Сістэма жыццезабеспячэння на планеце перастае нармальна функцыянаваць. Папуляцыі дзікай прыроды, вывучаныя ва ўсім свеце, скараціліся ў сярэднім на 69%, і гэтая тэндэнцыя не запавольваецца на працягу многіх гадоў. Гэта вынік чалавечай дзейнасці, такой як інтэнсіўная сельская гаспадарка, пералоў рыбы ў морах і акіянах, разбурэнне рачных экасістэм, напрыклад, шляхам іх рэгулявання або будаўніцтва плацін, высечка лясоў. Сусветны фонд дзікай прыроды (WWF) апублікаваў Індэкс жывой планеты (Living Planet Report 2022).
WWF кожныя два гады рыхтуе справаздачу аб жывой планеце, выкарыстоўваючы інфармацыю вядучых экспертаў і разнастайных арганізацый. Гэта свайго роду кантроль за здароўем планеты, які паказвае, як жыве прырода, якія пагрозы ёй пагражаюць і што гэта значыць для чалавека. Эксперты па ўсім свеце вымяраюць змены ў папуляцыях тысяч відаў жывёлаў, ад папуляцый антылоп гну ў саване да запісу камерамі перамяшчэння ацэлотаў у трапічных лясах Амазонкі. Навукоўцы збіраюць гэтыя дадзеныя ў базу і аналізуюць іх, ствараючы на іх аснове Living Planet Index. LPI вымярае змены адноснай колькасці амаль 32 тысяч папуляцый 5 230 відаў, уключаючы млекакормячых, птушак, рэптылій, амфібій і рыб.
Сёлетні індэкс паказвае трагічнае падзенне біяразнастайнасці на планеце. На працягу паўстагоддзя сярэдняя лічэбнасць жывёлы, якая маніторылася, упала на 69%. Атрымліваецца, што чалавецтву засталося каля 30% жывой планеты. Індэкс канцэнтруецца на агульнай лічбе, а не на канкрэтных гатунках. Таксама збіраецца інфармацыя для канкрэтных рэгіёнаў. Найгоршая сітуацыя тычыцца Цэнтральнай Амерыкі, Карыбскіх выспаў. Там паказнік падзення біяразнастайнасці затрымаўся ажно на 94%.
Калі казаць пра экасістэмы, то найбольш трагічны вынік маюць прэснаводныя экасістэмы.
Калі новыя дадзеныя параўноўваць з індэксам двухгадовай даўніны, то біялагічная разнастайнасць пагоршылася, – расказвае Дарыюш Гаткоўскі з польскага аддзялення фонду WWF.
-Два гады таму паказнік складаў 68%, у гэтым годзе – 69%. Сітуацыя пагаршаецца, няма пераломнага моманту, няма змены трэнду. Сітуацыя кепская.
Біяразнастайнасць – гэта ўсе тыпы жыцця, якія можна знайсці на дадзенай тэрыторыі – разнастайнасць папуляцый і відаў жывёлаў, раслін, грыбоў і нават мікраарганізмаў, такіх як бактэрыі, якія складаюць натуральны свет. Больш за тое, гэта таксама разнастайнасць генаў, якія чалавек знаходзіць у жывых арганізмах. Кожны з гэтых відаў і арганізмаў жыве і суіснуе адзін з адным у экасістэмах, якія таксама складаюць біяразнастайнасць. Экасістэмы падобныя на складаную сетку, неабходную для падтрымання жыцця на зямлі.
Біяразнастайнасць забяспечвае ўсё неабходнае для жыцця ў прыродзе, гаворыць Дарыюш Гаткоўскі.
- Біялагічная разнастайнасць і прыродныя рэсурсы неабходныя для жыцця чалавека. Чалавек – залежны ад прыроды. Біяразнастайныя паслугі выцэньваюцца прыкладна на 125 більёнаў долараў штогод. Сусветны эканамічны форум ацэньвае, што палова сусветнага ВУП залежыць ад прыродных рэсурсаў. Штодзённыя выбары ўплываюць на прыродную біяразнастайнасць. А мы стала чэрпаем з прыроды. Калі ідзем у краму, то купляем тое, што выраблена, дзякуючы прыроднай разнастайнасці. Тое ж самае тычыцца вопраткі. Больш за 60% сінтэтычных лекаў базуецца на прыродных рэсурсах, а анкалагічных лекаў – 75%. Мы цяпер пра тое, як выглядае нашая планета, і як можа выглядаць нашае жыццё і нашых дзяцей у будучыні.
Паколькі чалавецтва аказвае ўсё большы ціск на Зямлю, выкарыстоўваючы больш рэсурсаў, чым калі-небудзь раней, парушаюцца экасістэмы і губляецца біяразнастайнасць. Дэградацыя прыродных рэсурсаў і змяншэнне біяразнастайнасці падвяргаюць планету яшчэ больш сур'ёзным наступствам змены клімату, такім як экстрэмальныя зʼявы надворʼя.
Сусветны фонд дзікай прыроды лічыць, што яшчэ можна змяніць сітуацыю ў лепшы бок. Для гэтага неабходна прадпрыняць цэлы шэраг інтэграваных крокаў, у тым ліку больш устойлівыя вытворчасці і спажыванне. Намаганні неабходныя як на індывідуальным узроўні, так і на дзяржаўным і сусветным узроўнях.
ав