Беларуская Служба

Аўтамабіль, які даваў пачуццё свабоды, стаў велізарным клопатам для гарадоў

23.09.2022 11:51
22 верасня адзначаўся Дзень без аўтамабіля.
Аўдыё
  • Аўтамабіль, які даваў пачуццё свабоды, стаў велізарным клопатам для гарадоў
Гарадскі транспрат у ВаршавеPAP/Radek Pietruszka

Гэтая міжнародная кампанія накіравана на прыцягненне ўвагі да шкоднага ўздзеяння транспартных сродкаў на навакольнае асяроддзе і ў той жа час з'яўляецца стымулам да змены транспартнага сродка.

Дзень без аўтамабіля – асаблівы дзень у годзе – ім завяршаецца Еўрапейскі тыдзень мабільнасці, які заўсёды праходзіць з 16 па 22 верасня. Акцыя, якая праводзіцца з 2004 года, прысвечана гарадской мабільнасці і заклікана садзейнічаць змене транспартных звычак. У гэты дзень гарадскія ўлады заклікаюць кіроўцаў скарыстацца бясплатным грамадскім транспартам.
На жаль, нават у такі дзень рух аўтамабіляў у гарадах не змяншаецца, коркі не знікаюць. Чаму людзям так складана адмовіцца ад паездак аўтамабілем? А можа прычына ў кепскай працы грамадскага транспарту? Паводле Уршулі Стэфановіч з «Кліматычная кааліцыі», галоўная прычына – у галаве кіроўцаў.

-Галоўная прычына – гэта не немагчымасць дабрацца ў канкрэтнае месца грамадскім транспартам, прынамсі ў такім горадзе як Варшава. Кожны кіроўца выходзіць з пазіцыі, што ў яго няма выйсця, а гэта няпраўда. У сваім штодзённым мысленні мы апынаемся ў пэўнай руціне. Нам прасцей за ўсё сесці ў аўтамабіль, пераехаць з месца на месца, і мы пагаджаемся з усімі нязручнасцямі. Мы ўспрымаем як норму пошук месца для паркоўкі, коркі, спалены бензін. А калі мы ўсё ж прымаем рашэнне перасесці на грамадскі транспарт, то чакаем ідэалу, мы не хочам мець ніякіх нязручнасцяў. Гэта псіхалагічны падыход, хоць зразумелы.

«Кліматычная кааліцыя» прапануе рабіць большую стаўку на пешаходаў. Планаванне гарадской мабільнасці можа грунтавацца на схеме, якая паспяхова выкарыстоўваецца ў Хельсінкі. Там у прыярытэце найперш пешаходы, потым раварысты, потым грамадскі транспарт, потым дастаўкі, а легкавыя аўтамабілі знаходзяцца ў самым канцы ўсяго планавання руху, кажа Уршуля Стэфановіч.

-У такіх гарадах уводзяцца абмежаванні хуткасці, вуліцы звужаюцца. Рух аўтамабіляў выключаецца з цэлых гарадскіх раёнаў. Напрыклад, у Барселоне існуе нешта такое як супердамы. Гэта некалькі шматпавярховікаў, а на вуліцах паміж імі рух пешых і ровараў мае прыярытэт. Паркоўкі перанесеныя на мінусавыя паверхі. Вулічная прастора памянялася на месца для адпачынку, з дрэвамі, лаўкамі. Увесь аўтамабільны рух едзе навокал гэтых тэрыторый. Гэта паказвае, хто ў дадзенай прасторы павінен адчуваць сябе найбольш зручна. Найперш пешаходы, потым раварысты. Нам рэалізацыя такой структуры здаецца цяжкай з псіхалагічнага і грамадскага пункту гледжання, паколькі кіроўцы зазвычай голасна пратэстуюць, калі нешта мяняецца.

«Кліматычная кааліцыя» мае свае прапановы, як спрыяць змяншэнню аўтамабільнага руху на вуліцах польскіх гарадоў. Уршуля Стэфановіч кажа, што многае могуць зрабіць мясцовыя ўлады, але іх прапановы звернутыя да ўраду, паколькі неабходна памяняць частку законаў. Напрыклад, прапісаць у законе забарону паркоўкі аўтамабіляў на тратуарах, што зʼяўляецца сталай зʼявай у гарадах.

-Гаворка таксама пра няправільную паркоўку, калі кіроўца займае прастору пешых, ці абмяжоўвае бачнасць пешым. Паліцыя падыходзіць да такіх сітуацый як да парушэнняў з нізкім узроўнем шкоднасці. А гэта не так. Калі людзі не адчуваюць сябе бяспечна, то і маюць менш жадання перамяшчацца пешшу. Мы таксама прапануем, каб гарады зноў атрымалі магчымасць кантраляваць хуткасць аўтамабіляў. Цяпер штрафы трапляюць у дзяржаўную казну. Калі б яны ішлі канкрэтна на паляпшэнне інфраструктуры і бяспекі пешых, то гэта магло б у нашых гарадах шмат памяняць. Таксама мы хочам, каб быў адноўлены дыялог з грамадствам у справе новых стандартаў для пешай і роварнай інфраструктуры. У дадзены момант яны часта незадавальняючыя. Вельмі часта роварная сцежка перакрыжоўваецца з пешай, што выклікае канфлікты паміж пешымі і раварыстамі.

Спачатку аўтамабіль быў люксавым таварам. З цягам часу гэта стаў не сродак раскошы, а звычайная неабходнасць. Уласнае аўто давала пачуццё свабоды і выгоды. Усё ж з цягам часу аўтамабіль стаў асноўнай крыніцай забруджвання. Замест таго, каб даць свабоду перамяшчэння, кіроўцы апынуліся ў корках. Замест таго, каб разгрузіць гарадскія бюджэты, неабходна пастаянна рамантаваць дарогі. Аўтамабіль прывёў да ліквідацыі газонаў, кветнікаў і зялёных пляцовак, да бетаніравання велізарных прастораў, што выклікала праблемы з адвядзеннем дажджавой вады.

З мэтай папулярызацыі грамадскага транспарту сярод жыхароў Францыі ў 1998 годзе было запушчана святкаванне Дня без аўтамабіля. Вельмі хутка ён стаў міжнародным. Ці прынесла гэта эфект?

слухайце аўдыё

ав

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце