Другі выпуск Фестывалю «Абуджаных Тутака» адгрымеў ва ўрочышчы Барык у Кнышынскай пушчы, – піша Міра Лукша. На месцы колішняга «Басовішча» як заўсёды адбыўся сямейны фэст – на канцэрты прыехалі ўдзельнікі «басовішчаў», іх бацькі, дзеці і нават... унучкі, уз'яднаныя ахвотай добра пагуляць і беларускім духам. У праграме былі заняткі для дзяцей і два спектаклі, якія зацікавілі не толькі малечаў. Майстар-класы вяліся два дні, дзеля звычайнага шчасця людзей і Беларусі. Рабіліся, між іншым, папяровыя арыгамі – чырвоныя і белыя ды жоўта-блакітныя птушкі ў памяць пра загінуўшых ад рэжыму Лукашэнкі і тых, хто аддаў жыццё за Украіну і ў гонар усіх беларускіх палітычных вязняў. Фестываль быў яшчэ адной магчымасцю праявіць сумесную салідарнасць у імкненні беларусаў да свабоды і дэмакратыі, сёння таксама праявай салідарнасці з украінскім народам, які змагаецца супраць расійскага ўварвання. Сёлета на фестываль запрошаны былі не толькі музыканты, але і людзі тэатральнага і выяўленчага мастацтва. Арганізатарам двухдзённага фестывалю выступіў падляшскі фонд «Тутака», які працуе над папулярызацыяй беларускай культуры і падтрыманнем польска-беларускіх кантактаў. Фестываль «Абуджаных» спасылаецца «на гісторыю і спадчыну» Фестывалю музыкі маладой Беларусі «Басовішча», які ад пачатку быў арганізаваны Абʼяднаннем беларускіх студэнтаў і апошні раз праводзіўся ў ліпені тры гады таму.
Мінула больш за сто гадоў і сталіца сучаснай Літвы ізноў стала асяродкам беларускай нацыянальнай думкі, – піша Уршуля Палюховіч. – Ужо ў 1918 годзе тыднёвік віленскіх беларусаў «Гоман» пісаў, што «Мінск зʼяўляецца палітычнай, а Вільня застаецца духоўнай сталіцай». У наш час прысутнасць беларусаў у Вільні ярка відаць проста на вуліцы – на Ратушнай плошчы ўвагу прыцягвае выстаўка палітычнага плаката беларускага мастака Уладзіміра Цэслера, які быў вымушаны пакінуць радзіму з прычын пераследу. Выстаўка адкрыла цыкл мерапрыемстваў, прымеркаваных да Тыдня беларускай культуры. Працы, гэта моцныя колеры і пераказ – бачанне Беларусі прапанаванае Аляксандрам Лукашэнкам адрозніваецца ад таго, як беларускае грамадства ўспрымае свет. Фестываль беларускай культуры дазволіў даказаць, што, нягледзячы на трагічны лёс тысяч людзей, якія зараз у турмах, якім з-за палітычнай сітуацыі трэба было ўцякаць са сваёй бацькаўшчыны, ды безупыннай русіфікацыі Беларусі, беларуская культура працягвае развівацца, а ў мастакоў, якія яе прадстаўляюць, ёсць больш новыя, надзвычай цікавыя прапановы для шырокай аўдыторыі. Тыдзень беларускай культуры – лепшы доказ таму, што культура беларусаў яшчэ жывая і надзвычай багатая.
У Галерэі імя Тамары Саланевіч у Нараўцы працуе пастаянная выстава пакрывалаў тканых у пераборы, – піша Аляксей Мароз. – Загадчыца галерэі Кацярына Бяляўская ўдакладніла, што іх аўтарка Ірэна Ігнацюк са Старога Ляўкова гэта адзіная ў нас ткачыха, якая надалей тчэ тэхнікай у пераборы. Летам мінулага года ў Галерэі была наладжана выстава пакрывалаў, якіх на Гайнаўшчыне і Бельшчыне ў асноўным ткалі ў пераборы, а Падляшскі інстытут культуры, які арганізуе фестываль «Падляшскія спляценні», падтрымаў галерэйную ініцыятыву. Тканне ў пераборы захавалася яшчэ на тэрыторыі пражывання беларусаў. Загадчыца нараўчанскай галерэі Кацярына Бяляўская звярнула ўвагу, што калі не будуць праводзіцца майстар-класы па тканню ў пераборы, то яно будзе занікаць. На Падляшшы дзейнічае ўжо школка, у якой вучаць двухаснавоваму тканню і нават арганізуюць конкурсы на такі від традыцыйнага рамяства. Можна было б і ў нас зрабіць так з тканнем у пераборы. Кацярына Бяляўская мяркуе таксама, што такі від ткацтва павінен трапіць у поле зацікаўлення этнографаў.
Найбольш абязлюджаных гмін па ўсёй Польшчы знаходзіцца на Падляшшы, – піша Міра Лукша. – Паводле звестак Галоўнага статыстычнага ўпраўлення з ліку дзесяці гмін Польшчы, насельніцтва якіх найбольш хутка скарачаецца, ажно 9 знаходзяцца ў Падляшскім ваяводстве. Найбольш драматычная сітуацыя ў гміне Дубічы-Царкоўныя. У 2004 годзе гміну насяляла амаль 2 тыс. чалавек, а ў канцы мінулага года – толькі 1420. Ажно 37,5 працэнта жыхароў – пенсіянеры, сярэдні ўзрост насельніцтва гміны – 52 гады. У Дубічах-Царкоўных сёння працуе толькі адна школа. Калі ў 2010 годзе яе наведвалі 150 дзяцей, то з верасня ў ёй будзе толькі 53 вучні. Такіх велізарных дэмаграфічных праблем у гміне значна больш. Падобная сітуацыя назіраецца ў гмінах Чыжы, Мілейчычы, Орля і Нарва, у якіх змяншэнне ліку насельніцтва склала ад 26 да 20 працэнтаў. У лідарах гмін, якія найбольш хутка абязлюджваюцца, апынулася таксама некалькі іншых гмін з гэтай часткі Падляшша, а менавіта Боцькі, Нурэц-Станцыя і Чаромха.
Віталь Луба