Беларуская Служба

«Ліза Ветрава зрабіла больш для папулярызацыі роднай мовы, чым не адзін настаўнік»

29.08.2022 16:05
Агляд тыднёвіка этнічных беларусаў у Польшчы «Ніва» ад Віталя Лубы.
.
.http://niva.bialystok.pl/

Яе відэа набіраюць сотні тысяч праглядаў, а ўсё аб чым гаворыць, гэта проста правілы беларускай мовы, ・ піша Уршуля Палюховіч пра Лізу Ветраву, якая, выкарыстоўваючы класічныя слоўнікі і новыя медыя, зрабіла больш для папулярызацыі роднай мовы, чым не адзін настаўнік.

Ліза Ветрава нарадзілася ў Гарадзеі, у якой часцей можна было пачуць беларускую мову, чым расійскую або трасянку. Менавіта ў школе захапілася, між іншым, Караткевічам, і, як сама прызнаецца, сваёй настаўніцай беларускай мовы. Ліза Ветрава вядзе TIK-TOK, у якім дапамагае ўсім жадаючым размаўляць па-беларуску. Нядаўна яна стала вядучай новага беларускамоўнага трэвэл-шоу «Бусь Беларусь» ・ «пра краіну, якой хочацца даць буську». Такім чынам падпісчыкі могуць пазнаць Лепель, Сахновічы, Полацк, і пачуць эмацыянальныя ўражанні блогераў ад мясцін і людзей. Ліза адзначае, што менавіта беларусы, іх падтрымка, натхняюць яе штодзённа прыдумваюць і рабіць нешта новае. Сама Ліза падкрэслівае, што зацікаўленне да беларускай мовы расце! І гэта таксама дзякуючы Лізе, на блог якой можна падпісацца ў інстаграме і тык-току.

У паломніцтва ў Супрасль выходзім з Беластока згодна з планам, – піша Ганна Кандрацюк. – Гул машын і нервы веласіпедыстаў не дазваляюць засяродзіцца, а яшчэ трэба падганяць тых, што наперадзе, параўняцца ў адну калону. Рытм і парадак пільнуюць бадзёрыя дзяўчаты і хлопцы з Брацтва праваслаўнай моладзі. Ідзем двойкамі, як на школьнай экскурсіі. Пілігрымка, калі глядзець з перспектывы маіх дваццаці гадоў, відавочна памаладзела. Перад намі ідзе спартыўнага выгляду сямейка: бацька, маці, трох сынкоў дашкольнікаў, чацвёрты дзіцёнак у калясцы. Каляску на змену вядуць маці, бацька і найстарэйшы хлопчык. Праваслаўна-падляшскі мадэль паломніцтва, гэта калі адна асоба, галоўным чынам жанчына, ідзе за цэлую сям'ю. Калі пытаю сяброўкі, ці ідзе за сябе саму, ці за цэлую сямʼю, яна толькі паціскае плячыма. Вядома – за ўсіх! Хаця ў яе выпадку не зусім гэта так – муж прывёз яе пад беластоцкую царкву ды сам на машыне падаўся ў Супрасль. Там будзе сустракаць паломніцтва, а пасля, разам вернуцца дамоў. У Беластоку такі парадак паўсюдны. Няма так, што жонка-гаротніца ідзе і моліцца за ўсіх дамачадцаў, а муж вылежваецца сабе на канапе. У групе ідзе знаёмая настаўніца Аля з Крупнік. Гаворым пра тое, як на нашых вачах літаральна з фундаментаў паднялася Супраская Лаўра, як адрадзілася легенда месца, як з сумнага, занядбанага будынка манастырская царква стала жамчужынай Падляшша. Аля, сама сабе здзіўляецца, што першы раз пайшла ў паломніцтва ў Супрасль, хаця часта сюды прыязджае ў серады з сямʼёй на акафіст.

У пачатку жніўня ў Нараўцы Гайнаўскага павета прайшоў ХХ Міжнародны пленэр па жывапісе, – піша Радаслаў Маціевіч. – На працягу шасці дзён мастакі з усёй Польшчы і з-за мяжы стваралі мастацтва, адлюстроўваючы маляўнічыя наваколлі падляшскай вёскі. Надворʼе і атмасфера былі добрымі кожны дзень, што прывяло да вельмі плённых вынікаў. Іна Дзянішчык прыехала з беларускага Брэста. Яна кажа, што займаецца мастацтвам, таму што яна была мастачкай ад сваіх народзін. Дадае: «Я не магу ўявіць, каб рабіць што-небудзь іншае». Гэта яе чацвёрты пленэр на Падляшшы. На кожным з іх выкарыстоўвае розную тэхніку – акрыл на палатне, акварэль, малюнак і, нарэшце, сёлета – алей на палатне – яе любімую тэхніку. Самы малады ўдзельнік пленэру ― Аксель Дэрэгайла з-пад Боцькаў, вучань Мастацкага ліцэю ў Супраслі. У верасні ён ідзе ў другі клас. Як і ў мінулыя гады, пленэрны каталог будзе створаны ў выглядзе буклета, у якім будуць сабраны дасягненні мастакоў гэтага года, а сама галерэя Тамары Саланевіч у Нараўцы папоўніцца як мінімум двума дзясяткамі новых карцін мастакоў, якія працавалі на міжнародным пленэры.


У вёску Тапаркі на мяжы Кляшчэлеўскай і Арлянскай гмін аматараў фальклору прыцягнула абрадавае мерапрыемства «Перапяліца», – піша Аляксей Мароз. – Участак жыта, на якім спраўлялі абрад, знаходзіцца непадалёк ад вясковай святліцы. Удзельнікі мерапрпыемства пайшлі ў поле вясковай загуменнай дарогай, спяваючы жніўныя абрадавыя песні. Галоўнай часткай абраду было выконванне «перапяліцы». Старэйшыя жыхары вёскі разам з членамі калектываў спявалі жніўныя песні, а нязжатыя на ўскраіне поля каласкі жыта жанчыны з дапамогай дзетак сталі ўпрыгожваць кветкамі і рабінай. Збоку паклалі каменьчыкі, абрусак і хлеб. Пасля быў арганізаваны сімвалічны абед на полі для тых, хто працаваў з сярпом і касой, вязаў збожжа пярэвясламі ў снапы і састаўляў у мыдаль. Мерапрыемства прадоўжылі выступленні на сцэне каля вясковай святліцы. Першымі заспявалі «Арляне», у якіх рэпертуары амаль што ўсе беларускія песні. Пазней на пляцоўцы за святліцай адбыўся пачастунак для ўдзельнікаў мерапрыемства. Сталы стаялі ў цяньку пад вялікай палаткай. Жанчыны з Тапаркоў падрыхтавалі стравы на падставе традыцыйных рэцэптаў.

Віталь Луба

Больш на гэтую тэму: Беларусы ў Польшчы