Беларуская Служба

Польскі добраахвотнік збірае грошы праз краўдфандынг і дапамагае ўкраінскім салдатам

06.09.2022 12:54
«Збіраем грошы, купляем машыны, лякарствы, ежу, шкарпэткі, бялізну, што здаецца супер банальным, але, як аказалася, гэта стратэгічная рэч на фронце».
Аўдыё
  • Марцін Янушэўскі - добраахвотнік з Польшчы
 24-      ,   ,
Каралеўская 24-я асобная механізаваная брыгада імя караля Данілы, якой дапамагае Марцін, абараняе ўсходнія рубяжы Украіны ад расійскіх захопнікаўфота: https://www.facebook.com/24th.brigade/

Марцін Янушэўскі (Marcin Januszewski) – паляк, для якога з пачатку вайны ва Украіне прывычныя для яго справы адышлі на другі план. Марцін пачаў працаваць валанцёрам, дапамагаць украінцам у Польшчы, а таксама ездзіць з дапамогай ва Украіну, у тым ліку на лінію фронту. 

Марціну Янушэўскаму каля 40 гадоў, большую частку жыцця ён пражыў у Беластоку, шмат гадоў працаваў у Англіі. Вучыўся ў Ольштыне, вывучаў рыб (па прафесіі ён іхтыёлаг). Там сустрэў сваю будучую жонку – польскую ўкраінку, пераехаў у Пярэмышль (Przemyśl), у пары двое дзяцей.

З пачатку вайны Марцін на работу не ходзіць. Да 24 лютага ён працаваў майстрам на будоўлі. І гэта быў апошні дзень, калі яго бачылі на працы, нават не паспеў забраць абутак і вопратку. Начальнік на працы – украінец, ён усё разумее – кажа Марцін і расказвае, чым ён займаецца цяпер.

- Дапамагаю. Калі я ў Польшчы, дапамагаю мірным жыхарам на вакзале. А калі не, то дапамагаю салдатам на фронце. Мы збіраем грошы, купляем машыны, грузім рэчы, лякарствы, ежа, шкарпэткі, бялізна, што здаецца супер банальным, але, як аказалася, гэта стратэгічная рэч на фронце. І мы ідзем туды. Мы не дастаўляем нашы тавары на склады ці ў лагістычныя цэнтры ў Львове, а аддаем іх у рукі хлопцаў і дзеўчын на месцы, таму трэба так далёка ездзіць. Адпраўляемся на пазіцыі 24-й асобнай механізаванай брыгады імя караля Данілы, брыгад «Азоў» і «Айдар». Значыць, працы ў нас шмат. У пачатку вайны ў нас было 9 вадзіцеляў, засталося пяць. Еду з двума палякамі і адным украінцам. Часам мы супрацоўнічаем з хлопцамі з таго боку мяжы, з украінцамі. Я афіцыйны добраахвотнік 24-й брыгады, маю пасведчанне ад палкоўніка.

У першыя дні вайны Марцін і яго жонка амаль не пакідалі вакзал, дзе дапамагалі ваенным бежанцам. А 30 лютага ён ужо быў ва Украіне. Гэта была яго першая паездка. З таго часу ён 9 разоў ездзіў з грузам за ўсходнюю мяжу.

- Мы ездзілі ў Ірпень, з дапамогай мірным жыхарам. Я памятаю, што пасля Ірпеня мы былі яшчэ ў Бучы, пасля тых масавых забойстваў мірнага насельніцтва. Гэта была другая паездка ў Кіеўскую вобласць. Першы быў Ірпень, потым Марыупаль, потым Буча. У Бучы я думаў, што я першы прыбыў туды з якой-небудзь дапамогай. Але тады я ўбачыў велікагрузны аўтамабіль з World Central Kichen, які прывёз бульбу для мірных жыхароў. Яны ўжо былі там – малайцы. Тады казалі, што Марыупаль акружаны, туды немагчыма даехаць. Зразумела, на фуры даехаць было немагчыма. Але бусам – так. Дык вось, на адлегласці 45 кіламетраў ад Марыупалю мы перагрузілі тавар з вялікай фуры ў маленькую, у аўтобус і павезлі на сам «Азоўсталь». Быў час, калі гэта яшчэ можна было зрабіць. Аднак нашы пастаўкі не складалі нават 5% ад неабходнага для абароны. Менавіта падчас такой паездкі загінуў наш кіроўца. Яго забілі расіяне – трапіў пад мінамётны абстрэл.

У Марыупалі Марцін быў два разы, пазней горад быў захоплены акупантамі. Наш госць кажа, што яго прасілі таксама эвакуяваць жыхароў з Бучы.

- Гэта былі бабуля, маці з 4-гадовай дачкой, якія сядзелі ў склепе ў Бучы пад абстрэлам, 11 дзён. Нас папрасілі забраць іх адтуль. Мне спатрэбілася 48 гадзін, каб арганізаваць машыну, кіроўцаў на ўсю паездку. Але калі мы пераходзілі мяжу, нам патэлефанавалі і сказалі не ехаць, бо іх ужо няма. Ні хаты, ні склепа ўжо няма, а дзяўчыне, як аказалася, было 14, а не 4 гады. Тут не атрымалася, спазніліся.

Марцін мог бы жыць спакойна ў краіне, дзе няма вайны. Але ён едзе туды, дзе ў кожны дом можа трапіць бомба або ракета, дзе можна загінуць. Чаму ён гэта робіць?

- Таму што баюся. Я баюся расіян. Да таго ж, калі нехта ўрываецца ў дом суседа, я не магу стаяць збоку і глядзець. Я нядаўна прайшоў пачатковую вайсковую падрыхтоўку і не мог спакойна глядзець, як хтосьці нападае на чалавека на вуліцы. А цяпер я адказваю злом на зло. Я ўпэўнены ў гэтым. Таму што я хачу, каб усе расіяне памерлі. Я іх ненавіджу. Я ненавіджу расіян за тое, што яны зрабілі са мной, з маёй галавой. Я ніколі так не думаў пра іншага чалавека. Да вайны чытаў кніжкі, хадзіў на рыбалку, гуляў з дзецьмі. Гэта было маё жыццё раней. Цяпер я проста ненавіджу іх больш за ўсё на свеце. У мяне таксама ёсць сябры ў асяроддзі польскіх футбольных фанатаў. Часам хтосьці з іх кажа: «Я не люблю ўкраінцаў». Тады я яму адказваю: дай дзвесце злотых, будзе на чатыры турнікеты, можа, нават на пяць. Я ведаю, што вы не любіце ўкраінцаў. Але ты бачыш, што там робіцца? Хочаце, каб гэта адбылося тут, у Беластоку, у Любліне? Вось адрас краўдфандынгавай пляцоўкі, калі ласка, перавядзіце грошы. Калі іх не любіш, то тым больш. Таму што яны там паміраюць кожны дзень, а не вы. Ідзеш у рэстаран, забіраеш дачку з садка. Што ты гаворыш? Значыць, давай дзве сотні і маўчы. Большасць, калі шчыра, даюць. Я ведаю, што людзі ўжо стаміліся, і я таксама. Ну, але што рабіць? Я буду стаяць да канца. Я не збіраюся здавацца. Гэта дакладна.

Добраахвотнік з Пярэмышля Марцін Янушэўскі накіраваў на фронт дапамогу на суму каля 1 млн. 200 тыс. польскіх злотых. Усё адбываецца па-за дзяржаўнай сістэмай. Ён размяшчае паведамленні пра збор сродкаў на краўдфандынгавай платформе zbieram.pl, затым распаўсюджвае адпаведны пост у сацыяльных сетках.

Галіна Леськів/нг