Беларуская Служба

Ці зёлкі можна піць колькі заўгодна?

28.10.2022 14:13
Пра травы вельмі часта можна пачуць словы: калі не дапамогуць, то, напэўна, не пашкодзяць.
Аўдыё
  • Ці зёлкі можна піць колькі заўгодна
.
.jsbaw7160/pixabay.com/CC0

Мы ахвотна купляем прэпараты з зёлак ці травяныя настоі. Большасць з іх мы ўжываем самастойна, памылкова зыходзячы з тэзы, што натуральны прадукт не можа быць шкодным. На працягу многіх стагоддзяў травы лічыліся лекавымі раслінамі, якія дапамагаюць змагацца з многімі хваробамі, але нават гэтыя, здавалася б, бяспечныя прэпараты могуць сур'ёзна нашкодзіць нашаму здароўю.

Пра праблему мы размаўляем з прафесар Ілонай Вавер з Медычнага ўніверсітэту ў Варшаве, якая займаецца тэмай зёлак. Пра травы вельмі часта можна пачуць словы: калі не дапамогуць, то, напэўна, не пашкодзяць?

-Мы не разумеем, што лекі ці настоі з зёлак – гэта сумець вельмі вялікай колькасці хімічных злучэнняў. Расліна ўтрымлівае іх некалькі тысяч, а ў такім настоі іх некалькі сотняў, сярод іх дзясятак самых важных. Мы не ведаем, як яны дзейнічаюць у нашым арганізме. Сінтэтычныя лекі добра правераныя і гэта адзінкавая субстанцыя, а ў выпадку зёлак мы маем дачыненне з тысячамі, не ведаючы пра іх уплыў. І ў гэтым заключаецца праблема.

У Польшчы апошнім часам вельмі папулярнымі з’яўляюцца зёлкавыя шпацыры. На думку прафесар Ілоны Вавер, травы збіраць можна толькі пры 100 працэнтнай упэўненасці. Вельмі лёгка можна пераблытаць розныя гатункі траваў.

-Калі ўжо нам сапраўды трэба купіць зёлкі, то лепш зрабіць гэта ў аптэцы. Там зёлкі паходзяць з плантацый, яны стандартызаваныя. Нельга піць тое, што мы не ведаем. Прыклад рамонку. На палях расце нешта вельмі падобнае да рамонку, але гэта іншы гатунак, які выклікае алергіі. Калі такую гарбату вып’е дзіця, то гэта сапраўды можа кепска закончыцца. Зёлкі трэба купляць толькі з праверанай крыніцы.

Асабліва гэта тычыцца асоб, якія стала прымаюць лекі, прычым некалькі лекаў адначасова. Гэтыя лекі ўваходзяць у рэакцыю паміж сабой, але і ў рэакцыю з травянымі гарбаткамі ці настойкамі. Прафесар Ілоны Вавер прыводзіць канкрэтныя прыклады.

-Мы п’ем настойкі з светаянніка, як сродак на дэпрэсію і паляпшэнне настрою. Святаяннік нельга спалучаць з іншымі сінтэтычнымі лекамі, якія дзейнічаюць у гэтым жа самым напрамку. Напрыклад, калі нам прапісалі мачагонныя лекі на паніжэнне ціску, то ні ў якім выпадку нельга піць зёлкі, якія таксама мачагонныя. А такіх зёлак ёсць вельмі шмат, як лісце крапівы, бярозы, палявы хвошч. Ёсць цэлыя мачагонныя травяныя сумесі. Што нам пагражае? Выдаленне з арганізму розных важных мінералаў. І тут хаваецца пагроза.

Чарговы прыклад – гэта антыбіётыкі. Ёсць мноства траў, якія будуць ускладняць засвойванне арганізмам антыбіётыкаў.

Асобнай групай, якая павінна быць вельмі асцярожнай не толькі з зёлкамі, але і іншымі біялагічна актыўнымі дабаўкамі, з’яўляюцца цяжарныя жанчыны. Усё таму, што гэтыя прэпараты не правераныя на цяжарных.

Прафесар Ілона Вавер рэкамендуе прытрымлівацца прынцыпу: усё ў меру. Кожныя зёлкі, калі іх піць без меры, ці піць на працягу многіх гадоў, могуць стаць небяспечнымі, прывесці нават да атручвання.

Як правільна разумець словы, што нельга спалучаць лекі з травамі. Што гэта азначае? Нельга запіваць травяной гарбатай, ці ўвогуле падчас лячэння нельга піць зёлак?

-Ёсць правіла, што напэўна адмаўляемся ад зёлак перад аперацыяй, перад дыягностыкай. Некаторыя травы трэба ўвогуле перастаць піць, напрыклад, калі гэта зёлкі-антыкаагулянты, калі нехта ў групе рызыкі інсульта ці інфаркту. Агульна існуе правіла, што лекі можна запіваць толькі вадой.

Некаторыя травы, асабліва тыя, якія ўзмацняюць перыстальтыку кішэчніка, могуць паменшыць усмоктванне некаторых лекаў. Да іх адносяцца альяс, корань крушыны, корань забою або ліст сенны.

Травы, якія выкарыстоўваюцца пры страўнікавых і рэспіраторных праблемах, якія змяшчаюць слізі, такія як лён, альтэя, трыпутнік, таксама могуць паменшыць усмоктванне лекаў, памяншаючы доступ лекаў да слізістай абалонкі кішэчніка.

ав

слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце