Беларуская Служба

Палякі не прывіваюцца супраць грыпу

08.12.2022 09:31
Паводле дадзеных, дагэтуль у Польшчы прышчэпку супраць сезоннага грыпу атрымалі менш за 650 тысяч чалавек.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Capri23auto/pixabay.com/CC0 Public Domain

Ужо амаль мільён палякаў захварэлі на грып і грыпападобныя інфекцыі ў цяперашні эпідэмічны сезон. Больш за 3 350 чалавек былі шпіталізаваныя. Дагэтуль у Польшчы прышчэпку супраць сезоннага грыпу атрымалі менш за 650 тысяч чалавек.

У Сенаце(вышэйшай палаце польскага парламента) прайшлі дэбаты па сітуацыі ў сувязі з павелічэннем колькасці захварэлых і нізкай колькасцю прывітых. Намеснік міністра аховы здароўя Вальдэмар Краска(Waldemar Kraska) падкрэсліў, што бясплатна прывіцца супраць грыпу могуць некалькі групаў пацыентаў:

- Вакцына бясплатная ў выпадку цяжарных жанчын і асобаў, якім больш за 75 гадоў. 50-працэнтнай скідкаў могуць скарыстацца дзеці, якім больш за 6 месяцаў і не больш за 18 гадоў, група пацыентаў ад 18-65 гадоў, для якіх грып асабліва небяспечны, а таксама асобы, якім ад 65 да 75 гадоў жыцця.

«Нядаўна ў Польшчы былі ўведзеныя дадатковыя аблягчэнні па вакцынацыі супраць грыпу: зрабіць прышчэпку можна ў аптэцы, а неабходны лекарскі агляд можа правесці медсястра або парамедык. Вальдэмар Краска дадаў, што плануецца таксама выдача электроннага рэцэпта на вакцыну:

- Гаворка ідзе пра тое, каб супраць грыпу можна было прывівацца ў аптэцы без неабходнага скіравання ад лекара. Нагадваю, падобным чынам гэта адбывалася ў выпадку вакцынацыі супраць COVID-19, калі мы ўсе атрымлівалі электронныя рэцэпты на вакцыну. Зразумела, гэта за выключэннем рэцэптаў для асобаў, якіх датычаць розныя ільготы.

Вакцыны супраць сезоннага грыпу даступныя ў Польшчы са жніўня. Эксперты дадалі, што назіраецца спад зацікаўлення вакцынацыяй.

IAR/аз

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка