Беларуская Служба

Сёння ў Польшчы праходзіць фінал 29-ай экалагічнай акцыі «Прыборка свету»

16.09.2022 14:43
 Сотні тысяч вучняў і актывістаў прыбіраюць смецце ў сваёй ваколіцы.
Аўдыё
  • Сёння ў Польшчы праходзіць фінал 29-ай экалагічнай акцыі «Прыборка свету»
Акцыя «Прыборка свету»крыніцы: фонд «Нашая зямля»

Сёння ў Польшчы праходзіць фінал 29-ай экалагічнай акцыі «Прыборка свету». Сотні тысяч вучняў і актывістаў прыбіраюць смецце ў сваёй ваколіцы.

У 1989 годзе акцыю прыдумаў аўстралійскі матрос і бізнесмен Ян Кернан. Уплываючы ў Сіднейскую бухту ён заўважыў мноства смецця. Разам з сябрамі ён вырашыў прыбраць бухту. І так узнік «Clean up Australia». Ужо ў 1993 годзе ААН узяла патранаж над акцыяй, як «Clean up the world». Праз год, у 1994, Міра Станіслаўска-Майштовіч, полька, якая пастаянна жыве ў Аўстраліі, прывезла і прышчапіла сваю ідэю ў Польшчы.

Акцыю 29 гадоў праводзіць фонд «Нашая зямля». Старшыня арганізацыі Бэата Бутвіцка гаворыць, што ў 1994 годзе, калі прайшла першая акцыя, нягледзячы на невялікую экалагічную свядомасць у Польшчы, палякі ўспрынялі акцыю на пяцёрку.

-Уявіце сабе, што ўдзел у першай акцыі прынялі 1 мільён 700 тысяч удзельнікаў. Гэта велізарная лічба. Палякам вельмі спадабалася гэтая акцыя. Можна напэўна сказаць, што на працягу 29 гадоў яны верна ў ёй удзельнічаюць, асабліва школы і садкі, з якіх гэтая адукацыя пачынаецца. Самае галоўнае: у акцыі прыборкі свету галоўнае не прыборка. Справа ў тым, каб сімвалічным жэстам прыборкі мы пераканалі тых, хто смеціць у прыродзе, у прыгожых месцах, як напрыклад сёння на любімым варшавянамі пляжы «Панятоўка», не пакідаць пасля сябе смецце.

Кожны год акцыя пачынаецца 22 красавіка, у Міжнародны дзень зямлі. У трэція выходныя верасня заўсёды праходзіць фінал. Гаворка пра тое, каб кожны ў любы момант мог прыбраць любімае месца, сцежку, пляж, і прадэманстраваць ідэю чысціні ў прыродзе.

Галоўным чынам у акцыі ўдзел прымаюць школы. Свой удзел у сённяшняй акцыі зарэгістравалі больш за 4 тысячы пляцовак у цэлай Польшчы.

-У нас выдатныя настаўнікі, бо гэта яны павінны зарэгістраваць акцыю. Гэта яны арганізоўваюць акцыю на месцы. Гэта яны перадаюць вучням веды. Але мы ведаем, што сённяшнія дзеці і моладзь, гэта будуць цалкам іншыя дарослыя. Іх свядомасць нашмат большая, чым у 1994 годзе. Дзеці вельмі актыўна прымаюць удзел у акцыі. Неабавязкова выходзіць і прыбіраць. Частка настаўнікаў праводзіць лекцыю стацыянарна, мы рыхтуем спецыяльныя матэрыялы. Настаўнікі расказваюць, чаму смецці не павінны апынуцца ў прыродзе, як іх правільна аддзяляць, як абмяжоўваць колькасць адкідаў.

Прыбіраючы розныя месцы ўдзельнікі акцыі збіраюць сотні кілаграм смецця. Напрыклад, на працягу 3,5 гадзін падчас прыборкі ўздоўж ракі Варта было сабрана 723 кілаграмы смецця. А ўсяго за два дні мерапрыемства – 1803 кілаграмы. Удзельнікаў уразіла смецце, вывезенае прама з ракі ў выглядзе: ровара, шын, калыскі, пластыкавых садовых крэслаў і нават унітаза.
Фонд «Нашая зямля» робіць выснову, што ўсё больш паяўляецца гэтак званых «выходных» смеццяў.

-Гэта пластыкавыя і шкляныя бутэлькі пасля напояў, упакоўкі пасля ежы, ад чыпсаў, шакалада, міні-грылі. Складаецца ўражанне, што мы ўсё менш разумеем залежнасць паміж тым, што выходзім адпачыць на прыродзе, і тым, што самыя тую ж прыроду забруджваем. Але гэта не ўсё. З жахам мы глядзім на дзікія смеццезвалкі, дзе ляжаць будаўнічыя матэрыялы, шыны. Учора ў Козей Гурцы мы сабралі 600 кг смецця, з чаго амаль 200 кг – гэта старыя шыны. Такія смецці ніколі не раскладуцца. Робячы гэта мы насамрэч падрэзваем галінку, на якой сядзім.

Нягледзячы на прыборку праз нейкі час пляжы, лясы, месцы адпачынку зноў запоўняцца такім жа смеццем. Што кіруе людзьмі, якія ідуць прыбіраць чужыя смецці. Дарэчы, на плакатах сённяшняй акцыі бачныя словы: Усё смецце – нашае. Бэата Бутвіцка кажа, што гэта яе зямля, таму і прыбіраць у радасць.

-Гэта мая планета, на ёй жыву я і мае дзеці, будуць жыць мае ўнукі. Мне не прыкра прыбіраць пасля кагосьці. Я б хацела гэтай прыборкай паказаць таму, хто выкінуў смецці, каб ён гэтага больш не рабіў. Мы ўпэўненыя, што калі нехта прынамсі адзін раз возьме ўдзел у гэтай акцыі, то ніколі не выкіне паперку ці нешта іншае. Гэта насамрэч цяжкая фізічная праца. Вобраз, які паяўляецца ў нас падчас прыборкі, застаецца з намі на многія тыдні. З аднаго боку, для нас гэта матывацыя, з іншага – папярэджанне.

На думку Бэаты Бутвіцкай, кожны спосаб прыцягнуць увагу да праблем навакольнага асяроддзя добры. Людзі, якія ўдзельнічаюць у акцыі «Прыборка свету» зазвычай вельмі свядомыя экалагічных праблем. Гэта з імі для тых, хто такой свядомасці не мае, фонд «Нашая зямля» змагаецца за агульную планету.

ав

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце