіраць іх дзеянне ў лабараторных умовах.
Такім чынам можна будзе выпрабаваць, у тым ліку, прэпараты для лячэння пухлін.
Суаўтар вынаходніцтва прафесар Себасцьян Студэнт (Sebastian Student), дырэктар Біятэхналагічнага цэнтра Сілезскага тэхналагічнага ўніверсітэту, растлумачыў, што мікрасхема для вырошчвання клетачных сфероідаў у гідрагелі – гэта тып платформы, у якой клеткі жывуць працяглы час. Гэта могуць быць клеткі любога органа чалавека:
- Мікрасхему можна сабе ўявіць як комплекс мікраскапічных рэактараў, у якіх можна праводзіць разнастайныя хімічныя рэакцыі з выкарыстаннем людскіх клетак. Яны там растуць, а мы можам ім пастаўляць лек, які нам трэба даследаваць – яго уздзеянне на дадзены тып клетак і яго выніковасць – гэта могуць быць таксама пухлінныя клеткі. Гэты «рэактар» можна ўявіць як ёмістасць, у якой жывуць клеткі.
Даследчык можа кантраляваць розныя параметры – напрыклад, змяняць тэмпературу, газавы склад або пажыўныя рэчывы, якія паступаюць у клеткі. Гэта павышае дакладнасць тэставання лекаў.
Себасцьян Студэнт звяртае ўвагу на інавацыйны характар гідрагелю, які выкарыстоўваецца ў прыладзе. Гэтае рэчыва дазваляе імітаваць умовы ў арганізме.
Прылада, якую прыдумалі навукоўцы з Сілезскага тэхналагічнага ўніверсітэту будзе выкарыстоўвацца асабліва на першых этапах даследавання лекаў, а таксама паскорыць распрацоўку лекаў.
яс