Беларуская Служба

У Варшаве ды васьмі іншых гарадах Польшчы праходзяць Дні гістарычнай кнігі

23.08.2022 13:34
У рамках гэтай падзеі можна купіць гістарычныя кнігі па прывабнай невысокай цане.
Аўдыё
  • Продаж выдаўнічай прадукцыі Інстытуту нацыянальнай памяці
Zdj. ilustracyjne
Zdj. ilustracyjneShutterstock/Vaclav Mach

З 20 па 31 жніўня па ўсёй Польшчы праходзяць Дні выдавецтваў Інстытуту нацыянальнай памяці. У рамках гэтай падзеі можна купіць гістарычныя кнігі па прывабнай невысокай цане. Таксама інстытут, які займаецца папулярызацыяй найноўшай гісторыі польскай дзяржавы, ладзіць сустрэчы з аўтарамі выданняў, выставы, паказы кінафільмаў пад адкрытым небам ды іншыя акцыі.

Гэта першае такое мерапрыемства ў гісторыі дзейнасці інстытуту. Яго інаўгурацыя адбылася ў суботу, 20 жніўня ў «кніжным складзе» на вуліцы Клабуцкай у Варшаве. На працягу бліжэйшых дзён у польскай сталіцы ды васьмі іншых гарадах краіны – Беластоку, Быдгашчы, Гданьску, Кракаве, Любліне, Познані, Шчэціне ды Уроцлаве наведвальнікі могуць выбіраць сярод соцень кніг ды іншых выданняў Інстытуту нацыянальнай памяці, таксама адбываюцца спадарожныя адукацыйныя мерапрыемствы. Аматараў гісторыі чакае 950 кніг па кошце ад 1 злотага.

Дырэктарка Архіву Інстытуту нацыянальнай памяці Мажэна Крук адзначае, што свята кнігі – гэта таксама свята Архіву IPN.

- Былы старшыня Інстытуту нацыянальнай памяці Януш Куртыка, якога няма ўжо сярод жывых, казаў, што архіў – гэта сэрца інстытуту. Свята кнігі ў інстытуце заўсёды з’яўляецца таксама падзеяй, важнай для архіву нашай арганізацыі. Справа ў тым, што практычна кожная кніга, якую выдае Інстытут нацыянальнай памяці, бярэ свой пачатак у архіве. Аўтар шукае звесткі ў чытальнай залі, знаёміцца з дакументамі, якія збірае і захоўвае ІНП. І гэтае месца можа быць цікавае людзям, якія імкнуцца лепш пазнаць польскую гісторыю. Тут можна пазнаёміцца з гісторыяй нашай краіны, але не толькі Польшчы. Усюды там, дзе былі, пражывалі палякі, яны пакідалі свой след. Тут сабраныя веды пра Польшчу і палякаў. Дзякуючы друкаваным матэрыялам мы перадаем далей, у рукі наступных пакаленняў, тое, што ў нашым народзе вялікае – польскасць, пачуццё ідэнтычнасці і барацьба ўвесь час за незалежнасць ды захаванне гэтай незалежнасці.

Кнігі выдавецтва ІНП па нізкіх цэнах можна набыць у кнігарнях інстытуту на працягу цэлага тыдня, а ў інтэрнэт-крамах – да канца месяца.

23 жніўня адзначаецца трагічная для палякаў гістарычная дата. Спаўняецца 83-ая гадавіна падпісання патаемнай дамовы паміж народным камісарам замежных спраў Савецкага Саюзу Вячаславам Молатавым і міністрам замежных спраў Германіі Ёахімам Рыбентропам. Гэтай дамовай замацоўваўся падзел Еўропы паміж СССР і нацысцкай Германіяй. Напярэдадні гадавіны заключэння пакту на гістарычным партале Інстытуту нацыянальнай памяці Przystanekhistoria.pl былі размешчаныя матэрыялы пра нямецка-савецкую дамову, падпісаную 23 жніўня 1939 года. Пагадненне фармальна датычыла дамовы аб ненападзенні паміж Трэцім Райхам і Савецкім Саюзам, але, згодна сакрэтным дадатковым пратаколам, прыкладзеным да афіцыйнага дакументу, гаворка ішла пра падзел тэрыторый або рэгуляванне незалежнасці суверэнных дзяржаў: Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Фінляндыі ды Румыніі.

Савецкая Расія і нацысцкая Германія прызналі за сабою права панаваць у нашай частцы свету і вырашылі, між іншым, пра лёс Польшчы і яе падзел, – кажа дырэктар Аддзялення Інстытуту нацыянальнай памяці ў Любліне Роберт Дэрэвенда.

- Верагодней за ўсё, Гітлер самастойна не быў бы ў стане перамагчы Польшчу. Для яго значна лепш было весці гэтую вайну з Польшчай у такім выглядзе, як гэта адбылося – калі з другога боку на нашу краіну напалі саветы. Вайна ў ’39 годзе пачалася ў Польшчы ад нападзення Германіі, але на самой справе на Польшчу напалі дзве дзяржавы – з захаду Германія, а з усходу – Савецкая Расія. І менавіта Савецкая Расія заняла тэрыторыю краін усходняй Еўропы – Літву, Латвію, Эстонію, хацела заняць таксама Фінляндыю. Савецкі Саюз на самой справе быў саюзнікам Гітлера да 1941 года. Калі б не супраца гэтых дзвюх краін, цяжка было б сабе ўявіць ваенныя поспехі – як арміі фашысцкай Германіі, так і бальшавіцкай арміі.

У сувязі з гадавінай падпісання Пакта Молатава – Рыбентропа і Еўрапейскім днём памяці ахвяраў сталінізму і нацызму, каля будынку Інстытуту нацыянальнай памяці ў Любліне адкрытая выстава пад назваю «Нямецкія і савецкія злачынствы ў адносінах палякаў 1939-1945».

Шмат інфармацыі пра злачынную дамову можна знайсці і на сайце ІНП, а таксама на партале Przystanekhistoria.pl. На сайце, між іншым, змешчаны артыкулы гісторыкаў інстытуту. На партале знаходзяцца і электронныя выданні, якія ёсць магчымасць спампаваць.

IAR PR/нг