Беларуская Служба

Рэжым Лукашэнкі шмат гадоў маніпулюе грамадствам пры дапамозе страху і тэмы крызісу

06.12.2022 16:25
Цяпер улады ўвялі новыя элементы.
Аўдыё
  • Рэжым маніпулюе грамадствам
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Matryx/pixabay.com/CC0 Public Domain

Шмат гадоў Лукашэнка прасоўвае сярод беларусаў камунікацыю, якая базуецца на страху – маўляў, у Беларусі не можа быць выбараў, бо прыйдуць бандыты і захопяць уладу. Гэтая тэма страху эксплуатуецца рэжымам дзеля таго, каб напужаць людзей, каб у іх не ўзнікла ідэя нешта мяняць. Магістр палітычных навук Андрэй Калаўр кажа, што Лукашэнка ўмела карыстаецца метафарамі, каб уплываць на падсвядомасць насельніца. Палітолаг правёў аналіз выступаў Лукашэнкі за апошнія некалькі гадоў.

- Асноўны яго мэсідж – гэта пагрозы: калі вы прагаласуеце за кагосьці іншага, будзе вайна, будзе рэвалюцыя. Наступнае – выкарыстанне крызісу, напрыклад, падчас выступаў Лукашэнкі на заднім фоне паказваюць нейкія пратэсты ў свеце, выкарыстоўвае канспіралогію – у НАТА ёсць план, яны нас хочуць захапіць. Страх – гэта элемент кантролю, дзяржава пры дапамозе страху папярэджвае грамадзян, якія будуць наступствы, калі яны будуць супраць. Улада спрабуе ўсталяваць ментальны кантроль над людзьмі. Такім чынам улады спрабуюць таксама камунікаваць з элітамі – калі пяройдзеце чырвоную лінію, будуць праблемы.

Аўтарытарны дыскурс страху працуе толькі тады, калі няма альтэрнатываў таму курсу, які праводзіць дзяржава. Аднак у Беларусі да выбараў 2020 году склалася сітуацыя, калі такія альтэрнатывы з’явіліся. Людзі ў вялікай ступені перасталі давяраць уладам і асабіста Лукашэнку. На працягу апошніх двух гадоў улады стараюцца пераасэнсаваць мэсідж страху, каб зноў ён пачаў працаваць, – адзначае палітолаг.

- Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў 94-ым годзе з праграмай «адвесці народ ад прорвы» і пастаянна казаў адно і тое ж, гэта з часам стала неэфектыўна. Таксама з’явілася шмат альтэрнатыўных крыніц інфармацыі, адбылася электаральная рэвалюцыя, страх знік. Улада ўзялася за пераасэнсаванне, як страх зноў прасоўваць у грамадстве. З’явіліся пакаяльныя відэа, пачалі прасоўваць патрыятычнае выхаванне ў школах, арміі, нават бальніцах.

Прапаганда дзейнічае на людзей, прасоўваючы тэзіс аб тым, што «не ўсё так адназначна» і распальваючы варажнечу паміж людзьмі. Таму важна не будаваць муры ўнутры грамадства, а старацца данесці праўдзівую інфармацыю да тых, хто застаўся ў Беларусі. Тыя, хто знаходзіцца за мяжой, могуць распаўсюджваць інфармацыю праз сацсеткі, паколькі ім не пагражае небяспека, – кажа прадстаўніца ініцыятывы «Сумленныя людзі» Алена Жываглод.

- У кожнага з нас ёсць сацыяльныя сеткі, якія чытаюць беларусы. Нават калі мы будзем проста пісаць у сацсетках свае заўвагі або рэпосціць, гэта ўжо дапамагае фармаваць інфармацыйнае поле ў тых, хто ўнутры краіны. Нас не пасадзяць, а іх за рэпосты, каментар могуць пасадзіць. Другое – асабісты кантакт, узаемадзеянне са сваім атачэннем, гэта ўжо поле для дзеяння для тых, хто застаўся унутры Беларусі.

Нават у сённяшняй Беларусі можна дапамагаць людзям знаходзіць альтэрнатыўную інфармацыю, перш за ўсё сваім блізкім і знаёмым. Гэта стратэгія малых крокаў, якая дазваляе фармаваць устойлівасць грамадства на прапаганду – адзначыла Алена Жываглод у рамках публічнай дыскусіі «Updated аўтарытарызм. Што мы ведаем пра прапаганду ў Беларусі і як ёй супрацьстаяць?».

нг