Польскія кампаніі і навукова-даследчыя інстытуты прымалі актыўны ўдзел у больш чым 80 місіях, арганізаваных Еўрапейскім касмічным агенцтвам. Сёлета спаўняецца 10 гадоў з дня далучэння краіны да гэтай арганізацыі.
Старшыня Польскага касмічнага агенцтва (POLSA) прафесар Гжэгаж Врохна(Grzegorz Wrochna) ацаніў, што дзякуючы сяброўству ў Еўрапейскім касмічным агенцтве ў Польшчы развілася новая галіна эканомікі:
- Зараз касмічны сектар аб’ядноўвае некалькі дзясяткаў кампаній, якія спецыялізуюцца ў касмічных тэхналогіях. 150 з іх, у рамках Еўрапейскага касмічнага агенцтва, заключылі кантракты на пастаўкі розных тавараў і паслугаў. Зараз нас чакае вышэйшы ўзровень, то бок пастаўкі не толькі паасобных кампанентаў, але камплектных сістэмаў, а можа нават спадарожнікаў.
Адной з польскіх кампаній, якія супрацоўнічаюць з Еўрапейскім касмічным агенцтвам, зʼяўляецца InPhoTech, якая займаецца оптавалакновай фатонікай. Віцэ-старшыня па развіцці бізнесу Тадэвуш Тэндaрэнда(Tadeusz Tenderenda) сказаў, што яго кампанія, разам з Сілезскім цэнтрам авіяцыйных тэхналогій, распрацавалі інтэлігентны кампазітны матэрыял, які будзе выкарыстоўвацца ў канструкцыі спадарожнікаў:
- Мы яго называем інтэлігентным, паколькі ў ім знаходзяцца оптавалокны, якія дзейнічаюць, як датчык. Гэта значыць, што аптычнае валакно можа быць не толькі выкарыстанае для транспарту дадзеных, але таксама для іх збору. Аптычнае валакно змешчанае ў кампазітным матэрыяле можа збіраць інфармацыю пра ўсю канструкцыю – пра тэмпературу, напружанне, дэфармацыю.
У апошнюю пятніцу ў сядзібе Міністэрства развіцця і тэхналогій было падпісанае пагадненне аб стварэнні ў Польшчы Бізнес-інкубацыйнага цэнтра Еўрапейскага касмічнага агенцтва(ESA BIC Poland). Яго мэтай будзе развіццё польскіх стартапаў, якія выкарыстоўваюць касмічныя тэхналогіі.
Паводле дадзеных POLSA, у касмічнай галіне ў Польшчы дзейнічае каля 400 субʼектаў, якія працаўладкоўваюць каля 12 тысяч чалавек. 300 з іх супрацоўнічаюць з Еўрапейскім касмічным агенцтвам на пастаяннай аснове.
IAR /аз