Беларуская Служба

Чым адрозніваецца стыль адзення беларусаў, палякаў і ўкраінцаў?

29.11.2022 09:00
У гутарцы са стылісткай – таксама пра актуальныя тэндэнцыі ў модзе.
Аўдыё
  • Стылістка пра стыль адзення беларусаў, украінцаў і палякаў
 .   ,  -  .
Ілюстрацыйны здымак. Па словах стыліста, украінцы - вельмі стыльныя. фота: vovk.com

Госць нашай перадачы – стылістка Ганна Прышывалка. На працягу апошніх двух гадоў яе жыццё было вельмі насычаным. Пасля выбараў 2020 года, калі пачаліся рэпрэсіі ў адносінах грамадзянскай супольнасці, Ганна была прымушаная пакінуць Беларусь, перабралася жыць у Кіеў, але ў лютым пачалася вайна Расіі супраць Украіны, і Ганна зноў пачала шукаць больш бяспечнае месца на свеце. У выніку яна трапіла ў Польшчу, дзе і жыве ў сталіцы.

Мы сустрэліся з Ганнай у Беларускім доме ў Варшаве, дзе яна прысутнічала на сустрэчы з мясцовымі беларусамі на своп-вечарыне (swap party). Была нагода задаць пытанне пра розніцы ў стылі адзення беларусаў, палякаў ды ўкраінцаў. Спецыялістка кажа, што ёсць адрозненні, а найбольш яе здзівіла польская вуліца.

- У Мінску моладзь вельмі крэатыўная. Я гэта звязваю з аднаго боку з высокім узроўнем інтэлекту, а з другога пры гэтым – адсутнасцю фінансавых магчымасцяў. Але ў іншым нельга сказаць, што беларусы – стыльныя, мабыць, у іх столькі важнейшых праблем, што стыль адыходзіць на далёкі задні план. Украінцы – вельмі яркія і модныя. А што я заўважыла ў Варшаве – тут вельмі задбаныя мужчыны ў параўнанні з Беларуссю і Украінай. Палякі – стрыманыя, але нельга іх назваць вельмі прагрэсіўнымі. Гэта мяне крыху збянтэжыла.

У стылі вопраткі, таксама, як у іншых галінах жыцця, ёсць перыяды, калі прысутнічаюць пэўныя модныя хвалі. На працягу апошніх 100 гадоў, калі прыняць нейкі перыяд, можна было прасачыць тэндэнцыі ў стылі вопраткі. Скажам, адно было папулярна і модна ў 60-ыя гады, іншае – у 80-ыя, у 90-ыя і гэтак далей. А з нейкага часу ўжо няма такіх выразных трэндаў, ёсць розныя тэндэнцыі, бываюць модныя такія, а не іншыя колерныя гамы, але людзі носяць практычна ўсё, што ім падабаецца, што ім пасуе і ў чым адчуваюць сябе камфортна. З гэтым згаджаецца наш госць – цяпер вельмі цяжка выдзеліць нейкія канкрэтныя моды. Ёсць мікра- і макратрэнды, адзін з галоўных – персаніфікацыя стылю – модна быць самім сабою.

- Мы не ў 60-ых, калі сапраўды былі вельмі выразна абмежаваныя сілуэты, колеры. Цяпер мы зайшлі ў перыяд, калі кіруюць трэнды. Ёсць мікратрэнды, скажам, даўжыня спаднічкі, і макратрэнды – экалагічнасць, другаснае спажыванне. Адзін з важнейшых макратрэндаў – персаналізацыя, самаідэнтыфікацыя – модна быць самім сабою, але гэта павінна быць цікава для атачэння. Модны вобраз атрымліваецца тады, калі табе ёсць што сказаць пра сябе і калі іншым гэта цікава.

Як ужо згадала наша госць, на хвалі модных трэндаў цяпер экалагічнасць. Усё больш людзей звяртае ўвагу на гэты аспект, для іх важна, каб вопратка была выкананая з экалагічных матэрыялаў, найлепш натуральных, паколькі выраб вопраткі – гэта выключна не экалагічная галіна прамысловасці. І на гэтай хвалі ўсё больш моднымі становяцца рэчы з другой рукі. Гэта асабліва заўважальная тэндэнцыя сярод маладых людзей, якія не саромеюцца таго, што носяць ужываныя рэчы, а некаторыя, наадварот, гэтым ганарацца. Напрыклад, мой сын, якому 20 гадоў, ахвотна купляе ўжываныя рэчы, хаця і няма такой фінансавай неабходнасці.

- Яны нарадзіліся на гэтай хвалі, карыстаюцца іншымі крыніцамі інфармацыі ў адрозненні ад нас з вамі. Маладыя разумеюць, што падкрэсліць сваю індывідуальнасць – гэта класна. Тут, у Варшаве, я заўважыла вялікі попыт на вінтажныя рэчы, ёсць цэлыя маркеты вінтажных рэчаў. І гэта так здорава, калі знаходзіш добра захаваную рэч, скажам, 70-ых, 80-ых гадоў.

нг