У мінулыя выходныя прайшоў так званы «Уікэнд цудаў» – валанцёры адправіліся дапамагаць самым бедным сем’ям і адзінокім асобам. У суботу і нядзелю яны прыйшлі ў дамы прыкладна 15 тысяч сем'яў па ўсёй Польшчы. Мерапрыемства прайшло ў рамках кампаніі «Szlachetna paczka» – шляхетная або высакародная пасылка. Ініцыятар кампаніі – Таварыства «Вясна» задумала як у якасці матэрыяльнай дапамогі канкрэтным людзям, каб ахвярадаўцы дакладна ведалі, каму яны аказваюць падтрымку, а не аддавалі свае грошы або матэрыяльныя дары камусьці, хто далей іх будзе размяркоўваць. Валанцёры шукаюць асоб, якія знаходзяцца ў цяжкім матэрыяльным становішчы, распытваюць, якая дапамога ім неабходная, а пазней шукаюць жадаючых аказаць гэтую дапамогу. Часта цэлыя школы або асобныя класы, а таксама фірмы, бяруць шэфства над сям’ёю або адзінокім чалавекам і купляюць патрэбныя рэчы.
Для арганізатараў акцыі і валанцёраў перадапошнія выходныя перад святамі – гэта два самыя важныя дні ў годзе. Ахвярадаўцы прывозяць пасылкі на склады, адкуль яны дастаўляюцца тым, для каго прызначаныя. Унутры ёсць прадметы першай неабходнасці: прадукты харчавання, бытавая хімія, адзенне, а таксама рэчы, якія не могуць сабе дазволіць атрымальнікі.
Старшыня Таварыства «Вясна» Яанна Садзік спадзяецца, што сёлета на святы ніхто не застаўся без дапамогі.
- Я не ўяўляю сабе, каб якая-небудзь сям’я, якую наведалі валанцёры і гісторыя якой апісана на нашым сайце, засталася без дапамогі.
У суботу і нядзелю валанцёры пагрукалі ў дзверы самых розных людзей, якіх звязвае адно – ім самім цяжка справіцца з жыццёвай сітуацыяй, у якую яны трапілі. Гэта можа быць шматдзетная сям’я, у якой нехта з дарослых хворы або беспрацоўны, гэта могуць быць адзінокія людзі, якім не хапае пенсіі або заробку нават на сціплае жыццё.
Валанцёрка Алівія ўдзельнічае ў кампаніі ўжо два гады. Яна распавядае, наколькі важная такая падтрымка.
- Мы, валанцёры, заўсёды адказваем на просьбу аб дапамозе, заўсёды адгукаемся, падказваем, робім усё, што ад нас залежыць. Трэба памятаць, што нашыя дары – гэта не толькі матэрыяльная дапамога, яны таксама даюць надзею і сілы, каб далей жыць.
Здаровы ў псіхалагічным плане чалавек спачувае іншым людзям, калі яны трапілі ў цяжкую сітуацыю, у яго паяўляецца жаданне дапамагчы такому чалавеку. Дабрачынная акцыя адказвае на патрэбы ўсіх бакоў – як тых, каму патрэбная дапамога, так і ахвярадаўцаў, – кажа каардынатар кампаніі ў Сілезіі Бажэна Байгер-Бадура.
- У нас ёсць патрэбнасць рабіць дабро, і мы можам гэта адкрыць у іншых людзях. Так што мы можам атрымаць трайное задавальненне – мы самі дапамагаем іншым, задавальненне сем’яў – яны атрымліваюць дапамогу, якая ім вельмі патрэбная, а таксама гэта дае задавальненне ахвярадаўцам – асобам, якія перадаюць дары. Валанцёры развозяць пасылкі ў сем’і, пазней мы разам з сем’ямі гэтыя дары распакоўваем, бачым радасць, эмоцыі на тварах людзей. А нават здзіўленне, што знайшоўся нехта, хто падумаў пра гэтую сям’ю. Сем’ям гэта прыносіць шмат эмоцый і ўзрушэння, а памяць пра гэты дзень застаецца надоўга ў іх сэрцах, таксама, як у сэрцах валанцёраў.
Кажуць, што сыты не разумее галоднага, а багаты – беднага. Магчыма, таму часта ахвярадаўцамі становяцца людзі, якія самі не могуць назваць сябе вельмі багатымі, але яны разумеюць, што значыць нястача і як цяжка прызнацца іншым, што ты не спраўляешся з жыццём у дадзеным моманце. Дары дапамагаюць выйсці з цяжкага становішча, – адзначае каардынатарка акцыі Караліна Магрысь.
- У сем’ях, якія атрымліваюць дапамогу ў рамках акцыі «Шляхетная пасылка», сярэдні даход на аднаго чалавека складае 13 злотых 11 грошай на адзін дзень (менш чым $3) – гэта тыя грошы, якія застаюцца на жыццё пасля аплаты кватэры, усіх рахунках і пакупкі лякарстваў. Многія з нас не заўважаюць, што, магчыма, за сцяной або па другім баку вуліцы жыве чалавек, якому неабходна дапамагчы. Тым часам, 1 млн 600 тысяч палякаў, у тым ліку 333 тысячы дзяцей жылі ў мінулым годзе за сродкі, якія былі меншыя за пражытачны мінімум, гэта значыць, у крайняй галечы.
Сярод адрасатаў дапамогі – між іншым 10-гадовы Ян, які атрымаў ложак, каб ён мог спаць асобна, а не на адным ложку з бацькам, пан Караль з псіхічнымі адхіленнямі, які атрымаў алейны радыятар, пані Анэта, для якой падрыхтаваны курс павышэння прафесійнай кваліфікацыі.
Шляхетная пасылка – адна з найбольш вядомых сацыяльных праграм у Польшчы. Яна дзейнічае з 2001 года.
нг