Беларуская Служба

Гісторыя: 50 гадоў таму ў Польшчы пачалі вырабляць Кока-колу

23.07.2022 06:03
Першапачаткова напой быў даступны толькі ў двух варшаўскіх гастраномах «Суперсам» і «Сезам», якія лічыліся люксавымі крамамі з шырокім асартыментам тавараў.
Аўдыё
  • 50 гадоў таму, 21 ліпеня 1972 году, у Польшчы пачалі разліваць Кока-колу
Rozlewnia Coca-Coli w Browarach Warszawskich, lipiec 1972
Rozlewnia Coca-Coli w Browarach Warszawskich, lipiec 1972CAF/PAP/Henryk Rosiak

50 гадоў таму, 21 ліпеня 1972 году, у Польшчы пачалі разліваць Кока-колу. Амерыканскі напой стаў сімвалам матэрыяльнага дабрабыту ў Польскай Народнай Рэспубліцы пачатку 70-х гадоў.

Славуты амерыканскі напой выраблялі з імпартнага канцэнтрату на Варшаўскім піўзаводзе. Дарэчы, першапачаткова быў закуплены не толькі канцэнтрат Кока-колы, але і характэрныя бутэлькі для разліву напітку. Шклотара ў памеры 7 млн штук бутэлек была закупленая ў Іспаніі. У тым жа 1972 годзе выпуск бутэлек быў наладжаны на шклозаводзе ў горадзе Валомін, які размешчаны каля Варшавы.

З пачатку з’яўлення напой стаў гітом у Польшчы! Прычым першапачаткова ён быў даступны толькі ў двух варшаўскіх гастраномах «Суперсам» і «Сезам», якія ў часы ПНР лічыліся люксавымі крамамі з шырокім асартыментам тавараў, у тым ліку дэфіцытных.

З часам Кока-кола стала больш даступнай у краіне дзякуючы лепшай таварнай лагістыцы, а таксама разліву з 1973 году напою на двух заводах у Сілезіі (паўднёвы захад Польшчы). Дарэчы, у тым жа 1973 годзе ў ПНР у крамах з’явіўся асноўны канкурэнт Кока-колы – Пепсі-кола, якую пачалі выпускаць на заводах у Кракаве і Гданьску. У канцы 1970-х, пачатку 1980-х гадоў Кока-кола стала агульнадаступным таварам у польскіх крамах.

У 1982 годзе вядомая польская паэтэса-песенніца Агнешка Асецка прыдумала рэкламны лозунг, які гучаў «Coca-Cola. To jest to!». У прыкладным перакладзе: «Кока-кола. Вось гэта так!».

Амерыканскі напітак зрабіў у ПНР ашаламляльную кар’еру, хоць у 1950-х гадах ён быў сімвалам амерыканскага імперыялізму. Сітуацыя змянілася пасля адлігі, звязанай са смерцю Сталіна. Упершыню Кока-кола з’явілася ў Польшчы ў 1957 годзе на Міжнароднай познанскай выставе-кірмашы – вядомай у Еўропе і свеце. А вось пачынаючы з 1960-х гадоў напітак можна было купіць у польскіх валютных крамах накшталт савецкай «Бярозкі». У Польшчы гэта былі крамы «Бальтона» і крамы банку ПэКаО.

Набыццё ліцэнзіі на вытворчасць у Польшчы Кока-колы на пачатку 1970-х гадоў звязана з эканамічнай палітыкай першага сакратара Польскай аб’яднанай рабочай партыі Эдварда Герэка, які спрабаваў павысіць узровень матэрыяльнага дабрабыту палякаў і правесці мадэрнізацыю прамысловасці за замежныя крэдыты.

І сапраўды, гісторыкі лічаць, што першая палова 1970-х гадоў была бадай што найлепшай у гісторыі Польскай Народнай Рэспублікі з пункту гледжання ўзроўню жыцця звычайных людзей. Дзякуючы крэдытам удалося мадэрнізаваць вытворчасць, у тым ліку прадпрыемствы, якія выпускалі тавары шырокага спажывання. З’явіліся тавары, якія сталі сімвалам тагачаснай Польшчы: аўтамабілі «Фіят», што выраблялі ў краіне па ліцэнзіі; на паліцах крамаў можна было ўбачыць згаданую Кока-колу і Пепсі-колу, цыгарэты «Мальбара», вядомыя кандытарскія брэнды і г.д.

Крызіс надышоў у 1976 годзе. Афіцыйная Варшава не магла сплаціць узятыя крэдыты, што прывяло да вялікіх бюджэтных праблем, а гэта ў сваю чаргу – да грамадскай незадаволенасці. Але гэта – ужо іншая гісторыя.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу