Беларуская Служба

Аляксандр Мілінкевіч: Прэзідэнтам Новай Беларусі павінен стаць маральны аўтарытэт, як Алесь Бяляцкі

13.10.2022 09:41
У краіне варта захаваць пасаду прэзідэнта. 
Аўдыё
  • А. Мілінкевіч пра Новую Беларусь
  -   .   2014      ,   ( )
Алесь Бяляцкі - палітвязень рэжыму Лукашэнкі. У 2014 годзе ён быў госцем Польскага радыё, Першай праграмы (на здымку) Wojciech Kusiński/Polskie Radio

Цяпер адзін з самых змрочных перыядаў у гісторыі беларусаў. Але гэты час не будзе працягвацца вечна, таму ўжо цяпер неабходна думаць пра будаўніцтва Новай Беларусі, пра тое, які палітычны лад павінен быць у дзяржаве, каб яна добра служыла сваім жыхарам. Пра гэта мы размаўлялі з беларускім палітычным і грамадскім дзеячам Аляксандрам Мілінкевічам.

Гутарка была запісана падчас адкрыцця выставы ў Беларускім доме ў Варшаве, прысвечанай Вацлаву Гавелу. На думку Мілінкевіча, у Беларусі ёсць маральныя аўтарытэты, параўнальныя з Гавелам – між іншым, Алесь Бяляцкі, які, дарэчы, праз два дні пасля запісу размовы атрымаў Нобелеўскую прэмію міру.

- Часта ў дыктатарскіх краінах лепшыя сядзяць у турме, а тэрор ажыццяўляюць горшыя. Гісторыя ўсё гэта пераверне, так не будзе. Алесь Бяляцкі для мяне – абсалютны аўтарытэт, ён, дарэчы, быў сябрам Гавела. Бяляцкі праз усё жыццё бараніў жыццё іншых. Калі будзе Новая Беларусь, варта захаваць пасаду прэзідэнта. Супер важна, каб на чале дзяржавы быў маральны аўтарытэт. Чаму гэта так важна? Таму што мы будзем пераходзіць ад абсалютна немаральнай, ганебнай палітыкі знішчэння духа людзей, да палітыкі справядлівасці і еўрапейскіх каштоўнасцяў. Таму нам патрэбны маральны аўтарытэт, і такія людзі ёсць у Беларусі.

У новым парламенце будзе 10, 20, а можа, і 40 партый. У нас не будзе шмат часу на рэформы, мы будзем выходзіць з цяжкага становішча. Нам трэба зрабіць хуткія і эфектыўныя рэформы – сацыяльныя, палітычныя і эканамічныя. І тут супер важны маральны лідар, якому паверыць большасць людзей. У нас цяпер агулам не рэспубліка, у нас дыктатарская краіна, якую прыйдзецца будаваць аднова. Калі мы хочам хутка прайсці гэты шлях, трэба скарыстаць досвед суседзяў, якія зрабілі рэформы. Узорам эканамічных рэформаў магла б стаць для нас Польшча, рэформы Бальцаровіча, якога ацэньваюць па-рознаму, але ён зрабіў устойлівую эканоміку. Калісьці я яго запытаў, ці ён згадзіўся б прыехаць у Беларусь і дапамагчы рабіць рэформы. Ён узяў мяне за плячо і сказаў: «Аляксандр, я выхаваў некалькі супер беларусаў, гэта маладыя людзі, якія ўсё ўмеюць і зробяць не горш за мяне». І ён назваў Алеся Аляхновіча, які з’яўляецца прадстаўніком па рэформах кабінета Святланы Ціханоўскай.

Слухайце далучаны гукавы файл аўдыё

нг