Вакацыі – выдатны час, каб быць бліжэй да прыроды. Паходы ў горы, начлегі ў намёце і працяглыя прагулкі па пляжы дазваляюць атрымаць асалоду тым, што прапануе нам прырода. Аднак варта памятаць, што прыродныя рэсурсы не з'яўляюцца невычэрпнымі і планаваць свой адпачынак на ўлонні прыроды трэба з павагай.
Пандэмія, а цяпер высокія кошты адпачынку паспрыялі павелічэнню колькасці жадаючых адпачыць на ўлонні прыроды. Значна больш папулярнымі сталі паездкі з намётамі, роварныя падарожжы.
Многія, аднак, не разумеюць, што гэта навакольнае асяроддзе можа найбольш пацярпець ад нашага адпачынку. Адпачываючы на прыродзе, памятайце, што тут жыве шмат жывёлы і людзі не павінны парушаць іх спакой. Павага да навакольнага асяроддзя павінна быць ужо на этапе планавання адпачынку. Якім чынам? Расказвае Агнешка Вэльйковіч з экалагічнага фонду WWF Polska.
-Гаворачы пра павагу, у першую чаргу я маю на ўвазе тое, каб не смяціць. Таксама неабходна памятаць, што мы знаходзімся ці будзем знаходзіцца ў месцы, дзе жыве дзікая жывёла. Нашыя паводзіны паўплываюць на тое, як гэтая жывёла будзе функцыянаваць у будучыні. Ці яна ўвогуле зможа там жыць. Прывяду канкрэтны прыклад. Мы едзем на кемпінг, паводзім сябе голасна, пакідаем смецце. Але мы ведаем, што ў ваколіцы знаходзяцца гнездаванні птушак ці там жыве дзікая жывёла. І калі мы пакінем там сметніцу, будзем паводзіць сябе голасна, то жывёла будзе вымушаныя перасяліцца ў іншае месца, што для яе будзе вялікім дыскамфортам.
Правіла не смяціць тычыцца кожнай акалічнасці. Нават калі мы знаходзімся высока ў гарах, дзе няма сметніц. Сваё смецце трэба забіраць з сабою.
-Трэба памятаць, каб вандруючы па гарах, не сыходзіць са шляхоў. Вясенне-летні перыяд – гэта час, калі нараджаецца маладая дзікая жывёла. Крыху пазней маці выводзяць малых і вучаць арыентавацца, паляваць. Сыходзячы са шляху мы можам сустрэць, напрыклад, мядзведзіцу з малымі. Апынуцца паміж малымі мядзведзямі і іх маці – гэта небяспечна.
Не менш небяспечным з’яўляецца падкормліванне дзікай жывёлы.
-Прычына вельмі простая. Жывёла пойдзе туды, дзе ёсць ежа. Калі ежу можна лёгка здабыць, то жывёла прызвычаіцца да чалавека. У выпадку драпежніка гэта будзе ўяўляць праблему і для чалавека, і для драпежніка. Калі каля месца нашага лагера мы будзем выкідваць астанкі ежы, то пахі прыцягнуць жывёлу, яна будзе падыходзіць. Можа паявіцца праблема. Мы адчыняем намёт, а бачым там, напрыклад, мядзведзя ці ваўка. Спалоханыя яны могуць паводзіць сябе па-рознаму, паколькі гэта надалей дзікая жывёла. Такая жывёла, прызвычаіўшыся, што блізу чалавека ёсць ежа, можа пачаць набліжацца да жылых раёнаў. Гэта будзе праблема, бо драпежнік можа ўяўляць сабою пагрозу.
Экатурызм сёння ў модзе. Многія разумеюць, які ўплыў яны аказваюць на навакольнае асяроддзе нават падчас водпуску. Таму адпачываючы на прыродзе, трэба быць падрыхтаваным на кожную акалічнасць, у тым ліку на экагігіену.
-Калі нам патрэбныя мыйныя сродкі, то ёсць біяраскладальныя, вырабленыя з натуральных складнікаў. Выбар такіх сродкаў заўсёды будзе лепшым для навакольнага асяроддзя. Важна праверыць, ці ў гэтым месцы ўвогуле можна расстаўляць намёты. Па-другое, у доступе ёсць пераносныя туалеты і душы. Памятайма, што возера – гэта дом для рыб, гадаў і розных млекакормячых. Таму кожная касметыка, нават біядэградаваная, можа парушыць гэтую мяжу і баланс, які ёсць у гэтай экасістэме.
Праглядаючы блогі людзей, якія падарожнічаюць і адпачываюць выключна экалагічна, можна знайсці таксама прынцып: «Забірайце з сабою толькі здымкі, пакідайце толькі сляды». Гэтае правіла звяртаецца да мінімалізму: няўжо нам патрэбныя ўсе сувеніры і «мілыя напамінкі», якія праз паўгода-год апынуцца ў скрынях з непатрэбнымі рэчамі, а можа і ў сметніцы. Галька і пясок з пляжу будуць лепш працаваць у сваім асяроддзі. Чалавек павінен старацца не ўмешвацца ў фаўну і флору ў месцах, дзе ён адпачывае.
Многія экавандроўцы папулярызуюць адпачынак без распальвання вогнішча. Правіла простае: не трэба – не палі! Аднак, калі вы вырашылі развесці агонь, то няхай гэта будзе невялікае вогнішча. Выкарыстоўвайце толькі невялікія галінкі, якія ляжаць на зямлі, якія можна зламаць рукамі. Цалкам патушыце агонь, а затым развейце халодны попел. Гэта дапаможа глебе аднавіць свае прыродныя ўласцівасці.
Пра ўсе згаданыя правілы трэба памятаць на працягу ўсяго года, а не толькі ў часе вакацый.
ав