Беларуская Служба

Быў час, калі існаванню ліпы пагражалі лапці

10.10.2022 08:11
10 кастрычніка ў Польшчы штогод адзначаецца Дзень дрэва. 
Аўдыё
  • Быў час, калі існаванню ліпы пагражалі лапці
.
.MireXa/pixabay.com/CC0

Дзень дрэва мае даўні радавод у свеце. Яго вытокі бяруць пачатак з 1872 года, калі знаўца і аматар прыроды Джуліус Стэрлінг Мортан, у той час губернатар штата Небраска і адначасова міністр сельскай гаспадаркі ЗША, папрасіў сваіх суайчыннікаў, каб 10 красавіка кожны, хто можа, пасадзіў дрэва (гэтая дата з'яўляецца пераноснай для розных краін). Ініцыятыва па пасадцы дрэў хутка прыжылася і стала традыцыяй у Злучаных Штатах. З 1951 года па рашэнні ААН свята адзначаецца ва ўсіх дзяржавах-членах супольнасці.

У Польшчы Дзень дрэва папулярызуюць пераважна экалагічныя таварыствы, лясьніцтвы ды навучальныя ўстановы.

Мы з гэтай нагоды будзем размаўляць з прафесарам Яцэкам Бароўскім з Галоўнай школы сельскай гаспадаркі ў Варшаве. Ён адзначае, што людзі не даацэньваюць дрэвы, а гэта яны ў нашай шыраце ствараюць краявід.

-Ці гэта будзе нізінны ландшафт, ці гэта будуць горы, рачныя тэрыторыі, то там паўсюль ёсць дрэвы. Яны нам адкрываюць від, даюць віды. Я б сказаў, што ў нашым краявідзе дрэвы не даацэньваюцца, а іх роля велізарная.

Самым старым дрэвам у Польшчы з’яўляецца ціс у Генрыкове Любанскім. Дрэва мае цяпер, найпраўдападобна, каля 1300 гадоў. Прафесар расказвае, што ацаніць узрост дрэва не так лёгка, паколькі амаль усе старыя дрэвы, нягледзячы на гатунак, пустыя ў сярэдзіне.

-Яны ў сярэдзіне раскладаюцца, сэрцавіну з’ядаюць насякомыя. Амаль усе старыя дрэвы пустыя. Калі б яны не былі пустымі, то павінны былі б паламацца. Яны не вытрымалі б націску ветру. Калі дрэвы ў сярэдзіне пустыя, то аказваецца, што яны вытрымліваюць нашмат лепш. Тое, што гэты ціс самы стары, не азначае, што ён самы высокі. Цісы растуць параўнальна вольна. Дрэвы ўсё жыццё растуць у шырыню. У ціса гэта каля паўсантыметра, а гэта няшмат у параўнанні з іншымі дрэвамі. Самай шырокай з’яўляецца ліпа з Цялентнік. Яе перыметр – амаль 11 метраў. У нас няшмат дрэваў, якія былі б не ў стане дажыць да 100 гадоў, а ёсць вельмі шмат такіх, якія ў стане пражыць нашмат больш. Ёсць дрэвы, праўда не ў нас, у Швецыі ёсць елка, якой амаль 10 тысяч гадоў. Гэта неймаверна. Але спаборніцтвы за званне самага высокага, ці самага шырокага, ці самага старога дрэва заўсёды відовішчныя.

Дрэвы, якія растуць павольна, маюць вельмі каштоўную драўніну, адзначае прафесар. Дадаткова драўніна ціса вельмі эластычная, у старадаўнія часы з яго рабілі арбалеты, лукі.
Папулярным дрэвам нашага рэгіёну з’яўляецца ліпа. Людзі часта гавораць, што нешта ліпавае, значыць кепскае ці несапраўднае. Прафесар Бароўскі кажа, што гэта звязана з якасцю ліпавага дрэва.

-Ліпа мае вельмі мяккую драўніну, яна вельмі лёгка раскладваецца грыбамі. Ліпа ніколі не ўжывалася ў будаўніцтве. Яе механічныя ўласцівасці значна горшыя, чым у іншых. Таму так і гаворыцца – ліпавы. Але гэта несправядліва, паколькі ліпа заўсёды давала і надалей дае шмат карысці. З яе рабілі труны, калыскі, але найперш з ліпы выразалі фігуркі і скульптуры. Мноства алтароў і каплічак каля дарог зробленыя з ліпы. Яшчэ вельмі важнай рэччу, якую атрымлівалі з ліпы, пра што цяпер забылі: у часы, калі не было абутку, з ліпы рабілі ліпавыя лапці. У Белавескай пушчы, на пераломе 17-18 стагоддзя быў такі перыяд, калі лапцяў рабілі так шмат, што ліпы амаль зніклі. З таго перыяду амаль няма ліпаў, а яны маглі б яшчэ быць. У той час гэта было вельмі патрэбнае і карыснае дрэва. Пра мёд нават не ўзгадваю.

У Польшчы ліпа была найчасцейшым гатункам, якім засаджвалі дарогі ў дворыкі. Ёсць аднак рэгіёны, як Вялікапольшча, дзе алеі высаджваліся пладовымі дрэвамі, у прыватнасці чарэшнямі. Пладовыя дрэвы засаджваліся свядома, каб можна было збіраць ягады. У другой палове 18 стагоддзя адным з дрэваў, якія ахвотна садзілі ўздоўж алей, якія вялі ў дворыкі, была італьянская таполя.

Самыя дворыкі часта будавалі з лістоўніцы. Гэты гатунак мае надзвычай каштоўную драўніну.

-Гэта драўніна, якая выдатна пераносіць змену тэмпературы і вільготнасці. Таму часта можна было сустрэць дворыкі з лістоўніцы, касцёлы, канструкцыі. Гэта дрэва, якое расце вельмі хутка, але яно вельмі насычанае жывіцай. Гэта галоўная прычына, чаму дрэва лістоўніцы, крыху чырвонага адцення, так любяць.

Гаворачы пра дрэвы, варта нагадаць пра існаванне дэндралагічных садоў. Гэта месца, у якім сабраныя калекцыі дрэвавых раслін. У дэндрарыях вывучаецца відавы склад, біялагічныя асаблівасці, развіццё, плоданашэнне, экалогія мясцовых і інтрадукаваных парод ды многае іншае. Польскія дэндралагічныя сады – сапраўды вельмі цікавыя, кажа Яцэк Бароўскі.

-Самы стары польскі дэндрарый месціцца ў Курніку. Там можна сустрэць вельмі прыгожыя дрэвы. Сімвалам дэндрарыя ў Курніку з’яўляецца балотны кіпарыс. Гэта дрэва, якое ў прыродзе расце ў мексіканскім заліве, агулам на амерыканскіх кантынентах. Балотны кіпарыс мае пнеўматафоры, такія карані, якія выходзяць з зямлі. Гэта вельмі цікавае і незвычайнае дрэва.
Дрэва мае важнае значэнне для кожнага народу. З ім звязаны звычаі і павер’і.

Хто хоча быць моцным, як дуб, павінен есці хлеб, выпечаны на яго лісці. Хто шукае адказу, якой будзе яго будучыня, той знойдзе прарочы сон пад бярозай. Тым, хто хоча мець у свайго дзіцяці здаровыя зубы, трэба змясціць выпаўшыя малочныя зубы ў ствол дрэва. Хваробы таксама «прыбівалі» да ствала ці сімвалічна «падвешвалі» на галінкі. Згодна з народнай традыцыяй турак-асманаў, кожны лісток пазначаны чыімсьці лёсам, а паводле вераванняў афрыканскіх пігмеяў-семангаў, карані дрэў вырастаюць у грудзі, якія кормяць душы ненароджаных дзяцей. «У старой вярбе жыве чорт», – лічылі славяне, а паводле ўяўленняў старых балтаў, дуб быў месцам знаходжання грамабойца Пяркуна.

слухайце аўдыё

ав

ав

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце