Беларуская Служба

«Як сказаў Янук Дарашкевіч, мы хочам тут жыць, як людзі, мы з гэтай зямлі»

31.10.2022 17:36
Агляд тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва» ад рэдактара Віталя Лубы.
Аўдыё
  • Агляд тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва» ад рэдактара Віталя Лубы.
  44
«Ніва» № 44screen http://niva.bialystok.pl/


Новая задума паэта і лесавода з Гарадоцкай зямлі Дар'юша Жукоўскага, – піша Міра Лукша, – гэта пайсці следам Яна Дарашкевіча з Меляшкоў, нашаніўскага паэта, які друкаваўся пад псеўданімам «Каршун» і панесці ягоныя словы з верша «Стогн», надрукаванага ў Вільні ў «Нашай ніве». «Справа ў тым, – сказаў нам Дарʼюш Жукоўскі, – што калі застаўся хоць адзін чалавек, які панёс бы нашы плакаты далей, то гэта пакажа, што словы паэта на роднай мове – вечныя. Як сказаў Янук Дарашкевіч, мы хочам тут жыць, як людзі, мы з гэтай зямлі». Удзельнікі акцыі сабраліся ў Меляшках на ўспамін ідэі Янука Дарашкевіча, які даклаў цаглінку да беларускай культуры, і не можа быць забыты. Кожнае паэтычнае слова Янука Дарашкевіча асабліва каштоўнае для нас, тутэйшых. Творы Янука Дарашкевіча праляжалі ў архіве ў Вільні сто гадоў. Дастаў іх і выдаў Сяргей Чыгрын у зборніку «Маркотныя зоркі», які і трапіў у Меляшкі. Знайсці яго можна ў святліцы і ў Андрэя Пятэльскага, які быў адзіным жыхарам вёскі, што далучыўся да маршу ў гонар Янука Дарашкевіча, контракцыі тым, хто адцінаецца ад родных каранёў. У старажытнай вёсцы Меляшкі (якой больш за 500 гадоў), жыве цяпер сорак семʼяў тутэйшых, і 48 прыезджых.


А жыхары Беластока мелі магчымасць сустрэцца з «жывым» класікам беларускай літаратуры – Уладзімірам Арловым – беларускім паэтам, пісьменнікам, публіцыстам, эсэістам. Аўтар выдаў больш за дваццаць тамоў прозы і некалькі зборнікаў паэзіі. У Польшчы выдадзены дзве яго кнігі прозы і зборнік вершаў. Ён – адзін з самых чытаемых беларускіх аўтараў, перакладаўся амаль на дваццаць моў свету. Уладзімір Арлоў не першы раз у Беластоку. Гэтым разам 19 кастрычніка ў Падляшскім інстытуце культуры адбылася творчая сустрэча з нагоды новага выдання ягонай легендарнай кнігі выбранай прозы «Ордэн Белай Мышы». Назву кнізе даў славуты перакладзены на некалькі еўрапейскіх моў твор, які натхніў вольных артыстаў-купалаўцаў – на выдатны аўдыёспектакль. У сустрэчы прыняў удзел вядомы беларускі музыка, кампазітар і тэатральны прадзюсар Раман Арлоў, які таксама не першы раз у Польшчы і на Падляшшы, у выкананні якога прагучала ўлюбёная песня Уладзіміра Арлова. Раман – аўтар дзясяткаў хітоў папулярных беларускіх артыстаў, аўтар рок-фольк опер «Чарадзей» і «Еўфрасіння», а таксама цыкла музычных казак. Уладзімір Арлоў сказаў, што палітыка беларускай дзяржавы ўскладняе яму выхад на шырокую аўдыторыю: літаратар занесены ў чорны спіс пісьменнікаў, якім забаронена сустракацца са школьнікамі, студэнтамі, ніводная бібліятэка не можа запрасіць яго на аўтарскі вечар. Аднак пасля таго, як Арлова ўзнагародзілі званнем «Еўрапейскі паэт свабоды», яго кнігамі зацікавіліся перакладчыкі. Госці вечара змаглі набыць кнігі Арлова, атрымаць аўтограф аўтара і паслухаць сакрэты творчай майстэрні беларускага класіка і маэстра выступленняў.


У Беларускім ліцэі ў Гайнаўцы 18 кастрычніка адбылося ўручэнне стыпендый Фонду імя прафесар Сімоны Косак лепшым вучням сярэдніх школ Гайнаўскага павета, – піша Аляксей Мароз. – Сярод 36 узнагароджаных асоб было ажно 26 вучняў Гайнаўскага белліцэя. Патрон узнагароды – біёлаг, прафесар лясных навук, папулярызатар навукі і аўтар прыродазнаўчых радыёперадач і фільмаў Сімона Косак дзейнічала ў карысць аховы прыроды, перш за ўсё Белавежскай пушчы. Сімона Косак памерла вясной 2007 года і ўжо восенню гэтага ж года быў заснаваны стыпендыяльны фонд яе імя ў падтрымку лепшых вучняў гайнаўскіх сярэдніх школ. Дырэктар Гайнаўскага белліцэя Ігар Лукашук адзначыў, што перавага вучняў белліцэя ў агульным ліку стыпендыятаў сведчыць аб высокім ўзроўні навучання ў яго школе. Многія ліцэісты высокаматываваная да вучобы, знаходзяць у школе прастору для рэалізацыі сваіх здольнасцей і талентаў і гэта дае поспехі. Ужо ў гэтым навучальны годзе многа белліцэістаў прыступілі да школьных элімінацый прадметных алімпіяд. Пасля абмежаванняў, выкліканых эпідэміяй каранавіруса, у ліцэі адраджаецца школьнае жыццё. Ёсць вялікае зацікаўленне першакласнікаў удзелам у танцавальным калектыве, вакальным калектыве «Знічка», тэатральным гуртку «Драма» і ў іншых пазаўрочных занятках.


У рэпартажы з Кляшчэль Аляксандр Вярбіцкі піша пра будову новых чыгуначных прыпынкаў у гэтай гміне. У гмінным цэнтры значна бліжэй горада, чым дасюлешняя станцыя, дзе старэнькі вакзальны драўляны будынак ледзь трымаецца, узводзіцца новае вакзальнае памяшканне. На новы лад аднавілі таксама прыпынак Сухавольцы. Аўтару акурат давялося быць там у разгар працы. Наогул здаецца, што зараз тратуарныя работы выконваюцца без спешкі, абы дзень да вечара. Аднак на прыпынку ў Сухавольцах журналіст убачыў даволі нечаканую ў цяперашні час сцэну. Было як на кінахроніках з будаўніцтва ў нас новага грамадскага ладу ў пасляваенных гадах. Брускі для тратуара рабочыя ўвішна кідалі папарна з рук у рукі і гэтак жа шпарка клалі тратуар. Сонейка ўжо хавалася за лес, а яны шпарылі, можна сказаць, па-стаханаўску, не для нейкай кіна- ці тэлехронікі, але папросту каб хутка завяршыць работу. І ніўскаму рэпарцёру ўдалося ўдастоіцца гонару першым прайсці па новым тратуары на чыгуначны прыпынак Сухавольцы...


Больш на гэтую тэму: Беларусы ў Польшчы